ПАД ЗНАКАМ ПАГОНІ
- Автор: Малецкі Язэп
- Год: 1976
- Язык: белорусский
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «ПАД ЗНАКАМ ПАГОНІ». Краткое содержание книги:
Язэп Малецкі
— Мо трэба дзе схавацца, войча? — сказаў я, узрушаны.
— Нікуды не зварухнуся. Божая воля, што будзе, тое будзе, — закончыў кс. Гадлеўскі.
Тут я прыпомніў, што час хадзьбы ў Менску абмежаваны й зь сьлязьмі разьвітаўся з нашым народным змагаром, абяцаючы, што будзем падымаць усю грамадзкасьць у яго абароне.
Назаўтра я запытаўся др. Ермачэнка:
— Як вы гэта маглі дапусьціць да такіх сварак і да даносаў на кс. Гадлеўскага?
— Я асабіста не настаўлены варожа да Галоўнага Інспэктара, але кс. Гадлеўскі мае непаразумленьні зь Сініцай і іншымі Немцамі, а я на гэта ня маю ніякага ўплыву, — адказаў Ермачэнка.
Два дні пасьля маіх наведзінаў, ці бо на Каляды 1942 году, кс. В. Гадлеўскі быў арыштаваны менскім СД і, паводле навочных сьведкаў, таго самага дня вывезены да Рыгі, у галоўнае СД на тэрыторыі Остлянду, дзе знаходзіўся райхскамісар Лёзэ. Там, відавочна, ён і быў замучаны.
Кс. В. Гадлеўскі быў вялікай ахвярай на нашым нацыянальным аўтары, ня толькі як мучанік, але й як змагар вялікага стылю за вызваленьне беларускага народу. Таму тыя, на чыім сумленьні ёсьць хоць кропля віны ў ягонай сьмерці, хай каюцца перад Богам і перад сваім народам. Благое часам можа пайсьці ў забыцьцё, але гераічная пастава волата-пакутніка В. Гадлеўскага будзе нам сьвяціць вечна.
АБ НЕКАТОРЫХ БЕЛАРУСАХ У БАРАНАВІЧАХ
Пры маёй бытнасьці ў Баранавічах наглядалася вялікая зыгранасьць там беларускае інтэлігенцыі. Паважнейшых разыходжаньняў, сварак ня было. Усе дружна стаялі за працу для ўздыму й разьвіцьця беларускае нацыянальна-культурнае справы, за вырываньне ад Немцаў як найбольш для гэтага ўступак. Таму ніхто не стараўся выбіць таго ці іншага зь сядла, але, наадварот, намагаўся яго падтрымаць і ўмацаваць. У гэтым і быў галоўны сакрэт вялікага беларускага нацыянальнага ўздыму ў Баранавічах і Баранавіцкай акрузе. Успомню тут колькі важнейшых баранавіцкіх дзеячаў.
Найперш трэба сказаць колькі словаў пра бурмістра Баранавічаў, Юрага Сабалеўскага, які, пасьля «дэтранізацыі» ў Менску др. Ермачэнка пераняў там Самапомач ды быў віцэпрэзыдэнтам Беларускае Цэнтральнае Рады.
Юры Сабалеўскі, аграном па прафэсіі, стары беларускі дзеяч Заходняй Беларусі, у 1922 годзе выбраны беларускім паслом у польскі сойм, пазьней сябра Беларускае Сялянска-Работніцкае Грамады. Ёй любіў часта паўтараць фразу: «Малы чалавек — малы клопат, большы чалавек — большы клопат». Ён вывучаў кожнага значнага Беларуса, стараўся справядліва яго схарактарызаваць, ацаніць, прыслухоўваўся да ягоных выказваньняў і поглядаў. Пісаў нават на кожнага аграмадную біяграфію. Урыўкі з гэтых нарысаў любіў чытаць іншым. Ягоныя характарыстыкі не заўсёды супадалі з запраўднасьцю. Хутчэй выражалі яны ягоную суб'ектыўную ацэнку й погляды.
У часе «ўлады» Сабалеўскага ў Баранавічах можна было назіраць схільнасьць у яго да нямецка-аўстрыйскай школы адміністраваньня. Ён завёў строгі «кайзэрскі» парадак: увайшоў у гарадзкую ўправу ня ськінуўшы шапку — 5 марак штрафу; спазьніўся на працу — 10 марак; прыйшоў падпіты — гэта небясьпечна! — назаўтра, ці ты работнік, ці інжынер, ці доктар, сядзеш на бочку, у якой вывозіліся з гораду нячыстоты, да будзеш на ёй цэлы дзень езьдзіць. Супраціў не памагаў — ён звальняў з працы. Не памагалі таксама пробы ўмешваньня ў гэткія строгія парадкі іншых нашых дзеячаў, што дакаралі бурмістра за ягоныя сярэднявечныя практыкі. Ён цьвёрда казаў: «Людзей трэба выхоўваць!» А калі яму казалі, што ў часе вайны гэткія мэтады служаць нашым ворагам, ён спакойна адказваў: «Кожны рэжым патрабуе парадку й дысцыпліны». І запраўды, нічога супроць яго ня можна было зрабіць, каб адначасна не панізіць ягонага аўтарытэту, як бурмістра, зь якім лічыліся Немцы.
Гэта Сабалеўскі дамогся ў гэбітскамісара Баранавіцкай акругі, каб усе каталіцкія ксяндзы й праваслаўныя сьвятары гаварылі ў сьвятынях казаньні й павучэньні ў беларускай мове. Акцыя гэтая была праведзеная па ўсёй акрузе. Гэта ён асабліва ўспамагаў Мастацкую й Ткацкую Школы ды зьвярнуў увагу Немцаў і таксама прадстаўнікоў іншых нацыянальнасьцяў на высокія мастацкія якасьці беларускага народнага мастацтва. Праз наладжаную Беларускай Самапомачай аграмадную выставу народнага мастацтва ў Баранавічах, што займала колькі будынкаў, прайшло больш 20 тысяч чалавек. А ў наладжваньні выставы немалая была заслуга Юрага Сабалеўскага.