ПАД ЗНАКАМ ПАГОНІ
- Автор: Малецкі Язэп
- Год: 1976
- Язык: белорусский
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «ПАД ЗНАКАМ ПАГОНІ». Краткое содержание книги:
Язэп Малецкі
Назаўтра, як і дня папярэдняга, ад раніцы ў Росіцы было так страшна, як пры канцы сьвету. Мястэчка гарэла, страляніна, лямант, роспач людзей, якіх выцягвалі на забіцьцё. Каля 10-й… загадалі а. Юру штосьці ўзяць на дарогу, было пэўна, што толькі дзеля вока, ды ехаць разам з фурманкамі. Прыйшоў айцец на плябанію даць нам яшчэ абсалюцыю, штосьці забраў з сабой і нам дазволілі адвесьці яго да фурманак на касьцельны пляц. Ніхто з афіцэраў айцом ужо не займаўся, ён застаўся зь людзьмі, чакаючы на загад. Разглядаўся яшчэ, ці ня знойдзе каго знаёмага, а нас прасіў, каб мы паведамілі іншых айцоў аб яго сьмерці.
Пасьля пачалі ладаваць людзей на фурманкі. Дзеці, не разумеючы справы, сварыліся за месцы, айцец іх супакойваў. І цэлы канвой, пад эскортай жаўнераў, вырушыў. Мы засталіся адны ў вялікім смутку. Латышу мы сказалі, што хочам ісьці да касьцёла й разам зь людзьмі памерці, калі ўжо няма ксяндзоў. Ён сказаў гаварыць аб гэтым афіцэру ў плябаніі. Калі мы, парадзіўшыся з сабой, гэта зрабілі, яны пастанавілі адвезьці нас да Друі. І гэтак зрабілі.
Адзін жаўнер, які ехаў разам са мной, быў сьведкам, як расстралялі айца Юрага. Ён акуратна яго апісаў, усё згаджалася — ягоны выгляд і рост, адзежа, гранатавы плашч і г. д. Расказваў, што спачатку ніхто не хацеў ісьці ў хату, але калі айцец першы ўвайшоў, за ім пайшлі людзі, і іх пасьля забілі й спалілі…
Я, а таксама іншыя сёстры, якія там працавалі, перакананыя, што айцы прынялі пакутніцкую сьмерць толькі дзеля вернасьці сьвятарскаму абавязку. Мелі-ж яны магчымасьць пакінуць Росіцу, націскалі іх да гэтага Немцы, калі асьцерагалі перад знішчэньнем мястэчка. Яны самі пастанавілі застацца зь людзьмі й за гэта забілі іх Немцы, каб ня было сведкаў іхных забойстваў.
Таму, што находы партызанаў былі справай часта агульна ведамай, дык ніхто з гэтым не хаваўся. Не таіліся з гэтым таксама й айцы. Хто-б гэтаму пярэчыў, што добра было ведама Немцам, таму пагражала сьмерць. У адной сям'і хтосьці спужаўся й запярэчыў, што былі партызаны. Уся сям'я была расстраляная, толькі двое дзяцей пасьпелі ўлезьці пад ложка й ацалелі.
Да падобнага трагічнага выніку ледзь не дайшло й у нас. Наваліліся раз Немцы на нашу плябанію й на нашае памяшканьне з крыкам, ці былі тут партызаны. Адна сястра спужалася й запярэчыла. Тады зараз накіравалі на яе вінтоўкі, каб расстраляць. Яна-ж хапіла крыжык, каб ім засланіцца, але ўбег а. Ляшчэвіч, тлумачачы, што сястра спужалася. Немцы ўсё-ж былі перакананыя, што айцы ня маюць нічога супольнага ані з аднымі, ані з другімі, а толькі пільнуюць сваёй працы…
Вышэй напісанае сьведчанне прачытала, прызнаю за сваё й згоднае з праўдай, і як такое пацьвярджаю сваім подпісам ды гатова для сьцьверджаньня прысягнуць.
Дня 8.12.1964 г.
Сястра Яніна Т.»