Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » История » Беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае
Беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае

Электронная книга - «Беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае». Краткое содержание книги:

Гэта — яго кніга жыцця. «Беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае» — апошняя кніга гісторыка Міколы Ермаловіча (1921–2000), якая пабачыла свет ужо пасля смерці аўтара. М. Ермаловіч працаваў над ёй да апошніх дзён, паспеўшы ўнесці ўсе неабходныя праўкі і дапаўненні. У адпаведнасці з поглядамі аўтара, Вялікае княства Літоўскае паўстала пасля заваявання Літвы князем-наёмнікам Міндоўгам, прынятым у Новагародак на «службу». Сама ж летапісаня Літва знаходілася на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Таму Вялікае княства Літоўскае названа беларускай дзяржавай.
Несавецкае бачаньне гісторыі Беларусі выклікала відавочнае раздражненьне ўладаў, некалькі разоў на кватэру да Ермаловіча работнікі КДБ прыносілі позвы з патрабаваньнем зьявіцца і разабрацца з «извечной самостоятельностью белорусов». Гістарычныя творы Ермаловіча ляжалі неапублікаванымі ў рэдакцыях часопісаў, нягледзячы на тое, што гэтыя працы былі вельмі папулярныя і ў вялікай колькасьці пашыраліся самвыдатам.
Гіпотэза Міколы Ермаловіча у канцы 1980-х–пачатку 1990-х гадоў адыграла значную ролю. Аўтар паказаў, што тэрыторыя летапіснай Літвы не тоесная тэрыторыі сучаснай Літоўскай рэспублікі. М. Ермаловіч звярнуў увагу на тое, што утварэнне і існаванне Вялікага княства Літоўскага не зводзілася да схемы захопу літоўскімі феадаламі саслабелых усходнеславянскіх земляў. М. Ермаловіч паслядоўна паказваў пагрозы існаванню ВКЛ і з Усходу, і з Захаду. Работы Міколы Ермаловіча паспрыялі абуджэнню як навуковай дыскусіі у гістарычнай навуцы, так і грамадскай свядомасці беларусаў.
1 ... 33 34 35 36 37 38 39 40 41 ... 93
Перейти на страницу:

Але, як мы ўжо ведаем, у апошні час на падставе новых крыніц сцвярджаецца аб існаванні яшчэ аднаго сына Гедзіміна — Вітаўта, які, будучы троцкім князем, і загінуў у 1341 г. пад Байербургам. I ўсё ж у праўдзівасці гэтага ёсць вялікія сумненні. Па-першае, вядома, што троцкім князем быў Кейстут. Зразумела, ён мог узысці на свой пасад пасля смерці Вітаўта. Але ж гэта магло адбіцца ў летапісах BKЛ, якія між тым Вітаўта не ўпамінаюць. Праўда, у крыніцах згадваецца сын Вітаўтаў Юрый. Сапраўды, у Пскоўскім I летапісе пад 1339 г. (у Пскоўскім II — пад 1341 г.) гаворыцца пра Юрыя (у адным месцы ён названы Георгіем) Вітаўтавіча, які быў ваяводам у Альгерда (у той час віцебскага князя) і дапамагаў пскоўцам у барацьбе з крыжакамі. Звычайна ваяводамі былі людзі спрактыкаваныя ў вайсковай справе. Такім чалавекам наўрад ці мог быць Юрый Вітаўтавіч, калі прыгадаць, што Гедзімін нарадзіўся, як лічаць некаторыя даследчыкі, каля 1275 г. 3 гэтага можна вывесці, што ягонаму ўнуку да 1339 г. магло быць 20–25 гадоў, а то і меней. Усё гэта робіць сцверджанне аб Вітаўце як сыне Гедзіміна і яго ўнуку праблематычным.

Аднак пяройдзем да разгляду падзей гпасля Гедзімінавай смерці. Як вядома, князь загінуў у самы разгар барацьбы з Ордэнам, які наступаў на Жамойць. Даведаўшыся пра гібель Гедзіміна, крыжакі яшчэ з большай рашучасцю сталі пранікаць у глыб зямлі і ўварваліся ў кернаўскія ўладанні Монвіда. Гэта і прымусіла яго зрабіць паход супроць Прускага ордэна. Крыжакі ў некалькіх сутычках былі разбітыя, а іх прымежная паласа — спустошаная, а магістр Людольф Кент вымушаны быў заключыць мір, у падпісанні якога ўдзельнічалі Альгерд і Кейстут, але не ўдзельнічаў Яўнут. Гэта ў ліку іншага сведчыць, што Яўнут тады вялікім князем не быў.

У сваю чаргу Любарт пачаў барацьбу з польскім каралём Казімірам за Валынскую зямлю, у выніку чаго яму ўдалося завалодаць Уладзімірам-Валынскім, Крамянцом і Белзам. Адначасова Кейстут і Альгерд арганізавалі набегі сваіх атрадаў на Мазовію, што ў значнай ступені дапамагло Любарту.

Віцебскія клопаты Альгерда

Аднак для нас найбольшую цікавасць, зразумела, мае Альгерд, удзелы якога — Крэўскі і Віцебскі — знаходзіліся на тэрыторыі Беларусі. Неадгароджваючыся, як мы бачылі, ад спраў іншых земляў дзяржавы, ён галоўную ўвагу ўдзяляў сваім уладанням, тым больш што аб’яднанне галоўнага масіву беларускіх земляў у адзінай беларускай дзяржаве надало ім моц і прыцягальную сілу і тым самым дало магчымасць далучаць да сябе іншыя землі. I тое, што не ўдавалася дасягнуць ранейшым беларускім дзяржавам (Полацкай, Турава-Пінскай, Новагародскай) паасобку, цяпер, дзякуючы аб’яднанню, стала магчымым.

Ужо пры Гедзіміне Полацкая зямля, значэнне якой у дзяржаве ўсё больш узмацнялася, аднавіла сваю ранейшую палітыку ў адносінах да Пскова і Ноўгарада, што і прывяло да першага канфлікту Беларусі з Масквой. Аднак гэта няўдача не спыніла Полаччыну ў далейшым аднаўленні сваёй палітыкі ў дачыненні да суседніх земляў, паколькі Альгерд, стаўшы віцебскім князем і тым самым зрабіўшыся гаспадаром усходняй часткі Полаччыны (успомнім, што яшчэ каля 1265 г. у грамаце віцебска-полацкага князя Ізяслава было сказана: «Полтеск Витьбеск адно есть»), не мог не ўспрыняць спрадвечнага яе імкнення да пашырэння на ўсход, што і прымусіла яго ўмяшацца ў справы суседняй Смаленшчыны. Гэтае княства ў той момант стала ахвяраю аб’яднаўчай палітыкі Масквы, якая адабрала ў Смаленска Мажайск. Вось гэты факт і даў магчымасць Альгерду зрабіць важны крок для збліжэння з суседняй зямлёй. Як вядома, у ранейшыя часы узаемныя адносіны Полацка і Смаленска не былі аднолькавымі: збліжэнні і саюзы змяняліся варожасцю і сутычкамі. I тое, і другое было вынікам разумення сваёй этнічнай еднасці, бо і Полацкая, і Смаленская землі ўсведамлялі сваю крывіцкую прыналежнасць. 3 аднаго боку, гэта збліжала іх, а з другога, выклікала супярэчнасці з-за першынства ў крывіцкіх землях.

Усведамленне сваёй этнічнай еднасці ў дачыненнях Полацка і Смаленска не страцілася і ў сярэдзне XIV ст. Зразумела, чаму Альгерд, які кіраваўся інтарэсамі Полацка-Віцебскай зямлі, прапанаваў Смаленску дапамогу ў вяртанні яму Мажайска. Аднак адваяваць яго не ўдалося, захоплены быў толькі ягоны прыгарад Цяшына. Узяўшы палон, Альгерд вярнуўся ў Віцебск. Хоць гэты паход і не быў паспяховым, аднак тым не менш паказаў Смаленску, што ён у выпадку наступу Масквы можа разлічваць на дапамогу Альгерда. Усё гэта ў далейшым, як убачым, і ўвасобілася ва ўцягненні Смаленска ў арбіту палітычнай залежнасці ад BKЛ.

Пра тое, што Альгерд працягваў аднаўленне ранейшай палітыкі Полацка ў дачыненні да яго суседзяў, пераканаўча сведчаць яго дзеянні ў адносінах да Пскоўскай зямлі. Як і пры Гедзімне, так і цяпер у разлік прымалася яе імкненне выйсці з-пад улады Ноўгарада, дзеля чаго пскоўцам патрэбна была дапамога супрацьлеглага, полацкага, боку. А менавіта тады, калі ў канцы 1341 г. лівонскія крыжакі зноў аднавілі свой наступ на Пскоўскую зямлю, пскоўцы звярнуліся па дапамогу да наўгародцаў, а тыя, як сведчыць Пскоўскі летапіс, адмовілі ім. I тады пскоўцы папрасілі падтрымкі ў Альгерда, на што той ахвотна адгукнуўся і прыйшоў у Пскоў. I не адзін, а з Кейстутам, што заслугоўвае асаблівай увагі.

У ранейшай гістарыяграфіі ўсе адзначаныя факты трактаваліся як пышырэнне далейшага літоўскага заваявання. Аднак усё гэта азначала далейшае пашырэнне беларускай дзяржавы шляхам працягу традыцыйнай полацкай палітыкі ў адносінах да паўночных і ўсходніх суседзяў. На гэта былі кінутыя ўсе сілы BKЛ, пра што і сведчыць прысутнасць у Пскове войскаў Кейстута. Для апошняга кідаць сваю Жамойць безабароннаю перад пагрозай узнаўлення крыжацкай навалы было небяспечна. Аднак інтарэсы Жамойці адыходзілі на другі план перад інтарэсамі Полацка, і Кейстут павінен быў — хацеў ён ці не хацеў — ісці са сваім войскам. Што гэты паход быў у інтарэсах Полацкй зямлі, сведчыць прысутнасць у ім і атрада палачанаў на чале з іх князем Любкам Воінавічам. Ён са сваім войскам быў пасланы да лівонскай мяжы, аднак, пацярпеўшы паражэнне ў сутычцы з крыжацкім атрадам, вымушаны быў адысці ў Ізборск, дзе і быў асаджаны крыжакамі. У сваю чаргу Альгерд разам з Кейстутам, ідучы ўслед за гэтым атрадам не пайшоў на дапамогу Ізборску, а, адступіўшы за левы бераг ракі Вялікай, назіраў за ходам баявых дзеянняў. Уначы князь Любка, ад’ехаўшы ад Альгерда і нічога не падазраючы, натрапіў на вартавы атрад немцаў і быў забіты. Гэтая трагічная падзея заслугоўвае асаблівай увагі, аб чым мы будзем гаварыць трохі пазней. Тым часам узятыя ў аблогу ізборцы прасілі Альгерда выступіць ім на дапамогу. Князь ім адмовіў, параіўшы больш рашуча адбівацца, у выніку чаго вораг сам адыдзе, як пасля дзесяцідзённых баёў і здарылася. Ёсць звесткі, што Альгерд паслаў некалькі сваіх атрадаў у межы Лівоніі, якія пачалі там рабункі. Крыжакі, што асаджалі Ізборск, мусілі ісці назад, каб бараніць сваю зямлю. Альгердавы атрады, у сваю чаргу, даведаўшыся пра зняцце аблогі Ізборска, выйшлі з Лівоніі.

Пскоўцы, узрадаваныя, што пазбавіліся нямецкай навалы, пачалі прасіць Альгерда стаць іх князем. Аднак ён адмовіўся і замест сябе прапанаваў ім свайго маладога сына Андрэя, які быў ахрышчаны і ўзведзены на княскі пасад у Пскове.

Вось тут і ўзнікае пытанне: «Навошта было хрысціцца Андрэю, калі ён быў ахрышчаны, пра што сведчыць яго хрысціянскае імя?» Перад гэтым пскоўцы, просячы самога Альгерда стаць іх князем, таксама хацелі яго хрысціць. І зноў такі, чаму нехрышчоны бацька даў свайму сыну хрысціянскае імя і ці мог быць язычнік віцебскім князем. Па ўсім відаць, што ў Пскове князь — незалежна ад таго быў хрышчоным ці не — узыходзячы на пасад, павінен быў усенародна хрысціцца. Інакш растлумачыць супярэчнасці летапіснага сведчання проста немагчыма.

1 ... 33 34 35 36 37 38 39 40 41 ... 93
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)