Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » История » Беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае
Беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае

Электронная книга - «Беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае». Краткое содержание книги:

Гэта — яго кніга жыцця. «Беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае» — апошняя кніга гісторыка Міколы Ермаловіча (1921–2000), якая пабачыла свет ужо пасля смерці аўтара. М. Ермаловіч працаваў над ёй да апошніх дзён, паспеўшы ўнесці ўсе неабходныя праўкі і дапаўненні. У адпаведнасці з поглядамі аўтара, Вялікае княства Літоўскае паўстала пасля заваявання Літвы князем-наёмнікам Міндоўгам, прынятым у Новагародак на «службу». Сама ж летапісаня Літва знаходілася на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Таму Вялікае княства Літоўскае названа беларускай дзяржавай.
Несавецкае бачаньне гісторыі Беларусі выклікала відавочнае раздражненьне ўладаў, некалькі разоў на кватэру да Ермаловіча работнікі КДБ прыносілі позвы з патрабаваньнем зьявіцца і разабрацца з «извечной самостоятельностью белорусов». Гістарычныя творы Ермаловіча ляжалі неапублікаванымі ў рэдакцыях часопісаў, нягледзячы на тое, што гэтыя працы былі вельмі папулярныя і ў вялікай колькасьці пашыраліся самвыдатам.
Гіпотэза Міколы Ермаловіча у канцы 1980-х–пачатку 1990-х гадоў адыграла значную ролю. Аўтар паказаў, што тэрыторыя летапіснай Літвы не тоесная тэрыторыі сучаснай Літоўскай рэспублікі. М. Ермаловіч звярнуў увагу на тое, што утварэнне і існаванне Вялікага княства Літоўскага не зводзілася да схемы захопу літоўскімі феадаламі саслабелых усходнеславянскіх земляў. М. Ермаловіч паслядоўна паказваў пагрозы існаванню ВКЛ і з Усходу, і з Захаду. Работы Міколы Ермаловіча паспрыялі абуджэнню як навуковай дыскусіі у гістарычнай навуцы, так і грамадскай свядомасці беларусаў.
1 ... 31 32 33 34 35 36 37 38 39 ... 93
Перейти на страницу:

Польшча ў гэты час была ўцягнута ў канфлікт папы з германскім імператарам Людовікам Баварскім, прычым стаяла на баку першага, у той час як другога падтрымлівалі крыжакі. Таму ўдар па іх сапраўды быў ударам па іх саюзніку і па Ордэну. 3 улікам гэтага і можна зразумець, чаму ў 1326 г. быў зроблены сумесны паход войск Польшчы і Вялікага княства на Брандэнбург, дзе ўладарыў сын Людовіка Баварскага. Гэта вайсковая акцыя была найбольш удалая, відаць, шмат у чым дзякуючы таму, што войска Вялікага княства (яно складалася з 1200 вершнікаў) узначальваў Давыд Гарадзенскі. Менавіта ягоная конніца і адыграла ў разгроме брандэнбургскага войска вырашальную ролю, забраўшы шмат багацця і павёўшы з сабою звыш 6000 палонных. На жаль, як мы ўжо ведаем, гэта быў апошні паход выдатнага беларускага палкаводца. У час вяртання ён быў забіты мазавецкім рыцарам Андрэем па прозвішчу ці то Госць ці то Гасцінскі.

Не менш паспяховым атрымаўся паход туды ў сакавіку наступнага 1327 г., што ўзначальваў сын Гедзіміна Альгерд, які тады быў віцебскім князем. Ён прасунуўся аж да Франкфурта-на-Одэры і таксама вярнуўся з багатай здабычай.

Вайна была зацяжной і ішла з пераменным поспехам. У 1331 г. пасля пэўнага зацішша яна ўзнавілася. Ордэнскія атрады спустошвалі Куяўскую зямлю, а праз некаторы час прускае і лівонскае войскі ўварваліся ў раён Каліша і Гдыні, дзе шмат нарабавалі і ўзялі вялікі палон. Асабліва трэба спыніцца на бітве пад Плоўцамі 27 верасня 1331 г., якая ў літаратуры падаецца як вялікая перамога войск Польшчы i BKЛ. Але гэта не зусім так. Сапраўды, напачатку ордэнскія войскі пацярпелі моцнае паражэнне, а іх верхавод Дзітрых нават быў узяты ў палон. Але крыжакі, ачуняўшы ад няўдачы, перайшлі ў наступ, вызвалілі з палону Дзітрыха і нанеслі польскаму войску паражэнне.

Перамогі Давыда Гарадзенскага і Альгерда не маглі не ўстрывожыць Прускі ордэн, які неўзабаве летам 1327 г. пачаў вайну з Польшчай і Вялікім княствам.

Толькі ў святле збліжэння Вялікага княства з Польшчай становіцца зразумелай прычына заключэння міру ў 1326 г. полацкім князем Воінам-Васілём і менскім Фёдарам Расціславічам ад імя Гедзіміна з Ноўгарадам і немцамі (пад апошнімі разумеліся лівонцы). Гэта патрэбна было дзеля таго, каб сканцэнтраваць вайсковыя сілы на захадзе, дзе сапраўды і былі атрыманы вялікія перамогі. Нядаўна была выказана думка, што гэта было вялікім дасягненнем палітыкі Гедзіміна, паколькі «Літва (аўтар пададзенага меркавання разумее BKЛ выключна як літоўскую дзяржаву ў сучасным значэнні гэтага слова) упершыню сама актыўна ўдзельнічала ў палітыцы Заходняй Еўропы» і што гэта «ўмацоўвала літоўска-польскі саюз». Аднак той самы аўтар прызнае правал гэтай палітыкі Гедзіміна, што ў далейшым і прывяло «Літву Гедзіміна на край бездані». I гэта сапраўды так. Па-першае, ВКЛ, як відаць з вышэйсказанага, было ўцягнута ў палітычнае жыццё Заходняй Еўропы не столькі само сабою, колькі Польшчаю, якая найперш выйгравала ад умацавання літоўска-польскага саюзу. Гэта дало ёй магчымасць перайсці ў сутыкненні з крыжакамі ад абароны да наступу. Да таго ж гэты саюз неўзабаве пасля бітвы пад Плоўцамі распаўся. Далейшая ізаляцыя ВКЛ ад еўрапейскіх краін прыпісваецца язычніцтву Літвы. У прыватнасці, Венгрыя ў дадатак да тэрытарыяльных супярэчнасцей, маўляў, не пажадала мець справу з язычніцкай краінай. Аднак гэта не магло быць асноўнай прычынай, бо Вялікае княства ў большай ступені было дзяржавай хрысціянскай. Ды і наогул, паўтараем, ніякага намеру ў Гедзіміна ўмешвацца ў еўрапейскія справы не было. Ён быў уцягнуты ў іх Польшчай на глебе барацьбы з агульным для іх крыжацкім ворагам.

Барацьба з Лівоніяй

Барацьба з крыжакамі была накіравана супроць Прускага ордэна — галоўнага ворага Польшчы, у той час як галоўным ворагам ВКЛ з’яўляўся Лівонскі ордэн. Менавіта ён і выкарыстаў узніклыя спрыяльныя ўмовы, каб умацаваць свае пазіцыі на ўсходзе. Тое, што паход на Брандэнбург у 1326 г. узначальваў Давыд Гарадзенскі, а ў 1327 г. Альгерд, які на той час быў ужо князем крэўскім і віцебскім, можа сведчыць, што ў гэтых акцыях удзельнічалі пераважна беларускія войскі. Заключэнне міру ў 1326 г. і адцягненне беларускіх збройных сілаў з усходу на захад і садзейнічалі Лівонскаму ордэну ў яго далейшай экспансіі.

Нам ужо добра вядома, што Гедзімін у барацьбе з лівонцамі абапіраўся на Рыгу, якая не прызнавала над сабою ордэнскай улады. Саюз з гэтым горадам найперш быў выгадны Полацку, які ўжо больш за стагоддзе вёў з ім бойкі гандаль. Імкненне парушыць еднасць інтарэсаў Рыгі і Полацка і стала галоўнаю мэтай Лівонскага ордэна.

Ордэн найперш імкнуўся падначаліць Рыгу. Зыходным пунктам стала выстаўленае рыжанам патрабаванне парваць усе сувязі з ВКЛ. Гэта было непрымальным для Рыгі, паколькі найперш падарвала б яе гандаль. Трэба зазначыць, што на частку прыбытку ад яго прэтэндавалі лівонцы, што асабліва раздражняла рыжанаў. Найбольш іх гандлёвым справам шкодзіла тое, што вусце Дзвіны знаходзілася ў руках у іхніх сапернікаў. Гэта і прымусіла рыжанаў у чэрвені 1328 г. зрабіць напад на крэпасць Дзінамінют, якая кантралявала вусце Дзвіны. Аднак тая акцыя не мела поспеху. Вядома, лівонцы не маглі пакінуць такіх дзеянняў без пакарання. Рыжане звярнуліся па дапамогу да Гедзіміна, паабяцаўшы аддаць яму некалькі сваіх крэпасцей. Але рыцары, уведаўшы пра тое, захапілі паабяцаныя Гедзіміну замкі. Прыйшоўшы з войскам у Лівонію і ўбачыўшы гэта, Гедзімін разграміў і спаліў іншыя, менш абароненыя замкі лівонцаў. Аднак такі помслівы крок не мог выратаваць Рыгу. Ён толькі яшчэ больш умацоўваў намер Ордэна канчаткова падначаліць яе сабе, тым больш што ёй у гэты момант ніхто не мог дапамагчы. Ажыццявіўшы ў пачатку 1329 г. поўную блакаду Рыгі і пазбавіўшы рыжан магчымасці атрымліваць звонку жыццёва неабходныя прыпасы, лівонцы праз 13 месяцаў прымусілі горад здацца і прызнаць верхавенства Ордэна. Апроч усяго іншага ў выніку гэтага Рыга была пазбаўлена сувязі з ВКЛ.

Паколькі Лівонскі ордэн не быў звязаны з Прускім у яго барацьбе з Польшчай, пасля аб’яднання з Рыгай гэта дало магчымасць усе свае сілы накіроўваць супроць ВКЛ, аслабленага у вайне Польшчы з прусакамі. Лівонскія атрады ўчынілі напады на землі Вялікага княства, найперш на Жамойцію, у 1330, 1332 і 1333 гг. Не абміналі яны і беларускіх земляў. У 1333 г. лівонцы хадзілі на Полацк, сюды ж яны накіраваліся і ў наступным годзе пасля паходу на Вільню, дзе знішчылі 1200 чалавек. У 1336 г. крыжакі, сярод якіх было 200 знакамітых еўрапейскіх асобаў, зрабілі паход у Нальшчанскую зямлю (Нарачанскі край) на крэпасць Пулен. Аднак яе абаронцы і навакольныя жыхары пасля чарговай аблогі спалілі сябе, каб не аддацца ў рукі непрыяцеля.

Трэба зазначыць, што Польшча ў гэты час не прыйшла на дапамогу BKЛ. Больш таго, у 1337 г., калі рыхтаваўся новы аб’яднаны паход на Вялікае княства, польскі кароль Казімір (той самы, што ажаніўся з дачкой Гедзіміна Альдонай), хоць сам і не прыняў удзел у гэтай вайсковай акцыі, аднак намнога яе аблегчыў, заключыўшы мір з тэўтонамі. Паход гэты быў накіраваны да вярхоўя ракі Дубісы, г. зн. на тэрыторыю сучаснай Літвы. I вось што здзіўляе. Крыжакі прайшлі туды, збудавалі сваю крэспасць Марыенбэдэр, далей прайшлі да Нёмана і на яго правым беразе паставілі крэпасць Байербург, пасля авалодалі крэпасцю Веленай і, перабудаваўшы яе, назвалі Фрыдбургам. Толькі потым крыжакі вярнуліся ў Прусію. I вось за ўвесь гэты час ім не было аказана ніякага супраціўлення, гэтак жа як і раней, пры варожым нападзе на Пулен. Тое ж самае мы бачым і пры нападзе на Жамойць у 1339 г., калі двухдзённы рабунак быў спынены не вайсковай сілай, а выключна вялікім марозам, які і прымусіў крыжакоў вяртацца назад. Гэтак жа крыжацкі паход на Жамойць у 1340 г. быў асуджаны на няўдачу не сілаю войскаў праціўніка, а адлігаю. 3 усяго гэтага вынікае, што так званыя вялікія літоўскія князі менш за ўсё думалі аб абароне літоўскіх (у сучасным значэнні гэтага слова) земляў і іх насельніцтва. Яшчэ В. Антановіч слушна заўважыў, што насельніцтва карэннай Літвы варожа адносілася да велікакняскай дынастыі. І Гедзімін не быў тут выключэннем. Як мы ўжо ведаем, яшчэ не будучы вялікім князем, ён расправіўся з жамойцкімі старшынамі за іх сепаратысцкія дзеянні, што, відаць, надоўга засталося ў памяці як жамойтаў, так і Гедзіміна.

1 ... 31 32 33 34 35 36 37 38 39 ... 93
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)