Ціша
- Автор: Федарэнка Андрэй
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 978-985-02-1519-2
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Ціша». Краткое содержание книги:
— І ты мяне прапішаш… у сэнсе, зарэгіструеш?
— Без праблем.
Прапанова была цудоўная. Лепш не прыдумаеш. І мудра, і справядліва. А галоўнае, Тома падабалася яму. Прыемная была сваім розумам, ахайнасцю, гумарам, і яшчэ ў параўнанні з ім — маладосцю. Яна як бы скідвала з Адольфа гэты кашмарны ціск у 55 гадоў. Бо калі ты здольны спадабацца маладзейшай…
— Паедзеш? Не пабаішся? — падахвочвала, падбухторвала Тома.
— Я падобны на тых, хто баіцца? — храбрыўся Адольф.
— Тады я зраблю табе маленькі сюр-прайз. У мяне адпачынак доўгі, пасля прафілакторыя застаецца палова. Ты таксама беспрацоўны… Я зважу цябе ў Парыж. Хоць на тыдзень.
— Парыж? — тут Адольф па-сапраўднаму спалохаўся.
— Ты мастак, табе неабходна пабываць на Манмартры, пахадзіць па Манпарнасе, проста падыхаць тым паветрам… Гэта будзе табе маленькі падарунак ад мяне.
— Ды якое паветра? Хто мяне пусціць у Парыж? Мяне, які далей Баранавіч у заходнім накірунку ніколі не быў! Пашпарт? Віза? Дакументы?
Тома толькі смяялася:
— Ох, мне гэтыя правінцыялы… Я нават не ведала, што яшчэ такія засталіся. Ты забываеш, што свет даўно змяніўся. І не ведаеш, хто мой бацька. І дзе мая нявестка працуе. Мы паедзем па турыстачнай візе. Усё аформіцца за суткі разам з білетамі. І ні пра што не турбуйся. Проста будзеш хадзіць, глядзець, адпачываць, набірацца ўражанняў…
Можа, праўда, рызыкнуць? Які шанц дае яму жыццё! Прычым без усялякіх абавязкаў. Калі яшчэ такое будзе? Вось яна — нечакана атрыманая камандзіроўка на нявызначаны тэрмін, «адпачынак за свой кошт», афіцыйны допуск да бязмежнай волі, свабоды!
Заставалася адно — жонка. Як быць з ёю? Яна тэлефанавала кожны дзень двойчы: раніцай і вечарам. Што ёй сказаць?
Добра падумаўшы, Адольф вырашыў не казаць нічога. На званкі адказваў дзяжурна: лячуся, кормяць добра, хаджу на працэдуры… Голас у яго быў вінавата-смірны. Калі ў Томы скончылася пуцёўка, ён таксама не стаў чакаць. Толькі заехаў дамоў, каб пакінуць эцюднік і забраць сякія-такія рэчы. З жонкай сустракацца было страшнавата, і ён падгадаў час, калі яна была на працы. Замкнуўшы кватэру, пазваніў суседцы і папрасіў, каб тая перадала ключ Ірыне. А таксама сказала, што гармонік і эцюднік ён пазней забярэ.
— Адразу, як з Парыжа вярнуся, — удакладніў ён і пайшоў сабе спакойна ўніз па лесвіцы, пакінуўшы каля расчыненых дзвярэй анямелую суседку з ключом на пальцы.
ІІ
Так Адольф замест таго, каб вярнуцца на камвольны камбінат, дзе яго чакалі, і да жонкі, апынуўся ў Мінску.
Тамарына двухпакаёўка памерам была большая за чатырохпакаёвую. Паркет, высокія столі, светлыя вокны. Але ва ўсім адчувалася адсутнасць гаспадара. Прастор і шык суседнічалі з бязладдзем. Бярэшся за пазалочаную ручку, каб адчыніць дзверы — ручка адвальваецца. У вялікай ваннай, дзе люстры на ўсю сцяну і падлога падаграецца, ступіш — плітка пад нагою ходзіць. У туалеце дарагі ўнітаз — і ржавы дроцік замест кнопкі зліву. Лоджыя вялікая, новенькай вагонкай абшытая, а цвікі павылазілі, рама рассохлася — паставілі абы хутчэй, з свежага дрэва, не прасушылі, не прааліфілі.
— Цяп-ляп робяць, — дзелавіта сказаў Адольф, заходзячы на кухню. Тома, у фартуху, стукаючы нажом аб дошку, наразала цыбулю. — Рамы, кажу, нават аліфай не пакрылі.
— Што ты хочаш, тут вунь нават нож палец не рэжа…
На дачу з’ездзілі, паглядзеў Адольф. Выдатная дача, блізка, толькі тое самае: мужчыны не хапае. Гараж, у гаражы — Адольф ахнуў — якая машына! Строгая форма, прамыя лініі, нічога лішняга. Крыху нагадвае колішнюю савецкую «Чайку».
— Во, прыгналі, стаіць, ржавее… Так ні разу і не завёў. А Вадзім у нас такі непрактычны, — з уздыхам падзялілася Тамара. — Так што ўсё гэта цяпер тваё. Хочаш катайся, хочаш — на металалом здавай.
Адольф доўга не адыходзіў, гладзіў машыну, любаваўся ёю. А ўвечары прыбыла ў поўным складзе Томіна радня. Сын Вадзім, высокі, худы малады чалавек, падаючы руку, сказаў:
— Вадзім, грузчык з ЦУМа.
Апатычны. Вочы шкляныя, мутныя. Бязвольныя рухі. Гаворыць кароткімі, адрывістымі словамі, невыразна, ухіліста… Больш чым дзіўны. І што за праца для маладога мужчыны — грузчык у ЦУМе? — і гэта з Тамарыным блатам! з яе напорам і магчымасцямі! І што яна мела на ўвазе ў гаражы, калі з уздыхам казала пра яго непрактычнасць?
Вадзімава жонка — Тамарына нявестка Соф’я, прыгожая, здаровая, ядраная, спакойна пацалавала Адольфа ў шчаку і адразу ж азадачыла:
— Вы не вядзеце блог? Цяпер усе вядуць. Раю вам завесці. Я вяду пад нікам «maci tereza». Можаце зайсці, пацікавіцца.