Ён ахоплівае перыяд са студзеня 1943 года па ліпень 1944 года. Кіраўнікі Крамля зразумелі, патрэбна іншая, больш жорсткая тактыка. Каб выгнаць насельніцтва са сваіх хат, са сваіх вёсак і загнаць у лес да партызан, трэба было ўжыць больш дзейсныя рэпрэсіўныя меры. Як на злосць, немцы не надта зверствавалі, для іх было значна важней, каб сяляне працавалі, спраўна плацілі падаткі. Велізарнае войска трэба было карміць. Я абапіраюся на прыклады з жыцця маёй вёскі ва ўмовах акупацыі.
Крамлю не пашанцавала і з гаўляйтарам Беларусі. Кубэ быў мяккі, наколькі такое магчыма ў ваенны час, ліберальны інтэлігент. Ён шляўся па тэатрах і музеях, якія былі адноўлены ў Мінску, дзякуючы яго асабістым намаганням. Ён быў пісьменнікам, драматургам, аўтарам п’ес, якія ставіліся не толькі на падмостках мінскіх тэатраў, але і ў шмат якіх краінах Еўропы. Кубэ быў няздатны. Нават вырашэнне габрэйскага пытання ён некалькі разоў адкладваў, марудзіў час. Крэмль абураўся і было чаго. Атрымлівалася, што заслоны НКВД (НКУС) дарэмна кулямётнымі чэргамі вярталі натоўпы габрэяў назад у Мінск, не дазволіўшы ім эвакуіравацца, асудзілі іх на немінучую гібель. Што ўсё адбывалася менавіта так, прывяду прыклад. 26.09.2004 года на расейскім тэлеканале ТВЦ была паказана тэлеперадача «Вокзал Победы. Последний из гетто». У перадачы прагучаў расказ габрэйкі, якая да вайны і ў часы акупацыі пражывала на тэрыторыі Беларусі, а зараз пражывае ў Расіі:
«На второй день войны мы хотели эвакуироваться, но все дороги с Беларуси на восток были перекрыты отрядами НКВД. При попытке пройти или проехать заградительные отряды НКВД открывали стрельбу. НКВД нас вернул в руки немцев».
Дзеяннямі Кубэ былі незадаволены і ў Берліне. Не ў першы раз у двух дыктатараў, у Сталіна і Гітлера, супалі думкі, мэты, намеры. Кубэ пара адхіляць ад пасады, а самы лёгкі спосаб для гэтага — проста яго знішчыць. Супраць Кубэ была дэталёва падрыхтавана і здзейснена тэрарыстычная, на маю ўласную думку, сумесная аперацыя гестапа і НКВД (НКУС). Наіўна лічыць, што ў рэзідэнцыю Кубэ можна было пранесці выбуховае прыстасаванне без маўклівай згоды гестапа. Забойства Кубэ адмоўна і трагічна адбілася на лёсе беларусаў. На яго месца прыйшоў генерал СС Курт Готберг, які задавальняў і Маскву і Берлін.
Калі немцы не чыняць рэпрэсіі і злачынствы на акупаванай Беларусі або чыняць іх не ў тых маштабах, як хацелася б Маскве, іх (немцаў) трэба к гэтаму прымусіць, справакаваць. Пачалася падрыхтоўка да другога этапа. Каб планаваць рэпрэсіўныя аперацыі супраць насельніцтва, патрэбны быў планавы орган. Крэмль 30.05.1942 года стварыў Цэнтральны Штаб партызанскага руху на чале з Першым Сакратаром ЦК кампартыі Беларусі Панамарэнкам, ураджэнцам Краснадарскага краю, па нацыянальнасці ўкраінцам.