Апошнія ахвяры сьвяшчэннага дуба
- Автор: Ипатьева Ольга Михайловна
- Год: 2006
- Язык: белорусский
- Год: Неман
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «Апошнія ахвяры сьвяшчэннага дуба». Краткое содержание книги:
— З-за такой драбязы турбаваць вялікую гаспадыню? Цябе, відаць, акруціла Стрыга, а гарцукі падсмажылі галаву. Княгіня хворая, а ты хочаш тлуміць яе клопатам пра злачынцу!
— Ён мой сябар! — загарачыўся і засьпяшаўся даказаць сваё Круглец. — І брат яго таксама невіноўны!
— Адкуль ты ведаеш?
— Адчуваю душой!
— Душой! Яго абвінавацілі жрацы, а яны не памыляюцца.
Тады ён паспрабаваў пераканаць яе іншым.
— Паслухай: жрацы служаць багам, а мой сябра прыгожы, як Лель, ты ж яго бачыла. Няўжо табе яго не шкада? Нават багі ня любяць, калі мы, людзі, нішчым прыгажосьць.
— Ён сам нішчыць багоў, — строга адрэзала, адразу пасур’ёзьнеўшы, Гайна. — Ён ня верыць нашым сьвятыням, раз адрокся ад іх. Я не дапамагу такому чалавеку!
Круглец услухоўваўся ў ейныя словы. Нешта падазронае было ў цьвёрдасьці і непрыступнасьці дзяўчыны. Але што? І ён зноў паспрабаваў угаворы:
— Ты яго абвінавачваеш у хрысьціянстве. Але ж княгіня сама хрысьціянка!
І тады служка, гордая сваёй прыналежнасьцю да ўлады, да яе залатога зьзяньня, сказала, як адрэзала:
— Князям можна. А нам — не!
…І цяпер, гледзячы на бездапаможны плач Уны, на сярэбранае шытво ейнай сукні, прамоклай на грудзях, малады чалавек змрачнеў усё болей. Старэйшы за сястру, ён заўсёды быў для яе апорай, асабліва пасьля сьмерці бацькі. Багаты іх дом паступова рабіўся ўсё цішэйшым: сёстры яго і Уны выходзілі замуж, адна за адной пакідалі свае дзявочыя сьвятліцы, і цяпер у двухпавярховай мураванцы засталіся толькі брат з сястрой ды іхняя старая цётка, якая амаль не ўставала з ложа.
Пакуль сястра ціха ўсхліпвала, ён разважаў аб тым, каму спатрэбілася гэтая вялікая каламуць. Добра ведаючы віленскае жрэчаства, сын пасла не сумняваўся, што за перасьледам братоў стаяць найперш інтарэсы жрацоў, страх перад новым няведамым богам, які забярэ іхнюю паству. Ён, як і іншыя, слаба верыў у тое, што Няжыла і ягоная нявеста маглі скрасьці смарагдавыя каралі. Ды магутным довадам супраць Няжылы было тое, што сваю віну прызнала Рэчыца — а яе ж не катавалі. Яна прама паказала на былога жаніха, які нібыта загадаў ёй вынесьці каштоўнасьць з княгінінай лажніцы. А яна, маўляў, кахала, таму і ўчыніла злачынства. І хаця пад самымі страшнымі катаваньнямі не прызнаўся ейны былы жаніх, дзе тыя каралі і нашто яны яму, у горадзе не сумняваліся ў віне Няжылы. Шапталіся, што тут замешанае чараўніцтва, бо гэта зрабіў хрысьціянін, а яны ўсе чараўнікі. Яшчэ казалі, што тое зьдзейсьнена, каб давесьці да сьмерці Марыю. Але Круглец разумеў: Няжыла не злачынец, ён ахвяра. Бачыў ён і зладжанае, як быццам аб тым дамовіліся загадзя, выкрываньне Кумца ў замку.
Іхняе затачэньне ў вязьніцу, амаль адначасовае, насьцярожвала, як добра сыграная камбінацыя. Браты, блізкія да князя, маглі стаяць на шляху многіх, што прагнулі наблізіцца да трону, ды ўпершыню на вачах Кругляца супернікаў, да таго ж ня надта значных, скідалі з рахунку так жорстка, амаль адкрыта. І Круглец раздумваў над пытаньнем: якую ж асабістую крыўду маглі нанесьці невядомаму ворагу ці то Кумец, ці то Няжыла?
Ясны зімовы дзень скрыпеў пад вокнамі валёнкамі, лапцямі і ботамі. На недалёкай Вільлі курылася парам палонка, грак мітусьліва спрабаваў напіцца з яе, баязьліва падскокваючы і зазіраючы ў жывую чарнату. У пакоях было цёпла, кафляная печ была з раніцы добра напаленая, з калідора пахла альховымі дровамі і коленскай вадой, якую нядаўна разьліў неасьцярожны слуга.
Было чуваць, як нехта загрукаў кулакамі ў браму. Круглец зьдзіўлена прыўзьняўся: яны нікога не чакалі.
— Хто там, Кругленькі? — па-латыні спытала сястра, таропка выціраючы вочы.
— Зараз паглядзім.
І адразу ўскочыў:
— Вялікі жрэц Бурыла!
Яна падскочыла. Нібы вавёрка, шуснула ў калідор, а адтуль наверх, у сваю сьвятліцу. Круглец пасьпяшаўся да дзьвярэй. І ў час — Бурыла і трое ягоных слуг урачыста запаўнялі перадпакой сваімі каўтрышовымі[38], на мяху, плашчамі, якія ўжо пасьпешліва хапалі гаспадарскія слугі.
Калі б тое адбывалася на людзях, Круглец мусіў бы ўпасьці перад вялікім жрацом на калені. Але яны даўно і дастаткова ведалі адзін аднаго. Бацька, пасол Лесь, часьцяком прывозіў у храм Перуна розныя каштоўныя рэчы: тонкі белы шоўк, якім так прынадна ахінаюць свае постаці храмавыя танцоркі, розныя алеі, парфуму і пахкасьці, а таксама, хаця і зрэдзь, ахвяраваў то срэбны, то залаты брусок. На багацьці, сабраныя ў месьцічаў, храм купляў новыя землі, будаваў дамы. Часам золата ішло і на мясцовага вырабу чашы, чары і тарэлы, з якіх у час сьвяточных прыёмаў у храме елі самыя паважаныя госьці. Бурыла быў удзячны сям’і пасла, але з гадамі, калі памёр пасол, гэтая ўдзячнасьць слабела, і некалькі апошніх гадоў малады гаспадар ужо не атрымліваў ад храму запрашэньні на маленьні, дзе ўдзельнічалі самыя зацныя людзі Вільні.
38
Каўтрыш — тоўстае касматае сукно.