Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Историческая проза » Апошнія ахвяры сьвяшчэннага дуба
Апошнія ахвяры сьвяшчэннага дуба - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Апошнія ахвяры сьвяшчэннага дуба

Электронная книга - «Апошнія ахвяры сьвяшчэннага дуба». Краткое содержание книги:

«У гэтай аповесьці мне хацелася зьвярнуцца да тых старонак нашай гісторыі, якія складаюць яе духоўную славу і якія павінны быць адноўленыя, каб над нашай краінай прасьціралася ахоўная моц пакутнікаў, якіх ушанавалі яшчэ ў ХIV стагоддзі і якія, як вечная загадка для атэістаў, засталіся нятленнымі ў сьвеце, дзе рассыпаюцца камяні і царствы…»
1 ... 28 29 30 31 32 33 34 35 36 ... 78
Перейти на страницу:

У белым балахоне, белым, чысьцюткім, як сьнег, каўпаку, з арэхавым жэзлам[37] у руках, Лойка кінуў у круглую гліняную чашу-печ, што месьцілася пасярэдзіне схаванага ад усіх пакою, чырвоны вугаль. Быў ён прынесены ад цяпельца перад невялікай постацьцю меднага Сварога, што стаяў звонку перад дзьвярыма Лойкавага жытла. Агонь, што дакрануўся да сухіх пахкіх сьцяблін запаветных зёлак, узьвіўся так ярка і нечакана, што мечнік адхіснуўся. А Лойка спакойна акрэсьліў вакол яго, а потым вакол сябе кола і, перасьцярогшы мечніка, каб той нават палец ня высунуў з-за круга, пачаў чытаць заклінаньні.

Сьвідрыгайла так потым да канца жыцьця нікому ня змог расказаць, што ён убачыў у патаемным пакоі, і што за здані абкружалі жраца, цягнучы да яго то чорныя, то празрыстыя рукі, якія крыкі чуў ён там, хаця тросься як ліст, закрываючы вушы і заплюшчваючы вочы. Агонь кідаўся чырвонымі касьнікамі, то абпальваючы Лойку, то адхінаючыся ад яго, нібыта кіравалі ім нейкія сілы. А пасьля, прыціхлы, пеўнікавым грабеньчыкам лёг да ног галоўнага жраца, і той пагладзіў яго, нібыта сапраўднага пеўніка, зморанага ў бітве. Затым моўчкі, ня кажучы ні слова, пайшоў, як паляцеў са сьвяцілішча, не апранаючы ні футра, ні бабровай шапкі. А мечнік разгублена, трушком пасунуўся за ім, але таксама ня мовіў ані гуку — такая была папярэдняя дамова паміж імі. Ішоў і служка — танклявы худы дзяцюк, паклаўшы на плячо лісінае футра для гаспадара…

Начная Вільня была засьнежаная і нямая. Поўня, шчарбатая і ахінутая аблокамі, як галодная жабрачка лахманамі, скалілася над замкавай вежай, дзе адно ўнізе мільгацелі цьмяныя агеньчыкі, — там сядзела варта. Вокны мураванак сьлепа і цёмна глядзелі на вуліцу, па якой ішлі і ішлі тры чалавекі: жрэц у доўгай белай кашулі, нямы і доўгі, як навец, мечнік, разгублены і праставалосы, сутаргава сьціскаючы ў руцэ дзяржальна мяча. І даўганогі служка, спакойны і звыклы да ўсяго.

Нарэшце Лойка спыніўся. Спраўляючыся з дрыжыкамі на целе, мечнік пабачыў, што вялікі жрэц ішоў, не расплюшчваючы вачэй, як быццам вяла яго нейкая магутная сіла, а ён толькі не супраціўляўся. Працягваючы дрыготкія рукі наперад, Лойка нарэшце сказаў голасам, што, здавалася, ішоў аднекуль здаля:

— Яны тут. Смарагды на шыі ў дзяўчыны-цнатліўкі, і закляцьце ляжыць на іх. Закляцьце супраць вялікай княгіні. Шукайце праклятыя смарагды тут!

Ён расплюшчыў вочы, некаторы час няўцямна азіраўся навокал, пасьля падняў на мечніка атуманены твар. Сьвідрыгайла спалохаўся: звычайна цьвёрды і разумны погляд Лойкі цьмянеў, згасаў. Але ён ужо не глядзеў на яго, а прагна ўзіраўся ў вокны за плячыма жраца.

Яны ўсе стаялі перад аднапавярховым доўгім будынкам з разьбяной брамай. Мечнік ведаў яго. Як ведала ўся моладзь Вільні, што гатовая была зрабіць гэтую ўтульную мураванку з высокімі паўкруглымі вокнамі яшчэ адным храмам вечна маладой багіні каханьня Лады. І таму ён ня мог паверыць сваім вачам.

Гэта быў дом, дзе жыла сястра вярхоўнай жрыцы Нары Дзівейна.

Пачуўся глухі крык, мечнік зірнуў на Лойку і другі раз за гэты час аслупянеў: жрэц падаў на рукі спалоханага служкі, вочы яго закаціліся, белая пена выступіла на вуснах.

— Што з ім? — ускрыкнуў Сьвідрыгайла.

— Ударылі… яны ўдарылі… — мармытаў Лойка.

— Каралі… праклятыя каралі і яна… яна… На…

— Хто — яна?

Адказу не было. Вялікі жрэц Сварога абвяла і бездапаможна хіліўся долу, на сьнег, вытаптаны іхнімі нагамі, на вуснах у яго выступіла пена, а вочы страшна закаціліся пад лоб. Спалоханыя мечнік і служка, параіўшыся, сплялі рукі і, пасадзіўшы на іх зьнерухомелага жраца, пацягнулі яго назад, у храм…

УНА і КРУГЛЕЦ

Дзяўчыну калацілі дробныя дрыжыкі. Сьлёзы цяклі па круглых, як рэпкі, шчоках, стужкамі з вяночка яна выцірала вочы.

— Табе застаецца жыцьцё! — па-нямецку сказаў ёй Круглец. Гэтым сказам, які крыжакі крычалі воям Княства перад боем, спрабуючы падарваць іхнюю ўпэўненасьць, брат і сястра абменьваліся, калі хацелі суцешыць адзін аднаго. Але на гэты раз Уна не ўсьміхнулася, як звычайна. Яна ўскінула на брата вочы і прастагнала:

— Яго павеся-аць!

— Ды што ты! Княгіня Марыя абароніць. Яна ўгаворыць вялікага князя зьмякчыць прысуд, а пасьля… пасьля мы аддадзім за яго выкуп жрацам. Мы прынясем багам ахвяры. І ён зноў вернецца да нас.

Гаворачы гэта, ён ведаў, што надзеі на выратаваньне Кумца амаль не засталося. Круглец спрабаваў пагаварыць з княгіняй, ды яму, які заўсёды мог прайсьці да вялікай княгіні, цяпер адмовілі. Да таго ж, гаспадарыня хварэла. Яна ляжала, цяжка ўздымаючы грудзьмі пуховую пярыну пры кожным хрыплым удыху і выдыху — тое ўбачыў ён, дабраўшыся да самых дзьвярэй лажніцы. Але далей яго не пусьціла варта. Новая пакаёўка вялікай княгіні Гайна ўсё ж выйшла да сына Леся, якога і дасюль шанавалі ў замку, насьмешліва выслухала хлопца і прамовіла зласьліва:

вернуться

37

Арэхавы ці калінавы жэзлы былі прыналежнасьцю вышэйшай касты жрацоў.

1 ... 28 29 30 31 32 33 34 35 36 ... 78
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)