Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Другая проза » Сланы Ганібала
Сланы Ганібала - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Сланы Ганібала

Электронная книга - «Сланы Ганібала». Краткое содержание книги:

Зборнік пятнаццаці гадовай творчасьці класіка беларускай літаратуры пры жыцьці. Уладзімер Арлоў – гэта чалавек, які ня проста піша пра Беларусь, але жыве ёю. Да такой высновы можна прыйсьці, калі чарговы раз знаёмішся з творамі беларускаг пісьменьніка і гсіторыка. Выданьне распачынае эсэ “Незалежнасьць – гэта…”, перакладзенае на дваццаць моваў, якое нажаль актуальнае і сёньня, але дзякуючы якому становіцца зразумелым сэнс самой незалежнасьці. Праз лябірынты гісторыі, часу, мясьцінаў і падзеяў аўтар шукае самае галоўнае – Беларусь. Менск, Лёндан, Нью-Ёрк і нават Картаген на старонках выданьня становяцца сваімі, бо паўстаюць у творах Уладзімера Арлова. Праз усё выданьне бачная трансфармацыя, якая адбывалася як з самім аўтарам, гэтак і з Беларусью за апошнія гады.
1 ... 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32
Перейти на страницу:

Рыга была першым убачаным мною вялікім горадам.

Падчас разгрузкі вагонаў скрыня з бутэлькамі адціснула нагу майму аднаклясьніку Віцю Скрыпкіну, і ён доўга кульгаў. Віцю перавялі да нас у трэцяй клясе, і мы глядзелі на яго як на дэбіла. Дый хто яшчэ ў нашым уяўленьні мог вучыцца ў адзінай у Полацку беларускай школе, якую якраз тады па просьбах працоўных пасьпяхова зачынілі?

З тых часоў Скрыпкіну вечна не шанцавала. У Рызе ён адно пацьвердзіў рэпутацыю няўдаліцы. На экскурсіі ў зьвярынец Віцю найбольш спадабалася лама, што падышла да самае агароджы і рахмана глядзела на нас пукатымі вачыма нашага завуча Розы Ізрайлеўны. Адламаўшы дубчык, Скрыпкін засунуў яго ламе ў наздрыну і задуменна круціў там, пакуль зьняможаная гэткім экспэрымэнтам жывёліна ня чхнула юнаму натуралісту проста на галаву. У выніку ў маім дзёньніку, дзе я да непрыстойнасьці цнатліва прызнаваўся ў каханьні да аднаклясьніцы Люды, зьявіўся ляпідарны запіс: «В зоопарке лама чихнула на Скрипкина».

Але гэта было ня самае моцнае рыскае ўражаньне. Ня самым моцным было й тое, што ў трамваі з мноствам вольных сядзеньняў мяне зь Віцем прымусілі падняцца й саступіць месца дзьвюм бабулям, і тое, што вакол гаварылі не па-расейску, як у нас, у Полацку, а на зусім незразумелай мове (балазе, настаўнік геаграфіі папярэджваў, што ў Латвіі жывуць нацыяналісты).

Наймацнейшым маім уражаньнем было мора. Плюхаючыся на юрмальскім плыткаводзьдзі паміж далёкімі караблямі ды блізкімі, парослымі хвоямі выдмамі, я злавіў сябе на тым, што пачаў размаўляць зь ім, з морам, і папрасіў яго зрабіць мае пачуцьцё да аднаклясьніцы Люды ўзаемным.

Мора не дапамагло, але з таго часу я заўсёды гавару зь ім і чаго-небудзь у яго прашу.

Гэтыя чульлівыя прыгады спавіваюць мяне ў купэ міжнароднага цягніка Менск-Талін, вядомага яшчэ як «Чайка». За вакном мяняюцца ахайна-халаднаватыя летувіскія краявіды; сям-там трапечацца на ветры тутэйшы трыкалёр, пад якім вяртаецца да ўлады ці то понас ці то таварыш Бразаўскас зь ягонай былой кампартыяй і жыве мой сябра гісторык Гедымінас, якога днямі ўжо не пусьцілі ў архіў іхняга былога КГБ.

Пасьля першай дзіцячай вандроўкі рыскія пеўні безьліч разоў сустракалі мяне зь менскіх і полацкіх цягнікоў і аўтобусаў, і мне здавалася, што ні ў воднага зь іх ні разу ня ўзьнікла ахвоты зьляцець з свайго сьпічака й дзюбнуць мяне ў тое месца, дзе сьпіна страчвае сваё годнае найменьне.

Я піў з бочкі на хутары пад Рыгаю свойскае піва на латыскім Купальлі — Ліго і, не шкадуючы нырак, асушаў кухаль за кухлем у рыскім бары «Zem ozola», а па-наску — «Пад дубам», дзе праводзіў выязное паседжаньне наш загнаны ў падпольле факультэтаўскім начальствам гістфакаўскі «Клюб аматараў піва».

Я слухаў арганныя канцэрты ў Домскім саборы і слухаў на прыдзьвінскай эсплянадзе бывалага марака Мішу, што пад мэлёдыю завойнага шлягеру «Сіні лён» апавядаў мне пра рыскія падпольныя публічныя дамы, у адным зь якіх ён, задаволена нацягнуўшы нагавіцы, прачытаў суровае маральнае настаўленьне дзяўчу, што дзяліла зь ім ложак.

Аднаго разу ў студэнцтве я прымудрыўся зьезьдзіць у Рыгу зайцам. (Грошай хапала толькі на піражкі й дарогу ў адзін канец, і я разважыў, што лепей пакінуць іх на зваротны шлях.) Блукаючы пасьля неспакойнай зайцовай ночы па старым горадзе, я апынуўся каля разнасьцежанага вакна: за ім гралі на піяніне Шапэна, а на падваконьні пад аховаю сіямскага ката дымеў вялікі сіні кубак з каваю. Ад’яжджаючы ўвечары ў Полацак, я ўпершыню ў жыцьці ўбачыў хлопца ў белых штанах. Калі правадніца выцягнула жоўты сьцяжок, ён укленчыў у запляваным тамбуры і апошні раз абняў сваю дзяўчыну, што заставалася на рыскім пэроне. З таго часу ў слове Рыга мне чуюцца яшчэ прэлюды Шапэна, пах кавы, кацінае вуркатаньне й сьмешныя словы закаханага юнака ў белых штанах з чорнымі каленямі.

Я люблю цябе, Рыга, і тое, што я ўжо два гады не хадзіў па тваіх вулках, успрымаецца як нейкая недарэчнасьць.

Я люблю цябе, Рыга, і ў вагонным вакне ўжо плывуць твае пеўні.

У гэтай Рызе ня граюць за расчыненымі вокнамі Шапэна і ня ставяць на падваконьні кубкаў зь сьвежаю кавай. Рэч, мабыць, ня толькі ў тым, што на двары восень.

Пазамінулым лістападам разам зь лістотаю рыскіх ліпаў і клёнаў з дамоў абляцелі шыльдачкі са старымі назовамі. Вуліца Леніна ператварылася ў Брывібас, гэта значыць, Свабоды, а вуліца Кірава і наогул зрабілася Элізабэтас.

Мужчыны ў белых штанах сустракаюцца на гэтых вуліцах значна радзей, чым мяняльныя канторы, дзе за нашыя «зайчыкі», ці, як той казаў, «шышкебічы», вы не атрымаеце аніводнага латыскага «рэпшыка», а за сотню расейскіх «ленінак» вам адшпіляць 45 рублісаў — пражыцьцёвы дзённы мінімум беспрытульнага рыскага ката.

1 ... 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)