Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Другая проза » Сланы Ганібала
Сланы Ганібала - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Сланы Ганібала

Электронная книга - «Сланы Ганібала». Краткое содержание книги:

Зборнік пятнаццаці гадовай творчасьці класіка беларускай літаратуры пры жыцьці. Уладзімер Арлоў – гэта чалавек, які ня проста піша пра Беларусь, але жыве ёю. Да такой высновы можна прыйсьці, калі чарговы раз знаёмішся з творамі беларускаг пісьменьніка і гсіторыка. Выданьне распачынае эсэ “Незалежнасьць – гэта…”, перакладзенае на дваццаць моваў, якое нажаль актуальнае і сёньня, але дзякуючы якому становіцца зразумелым сэнс самой незалежнасьці. Праз лябірынты гісторыі, часу, мясьцінаў і падзеяў аўтар шукае самае галоўнае – Беларусь. Менск, Лёндан, Нью-Ёрк і нават Картаген на старонках выданьня становяцца сваімі, бо паўстаюць у творах Уладзімера Арлова. Праз усё выданьне бачная трансфармацыя, якая адбывалася як з самім аўтарам, гэтак і з Беларусью за апошнія гады.
1 ... 20 21 22 23 24 25 26 27 28 ... 32
Перейти на страницу:

Паміж мною й Борам адбываецца трэці дыялёг.

— Кто этот человек? — Ён ківае ў той бок, куды пайшоў генэрал.

— Это Калугин, — адказваю я. — Ну тот, генерал КГБ.

— ... и... КГБ... — брудна лаецца Бора.

За час, пакуль я гаварыў з генэралам і сушыў турэцкае крэсла, у «Бары» прычынілася падвышэньне коштаў на цынандалі й хачапуры, аднак мне як старому кліенту Бора адпускае тавар па старым кошце. Ягоны позірк раптам робіцца загадкавым і скіраваным некуды паўзьверх майго пляча.

Я адварочваюся ад стойкі і бачу побач з сваім крэслам нейкага чалавека.

— Эй! — вясёла крычыць ён. — Это твоя стула?

— Моя!

— Можно, я заберу?

— Нельзя!

— Спасибо! — крычыць незнаёмы грамадзянін Абх. ССР (ці незалежнай РГ), пасылае мне сарамяжлівы позірк і, прытуліўшы да грудзей турэцкае крэсла, шпаркай ступою кіруецца ў кіпарысавыя прысады.

На шчасьце, захапіць з сабою мае цёплае бервяно ён ня здолеў. Я прыхінаюся да яго, расьсьцілаю газэту «Вечерний Тбилиси», кладу побач з партрэтам Гамсахурдзіі свой трэці хачапуры, дзякую Бору й асабіста дарагому прэзыдэнту і пагружаюся ў залацістую смугу.

Перада мною мора, усьцяж якога шпацыруе генэрал Калугін. За мною горы, за якімі сядзіць генэрал Дудаеў. Галаваломнае пытаньне Абх. ССР і незалежнае РГ абрастае новымі варыяцыямі: Грузія ўваходзіць у Абхазію, СССР выходзіць з Грузіі, я выходжу з СССР, СССР выходзіць зь мяне...

Чамусьці ад усяго гэтага мяне наведвае востры прыступ самоты. Сьвет здаецца страшэнна няпэўным і крохкім. Ён гатовы абрынуцца на мяне й пахаваць пад сваімі руінамі. Шукаючы духоўнага апірышча, я гляджу на філіжанку з адбітым вушкам. Яшчэ імгненьне, і ад роспачы я загавару зь ёю па-беларуску, спраўдзіўшы адрэдагаванае абяцаньне Лёні Дранько-Майсюка.

I тут з залацістае смугі колеру разбаўленага цынандалі імя Боры Гальперашвілі прыходзіць паратунак. З гэтае смугі выплывае выснова, якая ўкладваецца ў тры словы: Гамсахурдзія — наш чалавек.

Каб не забыцца, я пішу іх на вільготным пяску буйнымі літарамі:

ГАМСАХУРДЗІЯ — НАШ ЧАЛАВЕК.

Праз хвіліну мне здаецца, што гэта ня надта патрыятычна, і побач я дапісваю:

ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ!

Сьвет вакол мяне зноў набывае ўстойлівасьць і надзейнасьць.

— Гамсахурдзія — наш чалавек! — уголас прамаўляю я, дажоўваючы рэшту гумовага хачапуры й запіваючы яго апошнім глытком Боравага цынандалі, у непаўторным букеце якога відавочна прысутнічае хлёрка.

Няроўны белы язык хвалі ліжа мой надпіс. На пяску застаецца толькі:

НАШ БЕЛАРУСЬ!

Даволі доўга я гляджу на гэтыя шматзначныя словы з каўкаскім акцэнтам. Потым падымаюся і кірую да Боры.

Надыходзіць чульлівая хвіліна разьвітаньня. Я люблю Бору Гальперашвілі й адчуваю патрэбу сказаць яму нешта цёплае. Наш чацьверты дыялёг зусім кароткі.

— Калі ты прыедзеш на Беларусь, — кажу я, — цябе будуць зваць Гальпяровіч.

Не азіраючыся, каб не пусьціць скупую мужчынскую сьлязіну, я іду ў авіякасу.

Лістапад, 1991

У нас у Серабранцы

Пераехаўшы ў Менск, я жыў спачатку ў падвале бяз адрасу.

Вядома, я мог напісаць на канвэрце назву вуліцы й паставіць нумар дому, але пошту ў падвал усё адно не насілі, і ў гэтым сэнсе жылося зацішна.

Хто завітваў да мяне на гасьціны, можа засьведчыць, што падвал быў з усімі выгодамі й нават бяз вокнаў. Праўда, адтуль трэба было раз-пораз выходзіць на працу, дзе міліцыя й склала тры пратаколы за пражываньне без прапіскі.

Пасьля гэтага ў Саюзе пісьменьнікаў запыталіся ў мяне, дзе я жыву. Я шчыра прызнаўся: у падвале. Адказныя таварышы пранікліся шкадобаю і праз год далі мне кватэру.

Так я і апынуўся ў нас у Серабранцы, і цяпер за пражываньне на маёй плошчы без прапіскі маю законнае права скласьці пратакол на хамяка Хамейні ды на котку Басю (у афіцыйным дакумэнце будзе фігураваць поўнае імя: Басота).

Апрача асобаў сумнеўных і непрапісаных, у нашым доме ў розны час жылі й жывуць людзі прапісаныя, вядомыя ды заслужаныя.

Па-першае, у нашай кватэры атайбаваўся калісьці пісьменьнік Вячаслаў Рагойша, а да яго заходзіў Уладзімер Караткевіч, які, кажуць, браў тут чарку ды сьпяваў песьні ня горай, чым ён гэта робіць у забароненым некалі фільме паводле ягонага раману «Хрыстос прызямліўся ў Гародні».

Цяпер у нас у доме жыве крытык і перакладчык Галіна (ашчаджаючы яе спакой, абыдземся бяз прозьвішча). Жыве таксама паэтка Валянціна, якая зрэдзьчас падпісваецца псэўданімам Віта Гнаная. Атрымліваецца сапраўдная літаратурная віктарына, да якой можна дадаць пытаньне: які вядомы беларускі археоляг стаўся героем мастацкага твору ў сувязі з тым, што ў яго ў археалягічнай разьведцы ўтапіліся штаны?

1 ... 20 21 22 23 24 25 26 27 28 ... 32
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)