Апошнія ахвяры сьвяшчэннага дуба
- Автор: Ипатьева Ольга Михайловна
- Год: 2006
- Язык: белорусский
- Год: Неман
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «Апошнія ахвяры сьвяшчэннага дуба». Краткое содержание книги:
Маўчаньне панавала ў Вільні, калі Яўнут у адным кажушку зьбег з замку, хаваючыся ад братоў. А скажы колькі слоў Бурыла, а за ім Мікша, Нара ды іншыя вярхоўныя жрацы — і натоўп, страшны сваёй непахіснасьцю і верай у волю багоў, адрэзаў бы ім дарогу да замку, і нічога не змаглі б зрабіць праслаўленыя Альгердавы і Кейстутавы воі.
Вось і цяпер, скончыўшы сьвяшчэнныя сьпевы, Бурыла выступае наперад, схіляецца перад князем:
— Табе добра зараз, вялікі гаспадар? Ці прыйшла да цябе СІЛА?
Некалі ён сатрэ гэтую ўсьмешку на жабіным твары, згасіць затоена-насьмешлівую іскрынку ў вузкіх зялёных вачах! Але зараз Альгерд адказвае спакойна і ветла, і румянак на яго шчаках ня блякне ад гневу, што закіпае ў самых патаемных закутках душы:
— Дзякую, вялікі жрэц. Тваё слова, як заўсёды, дайшло да багоў.
Ён устае, бярэ з рук новага падчашага, што замяніў Няжылу, срэбную брэцьяніцу, куды той налівае віна і мёду, і пырскае гэтай сумесьсю на дуб. Брэцьяніцу ж як падарунак перадае Бурылу. Зялёная іскрынка ўспыхвае ў вачах жраца: па баках чашы залатой вязьзю ўпаяныя два цёмна-барвовыя рубіны вялікага кошту.
— Прашу да майго стала, вялікі гаспадар — зноў схіляецца перад ім жрэц. І ласкава падтрымліваючы князя пад руку, вядзе з пагорку. Асьцярожна пытаецца:
— Ці не было ў цябе, калі сядзеў пад дубам, колікаў у баку?
Альгерд зьдзіўлена глядзіць на валасатае вуха вярхоўнага жраца.
— Былі, вялікі жрэц, але хутка прайшлі. Але адкуль ты ведаеш пра тое?
І загадкава ўсьміхаецца Бурыла:
— Я многае ведаю, вялікі гаспадар. Нават пра тое, што ты шкадуеш братоў-хрысьціянаў Кумца і Няжылу. Што рашэньне тваё няцьвёрдае. Але зараз, кажуць багі, цябе чакае больш важнае: на вагах быцьця і нябыту жыцьцё тваёй жонкі. Яна разбурыла капішча Рагуціса. І нехта павінен выкупіць тую віну. Дык няхай гэта будуць лепей два маладыя прыдворныя, чым вялікая княгіня.
Трывога мацней апаноўвае Альгерда. Як лоўка яны прыдумалі! На адным баку ў яго сэрцы Марыя, на другім — два маладыя прыдворныя. Ці ж будзе ён выбіраць?! Усё разьлічана правільна. Але вялікі князь спрабуе супраціўляцца:
— Мая жонка не старая. Магчыма, прыдворны лекар яшчэ паставіць яе на ногі.
Рука ў Бурылы нібы расплываецца пад локцем Альгерда:
— Хлеб паказаў, што лекар гэтую хваробу не адолее. І агонь у печы сказаў тое ж. Яна ўжо ступіла на дарогу да Ірыя. Але можна, можна яшчэ вярнуць яе адтуль! Калі ты вырвеш з сэрца шкадаваньне да хрысьціянаў. Калі мы ўбачым, што сэрца тваё цалкам аддадзенае старым багам!
— Гаданьне на хлебе? Вы пасьмелі без мяне гадаць на Марыю, кранаць яе?! — вялікі князь аднак асекся. Ня час, ня час сварыцца з Бурылам… І ўсё ж — няўжо такім быў вынік гаданьня? Здаўна кожны ведаў гэты старажытны звычай: хвораму клалі падмышкі па кавалку хлеба. Калі да раніцы хлеб засыхаў, гэта сьведчыла аб тым, што хворы мусіць разьвітвацца з жыцьцём. Але Марыя нічога не казала яму пра гэта! Можа, ёй паклалі хлеб, апаіўшы макам, альбо соннай, калі прытомнасьць пакінула яе?
І Альгерд адчувае, як дробна пачынае дрыжаць у ім страх. Жрацы зьведалі тое, што пакуль было таямніцай для яго, гаспадара Княства, бо ён верыў, што самае страшнае для княгіні яшчэ далёка наперадзе, што яна выкараскалася з небясьпечнай хваробы, і маленьні жрацоў дапамаглі ёй. Яны паслухалі і печ, якая стаіць у княгінінай лажніцы[35]. Калі ўсё гэта праўда… Хуткая сьмерць Марыі можа сапраўды істотна пагоршыць яго становішча: Віцьбеск адразу пачне думаць не аб ягоных інтарэсах, а аб сваіх уласных — сапраўдным спадчынным князі, сынах Альгерда. А ці можа ён давяраць уласным дзецям? Ці не захоча старэйшы Андрэй адасобіцца?
І што такое, сапраўды, жыцьцё двух хлопцаў перад вялізнымі, на паўсьвету, праблемамі Вялікага княства, створанага такімі намаганьнямі, такой крывёй і потам?!
Бурыла ўсьміхнуўся, прачытаўшы ў вачах князя рашэньне, у якім ён ніколькі не сумняваўся.
— Загад аб тым хутка будзе падрыхтаваны. А тады я перадам у твае рукі Кумца. Няжылу, як злодзея, будзе судзіць суд зямны!
— Ты мудры валадар. Але дазволь паправіць: я ўсяго толькі адзін са жрацоў. І таму не ў мае рукі ты аддасі нягодніка, а на агульны суд вешчых старцаў…
Бурыла ледзь хаваў сваю радасьць. Было чым ганарыцца: аддаючы ім Кумца, вялікі князь прызнаваўся ў сваёй слабізьне, не разумеючы, што гэта толькі пачатак. Хутка чарга дойдзе і да іншых. Да дому нядаўна ўсемагутнага Леся, да яго сына Кругляца. Да недаступнай пакуль Уны…
35
Яшчэ да ХХ ст. у асобных мясьцінах Беларусі існавала павер’е: калі напаленая печ трашчыць з левага боку — памрэ гаспадыня. З правай — памрэ гаспадар.