Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Другая проза » Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза
Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза

Электронная книга - «Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза». Краткое содержание книги:

Двухтомнік славутай дачкі беларускай зямлі Ларысы Геніюш пабачыў свет у стагоддзе з дня яе нараджэння. Публікацыя ўвабрала ў сябе не толькі паэзію, але таксама прозу. Уключае зборнік і эпісталярную спадчыну паэткі. Другі том юбілейнага двухтомніка Ларысы Геніюш складаецца з двух раздзелаў – “Проза” і “З эпісталярнай спадчыны (1943-1983)”. У празаічны раздзел увайшлі аўтабіяграфічны нарыс “Сто ранаў у сэрца”, які ў кніжных выданнях не друкаваўся, і дакументальная аповесць “Споведзь”. У эпісталярным раздзеле друкуюцца 160 лістоў паэткі да знаёмых і сяброў, большая частка з іх – упершыню. З лістоў Ларысы Геніюш можна даведацца вельмі шмат таго, чаго нельга прачытаць у кнігах, у літаратурных і гістарычных даследаваннях, ва ўспамінах. Гэтыя лісты каштоўныя дэталямі, якія звычайна губляюцца ў памяці, каштоўныя эмоцыямі паэткі...
1 ... 27 28 29 30 31 32 33 34 35 ... 263
Перейти на страницу:

Вельмі спагадліва аднесліся да мяне Піпэры. Яны былі супраць якога-кольвек майго выезду з Прагі. І вось зноў мяне змушаюць выехаць, і што ім трэба? У Ермачэнкі былі вялікія багатыя апартаменты ў сярэдзіне Прагі. Сам ён не працаваў, яго кабінет вёў нейкі расеец, а ля дзвярэй стаяў такі дзяржыморда, што калі ён не адчыніць дзвярэй, то нельга было выбрацца на вонак. Гэта ўсім было вельмі загадкава. Ермачэнка назначыў дзень і гадзіну мае гатовасці з ім ехаць. Я дала тэлеграму Абрамчыку, каб ратаваў мяне, і зноў пайшла з просьбаю да Піпэраў, якія вельмі праняліся маім лёсам. Што рабіў у гэтай справе Піпэр, я не ведаю, але ён мне сказаў, каб я перад тым, як ісці да Ермачэнкі, пайшла да гестапа й папыталася, чаму, калі мне забралі мужа, грозяць мяне пасадзіць у Асвенцім[90], каб болей нічога не казала. Я так і зрабіла. Мне сказалі, што мяне не пашлюць у Асвенцім і што, калі я не хачу, дык ніхто мяне не мусіць сілаю везці і ў Менск... А я, як цыбуля, надзела на сябе тры пары бялізны, дзіця аддала знаёмым украінцам і гатовая была ўжо йсьці на цярпенне. Мне не верылася, што мяне проста пусцілі. Але да Ермачэнкі я пайшла! Заходжу, дзяржыморда мяне ўпусціў. Заўсёды падкрэслена ветлівы Ермачэнка звярнуўся да мяне, як да нейкае рабыні, нават не запрасіў ні далей прайсці, ні сесці. Папытаўся толькі, ці паеду з дзецям? Тады я яму й пасыпала, што ведала. Ён павалок мяне за руку ў пакой, яго твар перамяніўся зусім! «Чаго чалавек не зробіць дзеля бацькаўшчыны, гэта таму я вас клікаў. Я ўпаду перад вамі на калені й буду прасіць, каб мы ехалі ў Менск, я зраблю Янку міністрам аховы здароўя, толькі едзьце ў Менск». — «Вы не чалавек, вы ж хамелеон, вы ж здраднік! Згінеце вы разам са сваімі немцамі, якія ўжо трашчаць!» А ён не сунімаецца: «Калі немцы прайграюць, я вас завязу ў Швецыю, я забяспечу вас, толькі едзем!» Ну й ну! Ну й каша, ну й дрэнь чалавек. Ах, як цяжка, як небяспечна пісаць для Айчыны, што будзе далей? А далей доктар Піпэр хацеў пісаць на яго, што непакоіць сем’і людзей, якія пасланыя на працу на Усход. Я прасіла яго, каб гэтага не рабіў. Я ніколі не мсцілася, а дарма. Я дорага за гэта заплаціла, яшчэ горай было з мужам і Юрачкам. Я толькі малілася Богу, каб Ён ратаваў нас, бедных, у вадавароце гэтай вайны. Вялікай, амаль адзінай падтрымкай маёю быў мой маленькі, смелы, вельмі харошы сынок.

А тым часам у Богніцах за Прагаю ў санаторыі для цяжкахворых туберкулёзам дажываў свой век Васіль Іванавіч Захарка, міністар фінансаў і намеснік Старшыні Рады БНР. Толькі я ад яго вярнулася, як за пару дзён атрымала ад яго паштовую картку, запырсканую крывёю. Прасіў мяне: «Донечка, хутчэй прыязджай» і г.д. Прыехала якраз і пані Крэчэўская, якая сказала мне, што дзядзька вельмі аслаб, у яго горлам кінулася кроў і ён неадкладна хоча мяне бачыць. Дзядзька даўно ўжо прасіў мяне, каб я часцей да яго наведвалася, ён баяўся іншых людзей, нікога не хацеў бачыць. Дзядзька быў накрыты сваёю коўдраю, белая наўлечка якой была ўся ў крыві. Ён сказаў мне, што прыходзіць канец яго жыцця, што ён быў адным з тварцоў акту Дваццаць Пятага Сакавіка 1918 г., пасля смерці П. Крэчэўскага з’яўляецца Старшынёю БНР і, як выбраны народам сябра ўраду, адыходзячы, хоча перадаць свае паўнамоцтвы дастойнаму чалавеку. Што рабіць? Няма адпаведнага чалавека, ёсць толькі такая жанчына, а жанчына не можа быць прэзідэнтам. Што ж, гэта быў 1943 год... Не, кажу, так рабіць нельга! Нельга браць у магілу ідэі незалежнасці нашага народу! «Нікому не веру, донечка. Ёсць многа людзей, але ў кожнага на некага арыентацыя, а тут трэба быць верным толькі народу. На гэтае становішча я мог бы паставіць толькі цябе, каб ты не была жанчынай». Тады я запрапанавала Абрамчыка. Я доўга даказвала дзядзьку ўсю паважнасць, прадбачлівасць і любоў да Беларусі гэтага чалавека. Я толькі не сказала, што Мікола крыху замяккі, крыху задобры, каб стаць на такое змаганне. Мікола ведаў мовы, вельмі добра арыентаваўся ў палітыцы, ненавідзеў немцаў, умеў выкарыстаць любую нагоду, каб толькі нешта вартаснае зрабіць для Беларусі. Дзядзька папрасіў падаць яму папер. Я паправіла яму падушку, ён сеў і пачаў пісаць тэстамент, які прасіў мяне перапісаць у трох экземплярах на машынцы й назаўтра яму прынесці. Пані Косач-Шыманоўская, сястра Лесі Украінкі, хораша перапісала мне гэты тэстамент, і назаўтра дзядзька Васіль падпісаў іх, яшчэ паправіўшы дробныя памылкі. У тэстаменце Мікола Абрамчык назначаўся Прэзідэнтам Беларускай Народнай Рэспублікі, Ларыса Геніюш — Генеральным Сакратаром БНР. На нас абаіх пераходзіў архіў БНР, які быў у кватэры дзядзькі Васіля. Я неадкладна дала тэлеграму Міколу, каб прыехаў у Прагу. Яго не пускалі. Не пусцілі і яшчэ на адну тэлеграму. Дзядзьку было ведама, што медперсанал падкуплены і яны некаму мусялі адразу паведамляць аб дзядзькавай смерці. Дзядзька жыў, дажываў свой век у вечным страху перад гестапам, ён вельмі баяўся лагера смерці. Нават даючы нам з Міколаю тэстамент, ён прасіў нас нічога не прадпрымаць за яго жыцця. Ён баяўся, каб мы, маючы такія паўнамоцтвы, не паднялі на Беларусі нацыянальнае партызанкі. Мы такі спярша аб гэтым падумалі, але ўрэшце дайшлі да вываду, што гэта было б толькі фізічнае нішчанне нашых людзей. На жэсты мы шкадавалі крыві беларускай. Палітычнае становішча зарысоўвалася так, што трэба было добра аглядацца, дзе, куды і як ступіць, каб толькі не пашкодзіць справе. А цяпер нам было трэба ратаваць, вывозіць з Прагі беларускі дзяржаўны архіў, каб яго не захапілі немцы. Акту прагалошання незалежнасці, на жаль, ужо ў архіве не было. Былі дагаворы з літоўцамі, з Галіцкай Украінскай Рэспублікай і інш., папкі з архівамі міністэрстваў БНР і іншымі важнымі дакументамі.

вернуться

90

Асвенцым — канцэнтрацыйны лагер і лагер смерці, створаны фашыстамі падчас Другой сусветнай вайны на поўдні Польшчы.

1 ... 27 28 29 30 31 32 33 34 35 ... 263
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)