Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза
- Автор: Гениюш Лариса Антоновна
- Год: 2010
- Язык: белорусский
- Год: Лімарыус
- ISBN: 978-985-6968-06-1
- Жанр: Другая проза
Электронная книга - «Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза». Краткое содержание книги:
Я была радая хоць тым, што Мікола мог яшчэ ўбачыць дзядзьку й з яго ўласных рук атрымаць гэты дакумент. Першы экземпляр далі мне, другі Міколу, а трэці пакінуў сабе дзядзька Васіль. Ніхто пра гэта нічога не ведаў, усё рабілася тайна. У Менску ўжо існавала Цэнтральная Рада[91], а гэта быў як другі ўрад, як апазіцыя. Не па нутру гэта было й немцам, якім дэмакратычная БНР не магла й не хацела, ніяк не хацела падпарадкоўвацца. Яны давалі дзядзьку Васілю вялікія грошы, каб ён выступіў ад імя БНР. Дзядзька адказаў ім: «Гэта завялікія для мяне грошы, але замалыя для майго народу». І так жыў ён на вельмі скупыя сродкі ад чэшскага Чырвонага Крыжа. Ён умеў сабе ва ўсім адказаць. Пастушок з дзяцінства, з нішчаты, перанёсшы ў раннім юнацтве туберкулёз, дабіўся саматугам сякога-такога становішча, аб якім не думаўшы кінуўся ў вір барацьбы й змагання за волю свайго народу, ён чэсным і верным застаўся да канца. Найболей было гэта страшным для Сталіна, які ўжо паказаў у 37-м годзе, дый раней, што намерваецца зрабіць з Беларуссю. Нездарма мне сказалі на следстве, што іх паляванне на мяне пачалося якраз з 43-га года. Я гэта адчувала, ведала, чаму мяне хочуць дастаць у Менск, і вельмі, вельмі баялася Ермачэнкі. Каб ён быў з аднымі немцамі, ён даўно выдаў бы Вольфсанаў — думалася мне, але я ведала, што ён вораг чэхаў і наагул вораг дэмакрацыі. Ён вельмі разлічваў на дзядзькаў тэстамент, але дзядзька цяпер яго не баяўся. Дзядзька паміраў. Васіль Русак разлічваў на гэта таксама, але дзядзька не давяраў і яму. Не падабаўся яму й Кастусь Езавітаў[92], сябра ўраду БНР, які жыў у Рызе. Ён пачаў хіліцца да немцаў, хоць гэта было не шчыра, а вонкава. Дзядзька не мог сцерпець і гэтага. Ён казаў мне: «Езавітаў, як генеральская кабыла, заўсёды хоча быць першым» — а тут трэба ўмець і быць апошнім. Прыйдзе час, і будзем першымі не мы, дык патомкі нашыя, на вольнай зямлі нашых продкаў! Час гэты прыйдзе!!! Найболей я баялася ўдару з боку Ермачэнкі, гэта была хітрая штука, ды ў яго руках быў мой муж... Я малілася Богу, каб даў мне сілы быць моцным чалавекам у самых найгоршых варунках жыцця.
Спакавалі мы з Міколам пару чамаданаў нашага дзяржаўнага архіву, і ён павёз гэта ўсё да сябе з думкай усё гэта пераправіць у Францыю. Я й да сяння не ведаю, як яму й ці яму гэта ўдалося. Гэты архіў вельмі хацеў вырваць мне з душы Цанава[93], паставіўшы шмат пазней мяне перад абліччам смерці. Што ж: «Без волі Божай волас мне з галавы не ўпадзе, і я вас не баюся!» — ледзь стоячы на нагах з голаду, хваробы, допытаў і трываўшай ужо год турмы, дастойна й спакойна гаварыла я. А лютасць маіх праследавацеляў і смерць нагла заглядалі мне ў вочы. А пакуль што ў ноч адыходзіў з чамаданамі Мікола Абрамчык, з трывогай аб лёсе хворага дзядзькі Васіля, нашага архіву, нашага народу.
А дзядзька згасаў з кожным днём. 13 сакавіка 43-га года ў нядзелю я наведала яго. Заўважыла, што яго перавялі да найцяжэйшых хворых. Ляжаў ён жоўты, слабы. Хацеў, каб падалі яму судна. Я папрасіла, каб не ўстыдаўся мяне, ён ужо мала на што рэагаваў. Прасіў толькі, каб я так хуценька не хадзіла, каб крыху прысела ля яго. Аддаў мне свой экземпляр тэстаменту й папрасіў, каб гадзіннік яго я пакінула сабе. Я яму абяцала гэта. Мы развіталіся.
91
Беларуская Цэнтральная Рада — дапаможны дарадчы орган, цэнтральная інстанцыя беларускай адміністрацыі на акупаванай тэрыторыі Беларусі. Створаная ў 1943 г. пры Генеральным камісарыяце Беларусі. У БЦР уваходзіла 14 чалавек, прэзідэнтам быў Р. Астроўскі. Пад апеку Бцр немцы перадалі школьную справу, культуру, сацыяльныя службы, а таксама аддалі ў падпарадкаванне вайсковыя і грамадзянскія арганізацыі — Беларускую краёвую абарону, Беларускую народную самапомач, Беларускае навуковае таварыства, Саюз беларускай моладзі. Фактычна спыніла сваю дзейнасць у 1944 г.
92
Езавітаў Кастусь (1893–1946) — палітычны і грамадскі дзеяч, сакратар ваенных справаў у першым урадзе БНР (1918), генерал-маёр (1920). Узначальваў галоўную ваенную ўправу БЦР (1944). У 1945 г. арыштаваны савецкай контрразведкай у Нямеччыне. Памёр пасля катаванняў у менскай турме.
93
Цанава Лаўрэнцій Фаміч (сапр. Джанджгава; 1900—1955) — у 1946—1950 гг. міністр дзяржбяспекі БССР. У 1953 г. арыштаваны па “справе Берыі”, памёр у адной з маскоўскіх турмаў.