Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза
- Автор: Гениюш Лариса Антоновна
- Год: 2010
- Язык: белорусский
- Год: Лімарыус
- ISBN: 978-985-6968-06-1
- Жанр: Другая проза
Электронная книга - «Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза». Краткое содержание книги:
З чэшскім выдавецтвам мы дагаварыліся выдаць беларускія паштоўкі. Гэта зрабіць вайною было цяжка, але зноў, як цуд, чэхі не ўмелі мне ў нечым адказаць. Так і ўбачылі свет 12 харошых відокаў нашай прыроды. Мы, усе славяне, моўчкі сябе падтрымоўвалі, затое ніколі не падтрымоўвалі выданняў з пранямецкім зместам. Але такога ў нас, беларусаў, не было. Народ мы не вельмі знаны, і таму ніхто асабліва да нас не прыглядаўся. Прыгледзеліся толькі тады, калі выйшла мая кніжка. Вось гэта не падабалася. У Прагу прыехаў Ермачэнка, выклікаў мяне й загадаў збірацца ў дарогу, у Менск! Яго госці, працаўнікі гестапа, папыталіся ў мяне, з кім я працую, што выйшла мая кніжка, дзе нічога няма пра Гітлера, пра Герынга й пра новую Еўропу. Я сказала (даслоўна!), што мой талент замалы на тое, каб пісаць пра так высока пастаўленыя асобы. Што я ні з кім не працую. Тады мне сказалі: «Хто не з намі, той супраць нас». Ермачэнка аднёсся да мяне вельмі груба й сказаў мне, што выбару мне няма — толькі Асвенцім ці Менск, каб выбірала. Калі я запыталася, што я там буду рабіць, мне сказалі, што «пропаганда махэн» (рабіць прапаганду). Я кажу ім, што гэта нельга, бо я толькі хатняя гаспадыня й ніякай прапаганды рабіць не ўмею. «А нам патрэбна толькі ваша імя»,— адказаў мне на гэта немец.
Што ж было мне рабіць? Лісты да мужа йшлі доўга, праходзілі праз строгую цэнзуру. Яшчэ восьенню я ледзь вывернулася з чарговай лавушкі. Муж мне прыслаў выклік, каб з сынам прыехала да яго ў госці. Я заўважыла, што ў гэтым былі вельмі зацікаўленыя Ермачэнка й яго жонка. Ермачэнка не вельмі добра высказваўся аб мужу: не падабалася яму, што муж, паводле ягоных слоў, замнога гаворыць, непатрэбнае піша дамоў. Што ён такога пісаў, я ўжо не памятаю. Абое Ермачэнкі ў адзін голас гаварылі мне аб нявернасці майго мужа й каб я да яго неадкладна ехала, каб захаваць сям’ю. Яны мне казалі, што муж завёў сабе проста гарэм! Я ведала, што на такое можна было ўзяць любую агранічаную бабку, зайздрасць асляпляе. Пра гарэм, але ў адносінах да самога Ермачэнкі, прабіліся ўжо весткі праз Варшаву ў Прагу, дык чаму ж сама Ермачэнчыха не збіралася ў дарогу, а, розна палохаючы, выпраўляла мяне? Аднойчы, калі ён прыехаў, дык прывёз мне ад Янкі ліста, у якім той прасіў чайнік, лекаў і другія драбніцы. Аддаючы мне ліста, Іван Абрамавіч папрасіў, каб я напісала верш у яго гонар. Кажу, што магу яму напісаць толькі памфлет. «Дарма, дарма, Ларыса Антонаўна, а вашае фота стаіць у мяне на століку». Я яму сваёй фатаграфіі не давала. Мне казалі прынесці рэчы мужу вечарам. Было там некалькі асоб і, як на ваенны час, багатая вячэра, калі я прыйшла. Што ж, запрасілі й мяне. Я выпіла крыху віна, з’ела кавалачак кураняці з каляф’ёрам. Памятаю гэта таму, што вячэру гэтую я ледзь не заплаціла жыццём. Гутарка была дзіўнай. Усе яны моцна пачалі выступаць супраць непрысутнага Бакача. Выразна нічога не гаварылі, але можна было думаць, што яму нешта грозіць. Я выразіла сваё здзіўленне й папрасіла пры мне гэтага чалавека не ганьбіць... Было позна, калі мы выйшлі ад іх. Адзін чалавек, якога не хачу называць, ахвяраваўся мяне праводзіць дамоў. Я з абурэннем адкінула гэта і, са злосці забыўшыся пра страх, бегла праз Прагу дамоў, бо трамваі ўжо не хадзілі. Сяброў у мяне не было, гэта я пазнавала з вялікім сумам. А дзядзька Васіль з паняй Крэчэўскай жылі за Прагаю.
І вось я атрымоўваю лісты ад мужа, каб да яго прыехаць. Мне гэта не падабалася, але я пачала збірацца. Рабіць гэта трэба было праз гестапа, куды я занесла патрэбныя дадзеныя. Паперы гэтыя й розныя даведкі я мусяла некалькі разоў дапаўняць. Нарэшце, пасля некалькіх тыдняў, а мо й болей, мне сказалі прыйсці па пашпарт. Мы пайшлі разам з Юрачкам, з сынам мне было бяспечней. У пакой, дзе сядзела ля стала поўна людзей, Юрачку не пусцілі. Настрой быў вельмі напружаны, на мяне пільна ўглядаліся з усіх бакоў. Нарэшце сказалі мне, што даюць мне дазвол на паездку ў Слонім, куды ўжо перавялі мужа з клінікі на абласнога лекара, але толькі ў адзін бок. Я смела сказала, што такое не прыйдзе ва ўвагу, на такіх варунках я не паеду. Мне груба сказалі, што чаму ж я ім дурыла галаву й што я там на месцы дастану дазвол, каб ехаць назад. За дзвярыма чакала на мяне маё дзіця, і дух мне заняло, калі я ўсведаміла сабе, куды я яго, абаронцу майго маленькага, з сабою ўзяла.
Назаўтра я дала тэлеграму бацькам мужа ў Зэльве: што мне рабіць? Яны тэлефанавалі Яначцы й тэлеграфавалі мне, каб на такіх варунках нікуды не ехала. Я лічыла, што мне пашыхавала, што гэта была лавушка. Божа мой, што б было? Як мы пасля ўдакладнілі, дык у час, калі мы з Юрам меліся прыехаць у Слонім, там была жудасная аблава, дзе не пыталіся, хто адкуль, а толькі забівалі каго папала. Тады загінула жонка Гальяша Леўчыка[89]. Дык пасля тае вячэры ў Ермачэнкі мяне схапілі жудасныя ваніты, жаўцізна й слабасць. Мяне ледзь выратавалі, паласкалі страўнік, некалькі дзён я не ўставала з ложка, а цяпер зноў такое... Быць паэтам знача не толькі любоў зняволеных землякоў, але й помста сільных ворагаў нашай зямлі й свабоды. Нечаму мне прыпомніўся допыт Когана многа пазней у Менску й дакор, чаму я не прыехала за акупацыі ў Менск, што я шмат дапамагла б партызанам. Нічога я ім не памагла б, паэты не забіваюць, паэты не забываюць крывавага...
89
Леўчык Гальяш (сапр. Ляўковіч; 1880–1944) — паэт і бібліяфіл.