Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У трэці том Поўнага збору твораў увайшлі аповесьці «Мёртвым не баліць» (1965 г.), «Праклятая вышыня» (1968 г.), «Сотнікаў» (1970 г.), «Сьцюжа» (1971 г.).
1 ... 27 28 29 30 31 32 33 34 35 ... 268
Перейти на страницу:

Гамана ў хаце большае, ажыўленне расце. Ужо не-не ды раздасца смех. Параненыя забыліся на свой боль. I ўсё Юркава фляжка!

У куце сярод воблака махорачнага дыму нехта разважліва, са стоеным жаданнем уразіць сваёй удачлівасцю, нетаропка, смакуючы цыгарку расказвае:

— Да-а. Я гэта даўно запрыкмеціў. Душа, яна пачуццё сваё мае. Яна, брат, таксама кіруе. Надоечы ляжу пад плотам — во там сяло бралі, не ведаю, як і завецца. Ляжу гэта, зацішна, кулі верхам ідуць. Здаецца, ляжаць бы ды ляжаць. Чым не схованка. Ды нехта мяне бы штурхае — ану, Пятро, перабягай! Не хочацца ўставаць, кулі свішчуць. Але неяк устаў і — цераз плот, бліжэй да хаты. I толькі гэта ўпаў, ззаду як ірване. Увакурат на тым самым месцы, дзе я ляжаў.

У другім баку, ля перагародкі, напэўна, сабраліся бывалыя, і ў іх ужо іншая тэма.

— Куля што! Куля акуратная. Цюкне і — маленькая дзірачка…

— Асабліва калі навылёт.

— Бы камар укусіць. Месяц, і ўсё гатова.

— Ну, не кажыце. Бывае з рыкашэта каторая, тожа рве добра.

— Куля, куля! Асколак, во хто калечыць…

— Асколак, яно канешне.

— На чвэрць разварочвае. Ды яшчэ дактары на дзве чвэрці распаласуюць.

— Ага. Рассячэнне гэта называецца. Я ведаю. Ужо чацвёрты раз трапляе.

— Ну. Во тады паякочаш. На квартал, не меней.

А аднекуль, са змроку, між людской гаманы прабіваецца ціхі, раздумны голас чалавека, у якога, відаць, набалела на душы, ные і патрабуе падзяліцца. Але не з усімі наўкола, а, пэўна, з адным, тым, хто зразумее і не абсмяе, не пакпіць.

— Панімаеш, прыйшоў… А яна ля мяне ўвіваецца… Кажу, як жывеш, Глафіра?.. Так спакойна, але гляджу, мяльцешыцца ў вачах. А знаеш, людзі мне ўжо што-колечы шапнулі… Сцерва, кажу, каму ізмяняеш? Савецкаму байцу ізмяняеш… Панятнае дзела, рамень ён хоць і брызентавы, ды каляны… Ну, завязаў вешчмяшок і — на станцыю… Капітан кажа: «Ты што, Сакольнікаў, дасрочна?» Дасрочна, кажу, жалаю хутчэй врагоў біць… «Маладзец, — кажа, — патрыёт. Бярыце прыклад з радавога Сакольнікава».

Накінуўшы на сябе паўшубак, цераз людскія ногі да нас пералазіць Каця.

— Ану, пасунься…

— Калі ласка, сястра, — кажа Юрка і паслужліва адсоўваецца, даючы ёй месца ля сцяны. Каця моўчкі садзіцца, захінуўшы калені палой паўшубка.

На ложку з п’яным задавальненнем на твары асклабліваецца сяржант.

— Ганс, ком!

Немец з выдрэсіраванай гатоўнасцю ўскоквае з падлогі.

— Ты за каго? Ану, скажы! Каб усе чулі.

Палонны стараецца зразумець, але гэта яму не ўдаецца, і ён пакутліва лыпае вачыма. Сяржант растлумачвае:

— Ну, хто ты? Буржуй? Рабочы? Фашыст?

— Іх бін дойч лерэр! — урэшце здагадаўшыся, аб’яўляе немец.

Але байцы наўрад ці разумеюць яго і няўцямна глядзяць з куткоў, з лаўкі, з падлогі. Яны пакуль што адваявалі сваё і цяпер добрыя. У вачах задаволенасць і спакой. I хоць бялеюць у змроку забінтаваныя рукі, ногі, галовы, але тое ўспрымаецца цяпер не як бяда, а амаль як удача, бо галоўнае — жывыя. I калі ўсё ж баліць дзе, дык хіба ў тым віна гэтага вось ціхманага, услужлівага і нават палахлівага немца, які здаўся ў палон? Немец, відаць, гэта адчувае і спакойна глядзіць, як з кутка да яго падступае нізенькі, рабатвары, у абмотках пехацінец. Пад накінутым шынялём у яго тоўста забінтаванае плячо. Гэта, здаецца, той, што непакоіўся, а ці налілі немцу выпіць.

— Слухай, фрыц! А ў цябе дзеці ці ёсцека? — пытаецца ён.

Немец няўцямна пазірае на яго.

— Ну, дзеці, панімаеш? Малыя, во такія?

— Кіндэр? — здагадваецца немец і паспешліва адказвае: — Цвай кіндэр. Дава дзіеці…

— I ў мяне двое дзяцей! — нібы здзіўляецца пехацінец, і ягоны рабаваты твар ззяе прастадушным задавальненнем.

I тады з-пад шынялёў з кута вылазіць вялікая цёмная постаць. Не разбіраючыся, што пад нагамі, на кагось наступіўшы і хіснуўшыся, гэты чалавек кідаецца да немца.

— Брэшаш, гад! Свалата ты! Ух, я цябе!..

Вялізны і нязграбны, у прамазучанай целагрэйцы, ён дрыготкімі рукамі выдзірае з кірзавай кабуры наган і шчоўкае, узводзячы курок.

Немец адступае на крок, рукі яго інстынктыўна ўскідваюцца насустрач танкісту.

— Стой! — крычыць з ложка сяржант.

— Ты што?! — крычу я, нязграбна ўстаючы з-пад сцяны.

Нехта яшчэ крычыць. Побач хутчэй за мяне ўскоквае на ногі Юрка. Адною рукой ён хапае танкіста за локаць.

— Спакойна! Спакойна!

Сяржант, саскочыўшы з ложка, засланяе немца.

— Ану, схавай пушку! — уладарна загадвае ён. — Ваяка!..

— Навошта ж дзяцей гэта самае… сіраціць? — збянтэжана пытаецца васпаваты баец.

I тады вялікі ўзрываецца:

— Ах, дзяцей! Такую вашу матары! Ягоных дзяцей шкада! А маіх хто шкадаваць будзе?

1 ... 27 28 29 30 31 32 33 34 35 ... 268
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)