Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2005
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 5-9691-0075-7
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3». Краткое содержание книги:
У трэці том Поўнага збору твораў увайшлі аповесьці «Мёртвым не баліць» (1965 г.), «Праклятая вышыня» (1968 г.), «Сотнікаў» (1970 г.), «Сьцюжа» (1971 г.).
Гэта было вельмі нават нялёгка, асабліва калі ўлічыць журботнае сіроцтва многіх з нас, родныя мясціны якіх былі пад ворагам. А немцы ўсё пёрлі і пёрлі на ўсход, на Сталінград, на Каўказ, стаялі непадалёку ад Масквы. I калі ўсё ж знайшлося такое, што давала нам душэўныя сілы вытрымаць, дык у ім нямала значыла пачуццё таварыства з яго неадмысловым гумарам, добрасцю, шчырасцю. Усё, аказваецца, можна перажыць, калі ў цябе ёсць сябар, з якім многае дзеліцца напалам. Тады ўсе турботы і скруха меншаюць роўна ўдвая, а радасць — дзіўная справа! — удвая павялічваецца. I які б ён ні быў, твой сябар, калі ў цябе няма лепшага, ён робіцца другою часткай цябе самога, і ты ўжо не можаш уявіць сябе асобна ад яго. Адным з такіх сябрукоў быў для мяне Юрка Стралкоў.
Можа, гэта і непрыемна ўспамінаць цяпер, але нашае збліжэнне пачалося з таго, што мы пасварыліся. Пасварыліся, як дурні, без слушнай на тое прычыны, проста, мабыць, таму, што яшчэ дрэнна ведалі адзін аднаго. На палітзанятках, якія ў нас праводзілі проста ў казарме, на праходзе між нараў, палітрук Шаяхметаў пытаўся пра задачы, пастаўленыя ў першамайскім загадзе Вярхоўнага, і я не мог іх пералічыць правільна. Не тое каб я не ведаў гэтыя задачы, але палітрук быў фармаліст і патрабаваў адказаць слова ў слова, як гэта было запісана ў загадзе. Я ж вучыць іх на памяць не меў часу.
Калі была апытана палавіна ўзвода, аказалася, што толькі курсант Стралкоў мог адказаць больш-менш правільна. Вось тады палітрук і прымацаваў Стралкова да траіх адставак па палітграмаце. Але калі Юрка падышоў да нас пасля заняткаў, мы яго не паслухаліся, болей таго, мы з ім пасварыліся (падумаеш, знайшоўся без пяці мінут нампалітрука!). Мы самі не горш за яго маглі вывучыць тыя чатыры або пяць пунктаў. Толькі мы не вучылі.
Стралкоў, вядома, пакрыўдзіўся, бразнуў дзвярыма і пайшоў — думалі, дакладваць начальству, аднак ён не далажыў. Апошняя акалічнасць трохі парушыла нашу непрыязнь да Стралкова, і, каб не падвесці яго (ды і сябе таксама), да наступных заняткаў мы ўсё вызубрылі.
Зімой у вучылішчы стала холадна, у нятопленых вялізных казармах вельмі даймала сцюжа. Напорысты заволжскі вецер на шматгадзінных палявых занятках наскрозь прадзьмуваў нашыя пацёртыя шынялькі. Мы дужа калелі і таму яшчэ болей хацелі есці. Пра яду мы думалі заўжды: на занятках, у нарадзе, на вячэрняй паверцы і нават прачынаючыся ў казарме ноччу. Ля сталоўкі і каля прадсклада заўжды таўкліся курсанты — хворыя, вызваленыя ад заняткаў, тыя, у каго парваўся абутак і не было ў чым ісці ў поле. Усе з галоднай тугой у вачах чакалі шчаслівага выпадку раздабыць што з’есці.
Аднойчы мы з Юркам былі ў каравуле і прастаялі ноч на двухзменным пасту, які на дзень звычайна знімаўся. Гэты пост даваў нам права адляжацца ў каравулцы на нарах (калі толькі не было да нас ніякай патрэбы ў грознага бога роты — старшыны Шквары). Зрэшты, у той дзень першы зранку заваліўся спаць я, бо ўжо адстаяў сваё на пасту, і хроп амаль да снядання. Юрка ж, змяніўшыся пазней, пабег да сталоўкі на здабычу харчу, і там яму надарыўся проста неверагодны па тым часе выпадак.
Узрушаны, ён куляй уляцеў у каравульнае памяшканне і, ледзьве расштурхаўшы мяне, яшчэ адурэлага ад сну, павалок да прадсклада. Аказваецца, там нас чакала крытая аўтамашына, у якой вазілі з горада хлеб і да якой Юрка толькі што занарадзіўся грузчыкам. Загадчык склада, маўклівы пажылы дзядзька ў ватоўцы, нецярпліва чакаў Юрку, хоць побач, наперабой прапаноўваючы свае паслугі, стаяла чалавек шэсць курсантаў. I ўсё ж Юрка, рызыкуючы застацца ні з чым, пабег па мяне, і мы, ледзьве здыхваючыся ад стомы, урэшце залезлі ў жалезны кузаў машыны. Загадчык сеў у кабіну.
Мы ехалі, мяркуючы праз гадзіну вярнуцца, наеўшыся свежага хлеба, і (калі пашанцуе), можа, яшчэ і прыхапіць якую буханачку-другую на заўтра. Дзеля хлеба мы свядома ахвяравалі сняданнем — двухсотграмоваю пайкаю, міскай супу і чаем, — нам даражэй быў хлеб.
Праўда, загадчык склада неўзабаве расчараваў нас. Аказалася, што перш чым ехаць па хлеб, трэба прывезці мяса. Гэта было ўсё ж не тое, што хлеб, але што зробіш — калі ўлезлі ў кузаў, дык мусілі слухацца. З гадзіну мы цягалі на мясакамбінаце баранія тушы ў машыну і наклалі іх столькі, што ледзьве ўлезлі самі. На першы погляд гэта было вельмі заманліва — цэлая гара бараніны, толькі, вядома, карысці з яе мы не мелі ніякай.