Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2005
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 5-9691-0075-7
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3». Краткое содержание книги:
У трэці том Поўнага збору твораў увайшлі аповесьці «Мёртвым не баліць» (1965 г.), «Праклятая вышыня» (1968 г.), «Сотнікаў» (1970 г.), «Сьцюжа» (1971 г.).
— Выбрацца з гэтага свінушніка. Колькі можна чакаць?
— Сказалі — уранні.
— Што значыць — уранні? — запальчыва раздражняецца абгарэлец. — Маёра дык адвячоркам павезлі.
— Маёра ў авіяцыйны шпіталь. Ён лётчык, — кажа сяржант.
— Лётчык? А я таксама лётчык. Вы што — не бачыце? Я гарэў! Зараз жа адпраўляйце і мяне.
Усе змаўкаюць. Сапраўды, гэта не жарты, калі абгарэла гэтулькі скуры. Да таго ж лётчык. Лётчыкаў мы паважаем, было б на чым везці, напэўна, кожны ўступіў бы яму сваё месца.
— Ладна, патрываеце трохі. Вось зараз трусяціны наварым, — прымірэнча кажа Каця і прыкрыквае на немца: — Ану, Гітлер, паварушвайся мне жывей!
Але немец і так завіхаецца, ажно спацеў. Нашай балбатні ён не слухае — уся яго ўвага на працы. Бадай, ён — неблагі дзядзька. Праўда, амаль як і заўжды ўсе палонныя, трохі дурнаваты з выгляду, бо не разумее па-нашаму. А так просты і ўслужлівы, відаць, лёгкі на рукі і ахвочы да працы. Пэўна, сербануў ліха на вайне і цяпер, у палоне, мусіць дагаджаць, бо баіцца. Вось невядома толькі, як ён трапіў у палон: сам здаўся ці зацапалі хлопцы з нашага батальёна? Хоць, зрэшты, гэта не так і важна. Адваяваўся фрыц, і цяпер, відаць, прачынаецца ў ім чалавек, мірны абывацель, рабацяга. Што ж — хай сабе! Мы добрыя, страляць яго не будзем, а дабрата — таксама зброя. Гэта ўжо відаць і па немцу.
13
Мусіць, неўпрыцям задрамаўшы, я зноў ачынаюся, бо гамана ў хаце раптам здорава ўрываецца ў вушы, неяк ажно палохае. Знячывелі, здаецца, быццам штось здарылася, чаго я не магу зразумець. Але ў хаце, відаць, усё па-ранейшаму. Толькі ў печы ўжо не палае, па прыпечку — змрок з іскрамі ў чорнай саламянай трусе. Смачна пахне бульбай і мясам. Каця, сагнуўшыся над казанамі, раскладвае бульбу — у кацялкі, міскі і нават у пустую каску, якую, прысеўшы, трымае перад ёю нізенькі, шыракатвары баец-узбек. Насупраць на падлозе з выглядам пакрыўджанага родзіча сядзіць немец. Кухарская праца ля печы скончылася, патрэбы ў палонным тут болей няма, і ён, відаць па ўсім, адчувае сябе лішнім.
У гэты час за нахіленай Кацінай спіной адчыняюцца дзверы, і ў воблаку сцюжы цераз парог імкліва пераступае нехта ў густа заінелым шынялі.
— Прывет! — весела кідае чалавек ад дзвярэй.
Зусім малады твар яго чырвоны ад сцюжы, голас таксама выдае зусім яшчэ хлапечы ўзрост. Ён паранены і правую руку трымае ля грудзей на бінце-падвязцы.
— О, тут і фрыцы! — радасна здзіўляецца хлопец, згледзеўшы немца. — Гут абенд, фрыц!
Немец ускоквае з падлогі і цвёрда ляскае абцасамі.
— Гутэн абэнд, гер офіцыр!
— Вольна! — усміхаецца афіцэр.
I тут мне штось здаецца знаёмае ў гэтай заінелай постаці. У голасе, паставе, смеху прабіваецца штось зусім нядаўна і зноў жа невядома дзе чутае і бачанае. Пастой, ды гэта ж…
— Стралкоў! Юрка! — крычу я са змроку, стараючыся ўстаць ля сцяны.
Хлопец кідае ў мой бок амаль збянтэжаны позірк і ад разгубленасці на момант разяўляе рот. Ён не пазнае. Ды і ці можна тут пазнаць каго, у гэтай цемры, якую ледзьве разрэджвае адна мігалка на прыпечку (другая патухла ўжо — скончылася гаручка). I ўсё ж хлопец здагадваецца:
— Васілевіч?
— Я самы! Давай сюды!
Сапраўды, гэта Юрка, і я на хвіліну забываюся на ўсе мае беды, няўдачы і нават боль у назе. I як не забыцца, калі гэта — Юры Стралкоў, мой аднакашнік, сябар, малодшы лейтэнант, пехацінец, з якім мы паўгода назад скончылі адно вучылішча і пасля доўгага падарожжа ў таварняку трапілі ў адну армію. Пасля тае пахмурнае раніцы пад Харкавам, дзе нас разлучылі кадравікі, я, папраўдзе, ужо і не спадзяваўся ўбачыць яго. I цяпер вось такая сустрэча!
Шырока стаўляючы між людзей заснежаныя валёнкі, Юрка паспешліва лезе да мяне, хапае адной левай рукой мае пальцы і трасе, трасе.
— Лёнька! Ты жывы, Лёнька!
— Ды вось жыву. А ты? — недарэчна пытаюся я.
Э, вядома, браце, колькі мы перажылі паасобку, адзін без аднаго, — перажылі, наадчуваліся, перапакутавалі. Былі мы зялёныя, толькі і дбалі, што пра свой знешні выгляд ды свежаспечаны воінскі гонар. 3 адной зорачкай на плячах. А цяпер?
Ледзьве ўтаймоўваючы хваляванне, я гляджу ў заценены прыцемкам такі знаёмы, дужа далікатны, як у дзяўчыны, твар сябра. I я прыкмячаю на ім штось новае, невядомае мне, мусіць, нейкія сляды нялёгкага, пакутна-сталага ўжо, што прыйшло да яго за час пасля нашай ростані. У астатнім жа гэты твар ранейшы — тонкія юначыя рысы, далікатная круглявасць падбародка, якога яшчэ не краналася брытва. Зрэшты, цяпер ён ззяе радасцю нечаканай сустрэчы. Юрка азірае мяне і смяецца.