Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У трэці том Поўнага збору твораў увайшлі аповесьці «Мёртвым не баліць» (1965 г.), «Праклятая вышыня» (1968 г.), «Сотнікаў» (1970 г.), «Сьцюжа» (1971 г.).
1 ... 23 24 25 26 27 28 29 30 31 ... 268
Перейти на страницу:

У хаце ціхая гамана, дым ад цыгарак перамешваецца з гаркавым чадам саломы. Сцішана стогне ў паўзмроку нехта з параненых. Матляюцца па столі і прасценках мядзведзяватыя, скасабочаныя цені. Мільготкія водсветы з печы то горача ўспыхваюць, то цьмяна трымцяць на абшкрэбаных сценах мазанкі.

Хутка, мабыць, зварыцца бульба. Я ўжо адчуваю яе духмяную парнасць у хаце і часам забываюся на рану, на стэп з танкамі, на маю сутычку з Сахно, якая чорт ведае чым яшчэ скончыцца. Я вельмі чуйны да кожнага стуку ў сенцах — толькі рыпнуць дзверы, мне здаецца, што гэта ідуць па мяне. Але гэта ходзяць байцы, носяць салому, ваду. А аднаго разу ў хату ўвальваецца доўгі, у расшпіленым шынялі санітар. У абедзвюх руках у яго нешта шэрае і мяккае, якое ён адразу кідае на падлогу.

— Ой, што гэта?

Каця спалохана шастае ўбок. Санітар бязгучна смяецца, асклабіўшы шырокія, нібы конскія, дзёсны. На падлозе дзве нерухомыя трусіныя тушкі.

— Дзе ты іх узяў? — здзіўлена пытаецца Каця. Спалоху ў яе голасе ўжо няма, ёсць здзіўленне і лагода — сапраўды, рады былі бульбе, і раптам — трусяціна!

— Там, у сянёх, — ківае санітар. — Норы ого!

Ён зноў выходзіць здабываць з нор гаспадарскіх трусоў. Каця з несхаваным шкадаваннем на вуснах паднімае за доўгія вушы шэрую мяккую тушку, хвіліну ў ціхім роздуме глядзіць на яе і працягвае кароценькаму санітару.

— На-ка абдзяры…

Санітар заклапочана ссоўвае на патыліцу шапку. Аказваецца, ён не ўмее або не хоча зрабіць гэтае звычайнае справы, таксама як і сяржант і Каця. Іншым жа замінаюць параненыя рукі. Тым часам доўгі санітар прыносіць з сянец яшчэ аднаго забітага трусіка. Але ён таксама не ўмее разабраць і ківае на немца:

— Вунь фрыц хай! Няма чаго дармаеднічаць…

Немец, пэўна, ужо асвойтаўся ў гэтай хаце і з затоенай цікавасцю назірае за тым, што робіцца ля печы. Відаць, ён здагадваецца, у чым справа, і не вымагае сябе прымушаць.

— О фройлян, іхь сделайт.

Каця секунду марудзіць. Акругліўшы вочы, выпрабавальна пазірае на немца, потым вочы яе, прыкметна наліваючыся гневам, вузеюць.

— Ах ты, скурадзёр пракляты! Набіў на людзях руку!

— Ладна, ладна! Хай! — абрывае яе сяржант. — Давай, дзелай арбайт, Ганс.

— Няхай папэцкаецца, а што! — зазначае санітар. — Трымай фінку.

Ён дастае з кішэні крывы садовы ножык на ланцужку, адчэплівае баранчык і аддае нож немцу. Той з гатоўнасцю прысядае на калені і ў святле печы проста на падлозе пачынае свежаваць тушку.

— Айн мамент, фройлян. Бістро. Бістро.

Мы ўсе з цікавасцю назіраем, як старанна ён робіць гэта — надразае заднія лапкі, распорвае шкуру на жываце і, не так умела, як дбайна, урэшце, здзірае з тушкі мяккую вільготную шкурку. Сяржант з ложка пахвальвае:

— О, правільна, Гансік. Пакажы клас. Адразу відаць: спец!

Каця хмурыць бровы, назіраючы за ўпэўненымі рухамі немцавых рук. Светлыя доўгія валасы на яго галаве рассыпаюцца, і ён адтапыраным пальцам раз-пораз адкідвае іх назад.

— Ага, глядзі ты! Маладзец! I тут майстар, — кажа нехта з кута.

— Рукасты.

— Рабацяга бо. Не тое, што вы, — кажа сяржант. — Во, глядзі, якую мне люльку падарыў. Ага!

3 блазенскаю ўсмешкай на нізкалобым шырокім твары ён прыўзнімае ў пальцах выгнуты адмысловы мунштук з мефістофельскай галоўкай на канцы і пакручвае яго ўгары, каб усе бачылі. Падарыў — гэта занадта. Вядома, сяржант прыдбаў яго сам.

— Айн мамент, фройлян! — бадзёра прыгаворвае немец. — Дас іст карошый братэн. Жаркёя.

— Жаркое! Глядзі, разумее! — захапляюцца ў куце.

— А што ж ты думаў! Ці мала нашага дабра перасмажылі за тры гады!..

— Годзе, не бурчы. Ён добры.

— Ага, яны ўсе добрыя. Вось наляцяць пад ранак, дык адны галавешкі застануцца, — разважна кажа нехта ад перагародкі.

У куце ўскідваецца з саломы апяразаны бінтамі абгарэлы.

— Доктар! Доктар тут ёсць?

У хаце ўсе змаўкаюць і зважліва азіраюцца на невідушчага, нібы здань белага ад бінтоў, чалавека.

— Доктара няма, — кажа Каця. — Ён аперыруе. А вам што?

1 ... 23 24 25 26 27 28 29 30 31 ... 268
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)