Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У трэці том Поўнага збору твораў увайшлі аповесьці «Мёртвым не баліць» (1965 г.), «Праклятая вышыня» (1968 г.), «Сотнікаў» (1970 г.), «Сьцюжа» (1971 г.).
1 ... 26 27 28 29 30 31 32 33 34 ... 268
Перейти на страницу:

«Айчынная» — гэта здорава. Трэба б павіншаваць. Але я не віншую — я засяроджана пазіраю ў расчырванелы твар сябра, і ягоныя словы пачынаюць аддаляцца, глухнуць у маіх устрывожаных думках. Сапраўды, гэта адыходзіла пяхота. А дзе ж танкі? Значыць, танкі засталіся. Яны на прыкрыццё. Пяхота, вядома, выйшла раней, падцягвалася да Аляксееўкі, а танкі… Танкі, выходзіць, нацэліліся на нас.

Чорт, мне зноў робіцца кепска. Нейкая нервовая дрыготка скаланае цела, мімаволі мая ўвага скіроўваецца на панадворак: ці не чуваць? Не, здаецца, гулу не чуваць, толькі здалёк праржаў конь ды нехта, прарыпаўшы снегам, прайшоў каля хаты.

У вёсцы пакрысе ўсталёўваецца начная цішыня.

А ў хаце тым часам ажыўленая, без ладу, гамана.

— Ну, будзьма здаровы!

— Каб хутчэй дзіркі загойваліся.

— Кацюша, не адмаўляцца. Ну, хоць трошачкі. За разведчыкаў.

— За пяхоту-матухну.

— А фрыцу? Хлопцы, фрыцу налілі? — непакоіцца нехта ў куце.

— Не, цябе чакалі, — прастуджаным басам адгукаецца сяржант і з поўнаю алюмініевай шклянкай для галення павяртаецца да немца.

— Ганс!

Немец з крыху празмернай паспешнасцю падхопліваецца ад печы і шчоўкае абцасамі:

— Яволь!

— Трымай!

Сяржант перадае ў немцавы рукі шкляначку. Твару таго, павернутага ад святла, добра не відаць, але, здаецца мне, на ім — задаволеная, дабрадушная ўхмылка. Зрэшты, можа, гэта мне здаецца так у прыцемках. Немец трошачкі прыўзнімае шклянку і абвяшчае ў паўпаклоне:

— Гітлер капут!

— Давай, давай! — адабраюць наўкола.

— Ну, паехалі, рабяты! За перамогу.

Я таксама паднімаю вялікую, на паўлітра, луджаную кварту, на дне якой трохі плёскаецца вадкасці — гэта нам з Юркам. Здаецца, мы п’ём з ім першы раз у жыцці, хоць амаль год прабылі ў вучылішчы разам. Але тады было не да выпіўкі — тады марылі абы досыту пад’есці. Вядома, напаўгалодныя тылавыя блазнюкі. Цяпер вось мы паваявалі ўжо і абодва паранены і таму п’ём, як сталыя. А што ж, хіба не заслужылі такое права? Мы забівалі ворагаў і пралілі сваю кроў, колькі разоў ганялася за намі пагібель, але мы абхітрылі яе і жывём. Хіба гэта мала на вайне?

Перш чым выпіць, я трошкі вагаюся і ўлюблёнымі вачыма пазіраю на Юрку.

— Юрка, дружа! Халера! Як добра, што мы спаткаліся!..

Юрка бесклапотна смяецца.

— Ну, давай! Да дна.

Не, да дна нельга. Тры глыткі пякучае вадкасці, пасля — зацятае дыханне, здрадніцкі кашаль з горла. Ого, мусіць, гэта не шнапс — падобна, што спірт! Ну, але тут — гарачую бульбіну ў рот і пасмачку валакністага белага мяса. Пасля мяне, таксама папярхнуўшыся, з кварты дапівае Юрка.

А нішто сабе — і выпіўка і гарачая бульба (каб яшчэ да яе хлеба). Паспешліва, з лёгкім шумам у галаве, ямо. А з душы ўжо хлынае, ірвецца разам перажытае, тое, што адышло ў нябыт ды раптам уваскрэсла для мяне разам з прыходам Юркі.

— Слухай, а ты Драздоўскага не сустракаў?

— Драздоўскі ж загінуў. Яшчэ на Дняпры. Пад бамбёжку трапіў.

— Глядзі ты! Такі асцярожны. А дзе гэта памстаршына наш, Адзінокаў?

— Го, Адзінокаў! Адзінокаў камбатам быў стаў.

— Камбатам?

— Ну. Ды ненадоўга. Ногі адарвала. Нядаўна, пад Пяціхаткай.

— Шкада трохі. А наогул, паскуда ён.

— Паскуда, праўда, — згаджаецца Юрка.

— А не ведаеш, куды Кузняцоў Валька папаў?

— Кузняцоў? Разумееш, не ведаю нават, дзе ён і ваяваў. У яго ж бацька генерал. Памятаеш, ехалі на фронт, — усё кпілі з яго: Кузняцоў, маўляў, да бацькі ад’ютантам пойдзе. А я неяк аднаго разу, — пагадзі ты, не ведаю ўжо, дзе гэта і было, — неяк адышоўся ад дарогі ў бок, да магілкі. Гляджу — таблічка. Чытаю: малодшы лейтэнант Кузняцоў вэ эс… Точна. Наш Валька. Вось табе і ад’ютант…

— Да-а… Ну, ты еш. Бяры во гэтую костку.

— Не, костку ўжо ты бяры. Я бульбу.

Бульбу мы ямо дружна, костка на вечку застаецца — яе не падзеліш. Чорт з імі — танкамі, я ўжо іх не баюся! Урэшце, нічога яны нам не зробяць. Ротмістраўцы з пятай танкавай ужо, мусіць, акружылі Кіраваград. Мы наступаем, наша перамагае. Пляваць нам на тыя танкі, хай сабе дратуюць у стэпе кукурузу. Заўтра падваляць «ІЛы», зробяць ім Сталінград…

Мне робіцца добра, лёгка, нават весела. Я люблю Юрку, Кацю, гэтага арапістага сяржанта ў дэсантнай куртцы. Тых вунь санітараў, што з блажэннымі ўсмешкамі на зашчаціненых тварах падпіраюць плячыма печ. I нават немца. О, як ён мірна і старанна выскрэбвае бульбу з кацялочка — любата глядзець!..

1 ... 26 27 28 29 30 31 32 33 34 ... 268
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)