Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ
- Автор: Грахоўскі Сяргей
- Год: 1973
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ». Краткое содержание книги:
— Эт, ерундовіна. Кукса гэтая ў мяне мудрэй пропуска, каму не тыцну — дарогу дае. Цяпер дадому па чыстай. Тры гады са смерцю ў жмуркі гуляў. Пара старым памагчы і самому на ногі ўзбіцца.— А я, брат, сёмы год як з дому,— памаўчаў, уздыхнуў.— Дзе цяпер той дом, сам не ведаю.
— Ха, чашы пра-а-менька ў Харомнае. Стары з Ганнаю ды Марылькаю на пачатку вайны туды перабраліся,— сказаў дзядок з рэдзенькаю бародкаю.— Яго пан з Хлебавай паляны прапёр. А колькі ён там, гарэтнік, карчоў папаварочваў, колькі карэнняў пападраў, зямлю, як пух, вырабіў, а яго каленам пад зад — і ўвесь табе лад. Дык ён у Гатальскага цяпер з траціны петуецца. З дачкою ўпрэгліся, а сыны за веру, цара і ацечаства ў акопах крываваю юшкай умываюцца.
— Цяпер і я бачу, што гэта дзядзька Цярэшка. Змарнелі ж вы нешта. Каб так дзе сустрэў, дык хоць забі не прызнаў бы.
— Дзіва што змарнеў. Не з вяселля, браце, еду. Дзесяць месяцаў вошы ў бабруйскай цюрме прудзіў. Баланды з тараном пасёрбаеш, сухара згрызеш, а дровы цэлы дзень рэж.
— За што ж гэта вас? — запытаў Аляксандр.
— Каб жа ведаў за што! Ат, за пусты мех, а ў мяху смех. Прысукаўся Урангеляў гіцаль з двара, бытта хвойку ў панскім лесе спусціў, каб з яго сукравіцу пускалі. І павалаклі Цярэшку ў казённы дом. Каб жа сядзець! Пасядзеў бы ўжо, хоць аддыхнуў бы за свой век. Дзе ты бачыў! Трасцу ўседзіш — ускочыць у камеру стражнік і давай сашкаю ад патыліцы да галёнак хвастаць. Дальбог, мужчынкі, не пры вас кажучы, шкура, як на сабаку трашчыць, хоць на бубен нацягвай. І трэба ж такое шчасце! Якраз перад тым, як Мікалашку скінуць, упяклі аж на тры гады. Тых, што проці цара гаварылі і афішкі падкідалі, павыпускалі, а мне кажуць: «Сядзі, зладзюга». От і сядзеў.
— Хто ж цябе выпусціў, дзед? — запытаў Аляксандр.
— Хто? Хто? Дай ім бог здароўечка, бальшавікі. І трэба ж якраз сну прывярзціся. Ні з таго ні з сяго гарачымі аладкамі запахла і бытта старая снедаць катурхае. Ускочыў, аж дулю пад нос — цюрма, братачка, цюрма. Ні аладак, ні бабы. Ужо і вывіднела, а пад'ёму не звоняць, пайку не даюць і на работу не гоняць. Паўставалі, у дзверы гасім — хоць бы табе жывая душа азвалася. Чуваць толькі бегае нехта па калідоры. Пагрукалі крапчэй, аж завала — бразь. Ускаквае ў камару нейкі чорненькі, от такенькі, не больш за мяне, у хромавым каптаніку і шапка ўся шкураная. Ага, дальбог, не брашу. Ускаквае і кажа, дай яму доўгі век, «Выходзьце, кажа, з вяцічамі. Слабода, кажа, таварышы. Новы пераварот у Піцеры. Самы глаўны бальшавік, бытта, бумагу выпусціў, што слабода ўсім. І яшчэ, праўда ці не, але казаў, што зямля — мужыку без усялякага там выкупу, а хвабрыкі — масцеравым за так аддадуць. Ета, казаў, Савецкая ўдасць завецца. А цэрквы і цюрмы, кажа, трэба зраўняць з зямлёю. Ну, цюрмы я сам бы ўсе папаліў, а што ім цэрквы зашкодзілі? Без бога, як той казаў, ні да парога. Без веры чалавек, як гавяда бязрогая.
Аляксандр засмяяўся. Ён паклаў руку на плячо старому:
— Царква, дзядзька Цярэшка, тая ж цюрма для душы чалавека. А колькі зямлі папоўскай па ўсёй Расіі! Чыя яна? Наша! На фронце равуць грывастыя стаеннікі з крыжамі ў руках, забіваць бласлаўляюць, на смерць жывых саборуюць, а за што? От і мазгуй, чыя вера лепшая.
У ліхтары дагарала свечка. Вагон стукаў і рыпеў, зыбаючыся на стыках і стрэлках. За акном чарнела асенняя ноч. Аляксандр на самай верхняй паліцы ўгледзеў шчыгульныя хромавыя боты, што вытыркаліся з-пад афіцэрскага шыняля, цёмную патыліцу, а вуха і твар былі прыкрыты вайсковай фуражкай без какарды.
— Нейкае ваша благароддзе едзе ў наш бок,— кіўнуў на паліцу.
— Садзіўся аскубаны афіцэрык без палётаў, і гузікі сукном паабшываныя. Здэцца, з Ермаліцкай пароды. Як зашыўся ў Бабруйску, дык дасюль не чхнуў ні разу. Відаць, не ў свой вагон сеў,— адказаў стары Цярэшка.
Цягнік спыняўся каля нейкіх слабенькіх агеньчыкаў, чухкаў паравоз, знадворку чутна была лаянка асіплых галасоў. За акном праплывала жоўтая пляма ліхтара, спалохана вішчаў гудок, і зноў павольна ляскалі колы, калыхаўся састаў і поўз у цемрадзь.
У вагоне храплі, чухаліся і мармыталі спрасоння. Стаяў цяжкі дух разапрэлых ануч і аўчын, пякельнага самасаду і дзёгцю. У цёмных кутках дзядзькі гаманілі пра надзелы, пра казённы і панскі лес, пыталіся адзін у аднаго, ці надоўга тая слабода, ці не боязна дзяліць зямлю, каб потым гэта бокам не вылезла.
Аляксандр прыткнуўся на краёчку лаўкі, прыплюшчыў вочы, але не спаў. Ён прыслухоўваўся да ўсяго, пра што гаманілі. Сялянскія трывогі і няўпэўненасць былі зразумелыя яму: людзям не верылася, што зямля можа быць іхняй — скінулі цара, а паны як былі, так і асталіся, і той жа стражнік з мешалкаю пры боку хадзіў па сяле і не аднаго такога Цярэшку ні за панюх табакі загнаў у кутузку. От і баяцца яшчэ. А яны ж цяпер самі — сіла. Толькі адкрый ім вочы, каб паверылі ў сябе, каб зразумелі, што стрэслася ў свеце.