Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ
- Автор: Грахоўскі Сяргей
- Год: 1973
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ». Краткое содержание книги:
— Калі вы на дарозе дзе-небудзь убачыце маленькага сівога чалавека з чамаданчыкам, на ўсякі выпадак прыпыніцеся, магчыма, гэта буду я. Можа і дапамога ваша спатрэбіцца.— Ён горка ўсміхнуўся.— Прыеду, абавязкова прыеду, і назаўсёды.
У Гаўры на прычале ўжо ішла пагрузка. Каля трапа, залітага ўрачыстай ілюмінацыяй нашага цеплахода, станавіліся ў чаргу турысты. У цёмным небе трапятаў ярка-чырвоны сцяг.
— Чаму так рана адплываем? — здзівіліся мы.
— Здымаемся на дзве гадзіны раней,— растлумачыў адзін з нашых матросаў,— французскі лоцман павінен баставаць. Таму і спяшаемся.
На развітанне мы абняліся з Сяргеем Пятровічам, і я завязаў яму свой, слуцкай работы, гальштук.
— Прабачце, што нічога вартага няма пад рукамі,— ён мне даў карту Нармандыі з адзначаным нашым маршрутам і маленькую лістоўку з надпісам «17 МАІ». Такі лісток Ралан ужо наляпіў на кузаў свайго аўтобуса.
Калі адшвартаваліся, мы яшчэ доўга глядзелі на апусцелы прычал. На ім стаяў адзіны маленькі чалавек з паднятаю рукою.
РУДАБЕЛЬСКАЯ РЭСПУБЛІКА
Дакументальная аповесць
ЧАСТКА ПЕРШАЯ
1...
За вокнамі — чорная волкая ноч: ні агеньчыка, ні знічкі.
Вагон гайдаўся і тузаўся на стыках. Цягнік ледзьве поўз у цемрадзь. Можна заскочыць да стрэлачніка, напіцца вады і зноў вярнуцца на сваё месца.
Як ішоў той цягнік, чым дыхаў — ніхто не ведаў, але ішоў, часам спыняўся, пыхкаў, лапатаў параю і ўсё ж поўз, марудна, няўпэўнена, вобмацкам, як сляпы. У закураных ліхтарах моргалі і дагаралі свечкі. Ніхто ў цягніку не спаў. Нават тых, каму ўдалося ўшчаміцца на верхнія паліцы, не браў сон. Хто цяжка ўздыхаў, а хто разважаў уголас:
— От бальшавікі кажуць: зямля — мужыку, фабрыкі — масцеравым. Так то яно так. А як узяць тую зямельку, калі яна панская. Заарэш, толькі сілу стопчаш ды насенне перавядзеш.
— Насенне ўзыдзе, а каму жаць прыйдзецца? От ты мне скажы. А як урэжуць па азадку дваццаць пяць шампалоў, як некалі ў пана Іваненкі.
— Э-э, калі тое было! Тады ж слабоду па царскім маніхвесце давалі, ды з рук не пускалі. Памятаеш — паткнуліся абрэзаць панскія валокі, а казакі па сцягняках як урэзалі, дык аж цяпер свярбяць. А гэтая слабела напраўдзешная, без цара і без пана. Ты б толькі бачыў: у Бабруйску на Казначэйскай падыходзіць дзяцюк да гарадавога, ды як суне кулаком у храпу, той юшкаю і заліўся. Лахі пад пахі ды драла.
— Як бы там пакуль што ні круцілася, а зямля цяперака наша,— стаяў на сваім малады салдат з пшанічнымі вусамі і з перавязанаю брудным бінтам рукою.
— Наша то наша, але ці будзе з яе каша? От вапрос! — сумняваўся сухенькі дзядок з рэдзенькаю бародкаю, колкімі брывамі і з маленькім, як печаны яблык, тварам. На старым выцертая рудая світа, на тоўста накручаных анучах ледзьве ліпелі лапці. У зубах храпла і свістала маленькая счарнелая люлечка. Не, дзядок не спрачаўся, а толькі ўголас гаварыў пра свае сумненні.
Гаманіў увесь вагон. У дыме ад самакрутак знікалі твары, расплываліся калматыя цені ў авечых шапках, кажухах і світах.
Да гаворкі старога з салдатам прыслухоўваўся чалавек у шынялі, у салдацкіх чаравіках з абмоткамі, у шапцы без какарды. Ён сядзеў у кутку, трымаючы паміж каленяў вінтоўку, пад лаўкаю ляжаў яго зацухмолены салдацкі мяшэчак. Ён здагадваўся, што стары і салдат з іхняй воласці, бо ведаюць пра пана Іваненку і пра тое, як мужыкі ў дзевяцьсот пятым годзе дзялілі панскую зямлю, помняць і казацкія бізуны. Але ні таго ні другога ў змроку пазнаць не мог.
— Дый ці доўга ўседзіць гэтая ўлась? — не сунімаўся дзед.— Дом Раманавых тры вякі стаяў, а Керанскі ледзь паўгода праліпеў. Кажуць, у спадніцы драла даў.
Чалавек у шынялі высунуўся на праход, прыгледзеўся да старога:
— Ці не з Карпілаўкі, дзед, будзе?
— А ты чый жа такі ўгадчык? Пачакай, лічнасць недзе бачыў,— дзядок падаўся наперад.— Эге, ці не Раманаў сынок сыскаўся? Толькі каторы?
— Глядзі ты, пазнаў. Ляксандра я, самы большы.
— Я і то думаю, ці не Салаўёў часам Латышок... У водведкі? А мо, дасць бог, насаўсім?
— Наваяваўся за сябе і за ўнукаў, калі дачакаю. Хопіць!.. Сыты па самую макаўку. Пара за зямлю брацца. А яна, дзед, нашая, і не сумнявайся. Крывёю заплацілі за кожны аршын, а купчую сам Ленін падпісаў.
— Ці не кантужаны ты, што ні мяне, ні старога адразу не пазнаў? — усміхнуўся салдат з перавязанаю рукою.
— Ну канечне, Анупрэй! — ляпнуў Аляксандр салдата па плячы.— Дзе ж цябе, чорта, пазнаеш: завусацеў, перапаў, толькі нос ды вусы тырчаць. Як гэта табе собіла нарвацца на дурную кулю?