Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Современная русская и зарубежная проза » Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ
Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ

Электронная книга - «Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ». Краткое содержание книги:

У другі том уваходзяць лепшыя празаічныя творы пісьменніка. Апавяданні «Зялёны агеньчык», «Ганна», «Так і было» прысвечаны актуальным праблемам сучаснасці. Цыкл навел «Сувеніры» расказвае пра цікавыя сустрэчы ў краінах Заходняй Еўропы. Значнае месца ў томе займае вядомая аповесць «Рудабельская рэспубліка».
1 ... 25 26 27 28 29 30 31 32 33 ... 139
Перейти на страницу:

Мы занепакоіліся: няўжо наш Ралан забастуе дзе-небудзь у полі, і нам прыйдзецца «загараць» да канца забастоўкі? Мадам Пеціто заўважыла наш неспакой, нешта сказала Сяргею Пятровічу. Той адразу супакоіў нас, што пагрузка і разгрузка савецкіх суднаў, абслугоўванне савецкіх грамадзян не лічыцца штрэйкбрэхерствам.

— Вось прыедзем у Гаўр і тады забастуем,— ён нешта сказаў Ралану, той азірнуўся і памахаў нам рукою.

Спыніліся ў маленькім, слаба асветленым гарадку недзе паміж Парыжам і Руанам. Вясна пахла цёплым дажджом і язмінам. На мокрым асфальце гойдаліся і расплываліся адбіткі неонавых рэклам. Агні расфарбавалі лужыны ў самыя яскравыя колеры, а вуліцы былі ледзь асветленыя і пустыя.

Мадам Пеціто і яе сябры запрасілі нас на вячэру ў рэстаран з вялікім рэкламным пеўнем. «Пеўнем» ён і завецца. Над дзвярыма бомкае званочак, як бомкаў у часы Бальзака, некалькі прыступак вядуць уніз, у даволі прасторную і ўтульную залу. Па белым абрусе доўгага стала з канца ў канец працягнулася дарожка з чырвоных ружаў і гваздзікаў. Такая нечаканасць кранула нас. Так гаспадар рэстаранчыка віншаваў сваіх гасцей — камуністаў. Абслугоўвала нас немаладая стомленая жонка гаспадара, часам і ён памагаў разліваць сухое віно, разносіў бананы і Мідыі ў вялікіх ракавінах замест талерак, раскладаў бутэрброды і салат і зноў станавіўся за сваю стойку.

У французаў не прынята гаварыць тосты, а на гэтай вячэры наш гід ледзве паспяваў перакладаць усё, што гаварылі мы і французы. Гаварылі шчыра і ўсхвалявана, часам са слязой і вялікай узрушанасцю. Пад апладысменты нехта з нашых мужчын ставіць на стол пляшку «Сталічнай». Частуем толькі французаў. Гаспадар цмокае і ад задавальнення заплюшчвае вочы, дае пакаштаваць жонцы і нават некалькі кропель маленькай чарнявай дачушцы. Прыклаўся да «маскоўскага напітку» і шафёр. Мы спалохаліся, што не даедзем у час, што можа затрымаць паліцыя. Супакоіў Сяргей Пятровіч:

— Французы п'юць віны з дзяцінства і кожны дзень, а пасля «Сталічнай» аўтобус пабяжыць яшчэ хутчэй. От пабачыце. Дарога вольная: Францыя бастуе.

На разыходзіны мы заспявалі «Бывайце здаровы». Спявалі хто на якой мове ведаў, патрапляючы ў мелодыю, імправізуючы нешта сваё, падцягвалі і французы. Гаспадар, стоячы за буфетам, спрабаваў дырыжыраваць.

Развітваліся горача і шчыра. Запісвалі адрасы (але так, вядома, ніхто нікому і не напісаў), абдымалі шыракаплечых гарбароў, цалавалі шурпатыя рукі пасівелых работніц. Яны вярталіся дамоў, а нам трэба было спяшацца на цеплаход. Ён быў нашым гасцінным, утульным і вельмі сваім домам. Аўтобус сапраўды ішоў весялей і жвавей: Ралан неяк бесклапотна круціў баранку і напяваў эстрадныя песенькі. За акном была цёмная вільготная ноч. Сяргей Пятровіч сядзеў наперадзе, згорблены, прыцішаны і сумны. Потым павярнуўся і папрасіў:

— Давайце паспяваем на развітанне.

Усе заварушыліся. «Кацюшу», «Прощай, любимый город» — падзяліліся жаданні і густы.

— А «Картошку» вы ведаеце? — спытаў Сяргей Пятровіч і ціха, трошкі шапялявячы, заспяваў. Мы падхапілі даўнюю піянерскую песню. Успомніліся колішнія паходы, вогнішчы над туманнаю рэчкаю, сябры тае далёкай пары. А што яна напомніла Сяргею Пятровічу, пра што ён думае цяпер?

Калі пераспявалі ледзь не ўсе папулярныя песні, пачалі інтэрнацыянальны канцэрт: літоўцы зацягнулі сваю меладычную дайну, неўзабаве ім падпяваў увесь аўтобус, гучала наша «А ў полі вярба». Песня змяняла песню.

Рэдкія сустрэчныя машыны сляпілі вочы і на хвіліну асвятлялі твары суседзяў. Сяргей Пятровіч сядзеў моўчкі, толькі паблісквалі акуляры і часам мільгаў профіль яго сухога твару.

Нібы вялізнае вогнішча, праплыў у тумане заліты агнямі Руан. Нехта спытаў, ці ёсць тут помнік Жанне д'Арк. Заўсёды чуйны да кожнага пытання Сяргей Пятровіч маўчаў. Я нахіліўся да яго. Вочы былі заплюшчаны, тонкія жылаватыя рукі абхапілі вострае калена, а па глыбокіх маршчынах на твары цяклі слёзы, ён іх толькі расцёр і павярнуўся да мяне.

— Прабачце, не вытрываў. Так заўсёды, як пачую нават самую вясёлую нашу песню,— ён падкрэсліў нашу і, памаўчаўшы, дадаў: — Каб вы толькі ведалі, як мне пуста і адзінока ў гэтым вялізным горадзе. Як у лесе. Адзін, зусім адзін. А ўспомню радзіму, уся душа баліць, крычаць хочацца. Чым далей, тым вастрэй боль. Мабыць, настальгія...

— А вы б вярнуліся...— асцярожна параіў я.

— Рад бы... Бачыце, жонка ў мяне дванаццаты год паралізаваная. Куды мне з ёю? Радні не засталося...— Памаўчаў.— А паміраць усё ж прыеду дадому.

— Што вы, Сяргей Пятровіч, не паміраць, жыць прыязджайце. Вы ж ведаеце, як у нас цяпер.

1 ... 25 26 27 28 29 30 31 32 33 ... 139
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)