Беларусь пад нямецкай акупацыяй
- Автор: Туронок Юрий
- Язык: белорусский
- Жанр: История
Электронная книга - «Беларусь пад нямецкай акупацыяй». Краткое содержание книги:
Такім чынам, надзеі Шчорса і яго групы на хуткае зьдзяйсьненьне іх палітычных плянаў разьвеяліся пасьля прыбыцьця на Беларусь. З распараджэньня айнзацгрупы, вайсковыя ўлады выкарысталі іх для стварэньня адміністрацыі ў Менску і навакольлі. Бурмістрам гораду Менску быў прызначаны малады лекар Вітаўт Тумаш, яго намесьнікам — Адам Дэмідэцкі-Дэмідовіч, а камандзірам гарадзкой дапаможнай паліцыі — Зьміцер Касмовіч. Арганізацыяй адміністрацыі ў Менскім раёне заняўся Мечыслаў Контаўт, у Віцебску — Усевалад Родзька. Затое Шчорс застаўся безь ніякае пасады, хоць у якасьці кіраўніка «Цэнтру» і групы прыбылых эмігрантаў ён, напэўна, разьлічваў адыграць больш важную палітычную ролю.
Тым часам на галоўным месцы ў беларускай адміністрацыі нечакана апынуўся Астроўскі, пакінуўшы ззаду ня толькі Шчорса, але і галоўнага свайго суперніка — ксяндза Гадлеўскага, які 22 чэрвеня быў пакліканы на працу на бэрлінскую радыёстанцыю і ўлетку 1941 г. ня мог прыехаць на Беларусь. Астроўскі таксама разьлічваў на магчымае стварэньне беларускага ўраду і спадзяваўся, што зможа яго ўзначаліць. Няўдача Шчорса яго не напалохала — Астроўскі быў занадта дасьведчаны гулец. Прыбыўшы ў Менск, ён неўзабаве, прыкладна 10 ліпеня, атрымаў пасаду шэфа адміністрацыі Менскай акругі. Дагэтуль прадстаўнікам мясцовага насельніцтва даручалі кіраўніцтва толькі павятовымі або гарадзкімі ўправамі. Яму, такім чынам, было даручана кіраўніцтва значна вышэйшага ўзроўню — Менская акруга лічылася сталічнай. У герархіі мясцовых дзеячоў гэта была пасада нумар адзін. Заняўшы яе, Астроўскі разьлічваў зь цягам часу павялічыць свой уплыў і на базе ўправы Менскай акругі стварыць цэнтральны орган беларускай адміністрацыі.
Але ў той час на Беларусі панавала сытуацыя, якая не спрыяла зьдзяйсьненьню падобных плянаў.
Па-першае, Гітлер так і ня вызначыў сваю пазыцыю што да ўсталяваньня «новага парадку» на ўсходзе.
Па-другое, Астроўскі ня меў бы падтрымкі сярод правінцыйнай адміністрацыі, якая стваралася пад кіраўніцтвам Вэрмахту, — у пераважнай ступені тут дзейнічаў небеларускі элемэнт.
Таму перш-наперш ён пачаў зьбіраць вакол сябе беларускую інтэлігенцыю. Дзеля гэтага трэба было аднавіць старыя кантакты на Беларусі. Астроўскі зьезьдзіў у Вільню, дабіўся згоды некалькіх асобаў на супрацоўніцтва, дамогся ў немцаў дазволу на пераезд у Менск або ў ваколіцы. Гэтыя захады Астроўскага знаходзілі падтрымку ў СД. Тут з трывогаю назіралі за ростам палітычнага ўплыву палякаў у Заходняй Беларусі і шукалі выйсьця ў расшырэньні беларускай адміністрацыі.
Такім чынам, адміністрацыйны апарат, створаны на Беларусі ў першыя тыдні акупацыі, быў вельмі разнашэрсным. Побач з выпадковымі элемэнтамі і функцыянэрамі ніжэйшага ўзроўню, якія шукалі звычайнай працы, ён быў важнай і адзінай ува ўмовах вайсковай адміністрацыі легальнай сфэрай дзейнасьці мясцовых палітычных групаў, якія шляхам заняцьця кіраўнічых пасадаў у дапаможным апараце імкнуліся забясьпечыць сабе ўплыў на хаду падзеяў згодна з сваімі мэтамі. З пункту гледжаньня ідэалягічных матываў у гэтым апараце ўдзельнічалі:
- беларускія дзеячы, якія імкнуліся да стварэньня незалежнай беларускай дзяржавы;
- польскія дзеячы, якія імкнуліся аднавіць становішча, што існавала да верасьня 1939 г.;
- дзеячы савецкага падпольля розных нацыянальнасьцяў, якія выконвалі дывэрсіі і выведзаданьні дзеля вяртаньня становішча, што панавала да чэрвеня 1941 г.
Сутыкненьне гэтых палітычных сілаў непазьбежна павінна было прывесьці ўва ўмовах акупацыі да польска-савецкага канфлікту за Заходнюю Беларусь, паколькі беларускі нацыяналізм станавіўся перашкодай як для польскага, так і для савецкага падпольля, таму абодва бакі ставіліся да яго аднолькава варожа. Прэлюдыяй у гэтай барацьбе «ўсіх з усімі» на першым этапе акупацыі стаў польска-беларускі канфлікт.
Першай яго праявай былі стараньні былых земляўласьнікаў вярнуць сабе страчаныя маёнткі і інвэнтар, падтрыманыя нямецкімі вайсковымі ўладамі і мясцовай адміністрацыяй. Многія распарцэляваныя[66] землі або маёнткі, некалі пераробленыя на саўгасы, улетку 1941 г. зноў апынуліся ў руках старых уласьнікаў. Адпаведных юрыдычных распараджэньняў наконт рэгуляцыі правоў на зямлю яшчэ не было, таму колішнія гаспадары лічыліся цяпер фармальна адміністратарамі сваіх маёнткаў, такім чынам, іх сацыяльны статус ад гэтага мала зьмяняўся. Засталося нямала дакумэнтальных ілюстрацыяў таго, як праходзіў гэты працэс, мы, аднак, абмяжуемся толькі трыма, узятымі з тагачасных польскіх крыніц, — яны досыць поўна характарызуюць яго праявы і вынікі.
66
Парцэляцыя — падзел тэрыторыі на невялікія ўчасткі. — Polochanin72