Беларусь пад нямецкай акупацыяй
- Автор: Туронок Юрий
- Язык: белорусский
- Жанр: История
Электронная книга - «Беларусь пад нямецкай акупацыяй». Краткое содержание книги:
У ліпені 1941 г. ува Усходняй Беларусі быў створаны шэраг камітэтаў з тымі самымі функцыямі, што і ў заходняй частцы краю. Цяжка даць пэўную ацэнку іх дзейнасьці, бо і тут у першай палове жніўня яны былі распушчаны. Але цікава адзначыць, што, паводле данясеньняў Айнзацгрупы «Б», у адрозьненьне ад Заходняй Беларусі, роспуск камітэтаў не выклікаў сярод усходнебеларускага насельніцтва асаблівай рэакцыі. На гэта ўплывала адсутнасьць нацыянальных супярэчнасьцяў у рэгіёне.
Не заўважалася тут і сур’ёзных сацыяльных канфліктаў, бо гэтаму ў вялікай ступені спрыяла захаваньне папярэдняга аграрнага парадку. «Кулакі», якіх высялялі зь вёскі ў 30-х г., цяпер вярталіся з высылкі і атрымлівалі свае старыя хаты або дапамогу для будоўлі новых. Жонак і дзяцей эвакуяваных функцыянэраў калгасьнікі прымалі ў свае суполкі. Там, дзе не было прычынаў для асабістай помсты, захоўвалася прыязнае стаўленьне да мясцовых партыйцаў, камсамольцаў і міліцыянтаў. Людзі лічылі, што звычайны чалавек не павінен адказваць за рашэньні ўладаў. Грунтуючыся на сьведчаньнях усходнебеларусіх эмігрантаў, амэрыканскі гісторык Нікалас Вакар сьцьвярджае, што на пачатку акупацыі ідэалягічныя матывы не аказвалі ўплыву на грамадзкія зносіны. Тое самае датычыла і акупантаў.
Іх успрынялі, як і многіх іншых у мінулым, не як немцаў, але як людзей, якія несьлі надзею на перамены.
Гэтая ацэнка, вядома, не была справядлівая для ўсяго грамадзтва, бо ўжо зь першых дзён акупацыі пачалося стварэньне савецкага падпольля і партызанскіх атрадаў. У недалёкай будучыні гэты рух зробіцца адным з найважнейшых вызначальных фактараў акупацыйнай гісторыі Беларусі, пакуль што ён быў яшчэ ў зародку, хоць летам 1941 г. было занатавана шмат дывэрсійных акцыяў. Калыскаю і базай руху супраціву стала Усходняя Беларусь, дзе ў часе эвакуацыі быў закладзены яго арганізацыйны падмурак.
Характар мясцовай адміністрацыі і паліцыі ўва Усходняй Беларусі і сам працэс іх стварэньня аказаліся пад уплывам тутэйшай грамадзкай сытуацыі. У адрозьненьне ад сваіх заходніх суродзічаў, жыхары гэтай паловы краю не выяўлялі асаблівай ініцыятывы ў такой сфэры. На думку Вакара, беларускае насельніцтва, на працягу дваццаці гадоў пазбаўленае права выбару, і цяпер не было падрыхтавана да нейкіх уласных пачынаньняў. Ініцыятыва належала вайсковым камэндатурам: яны пад прымусам набіралі людзей для мясцовай адміністрацыі або ішлі насустрач кандыдатурам, якіх падтрымлівала насельніцтва. Тым ня менш працэс гэты ішоў зь вялікімі перашкодамі, асабліва на вёсцы, і куды больш марудна, чым у Заходняй Беларусі. Ужо на пачатку жніўня Айнзацгрупа «Б» паведамляла, што на ўсход ад Менску народ ня хоча займаць аніякіх пасад, баючыся вяртаньня савецкіх уладаў або начной помсты партызан.
На гэтай зямлі, як і на астатніх тэрыторыях, Вэрмахт не кіраваўся нацыянальнымі крытэрамі пры падборы кадраў. У адміністрацыі і паліцыі служылі беларусы, расейцы, з асаблівай ахвотай сюды бралі фольксдойчаў, якіх у адным толькі Менску налічвалася 150. У некаторых мясцовасьцях вайсковыя ўлады вярталі на пасады былых савецкіх службоўцаў, прытым нават і камуністаў, якія з тых ці іншых прычын засталіся на Беларусі. Быў абвешчаны прызыў у дапаможную паліцыю. У яе шэрагах апынулася, між іншым, нямала ваеннапалонных і савецкіх міліцыянтаў. Новыя ўлады высока ацэньвалі іх прафэсійнасьць і досьвед. Частка гэтых людзей пайшла ў паліцыю на заданьне савецкага падпольля.
На фоне гэтага канглямэрату вылучалася група эмігрантаў на чале з Шчорсам. Яны разьлічвалі на стварэньне ў Менску часовага беларускага ўраду. Але тут іх спаткала расчараваньне. Зараз жа па прыезьдзе айнзацгрупа пасьпяшалася «пераканаць» іх у тым, што яны ўзяліся за марную справу, бо пазыцыя Нямеччыны што да беларускага пытаньня яшчэ ня вызначана — Гітлер ня даў сваіх дырэктываў, і распачынаць палітычную дзейнасьць зарана. Апрача выкананьня інструкцыяў, адзіных для ўсёй дапаможнай адміністрацыі, гэтым дзеячам дазволілі толькі весьці прапаганду дзеля ўзмацненьня нацыянальнай сьвядомасьці беларусаў, каб адмежаваць іх ад расейскага ўплыву.