Беларусь пад нямецкай акупацыяй
- Автор: Туронок Юрий
- Язык: белорусский
- Жанр: История
Электронная книга - «Беларусь пад нямецкай акупацыяй». Краткое содержание книги:
У лінеш 1941 г. віленскі «Goniec Codzienny» апублікаваў уражаньні аднаго ўласьніка маёнтку ў Ашмянскім павеце. Ён перад прыходам саветаў схаваўся ў Вільні, а з пачаткам нямецкай акупацыі вярнуўся на сваю зямлю. Па дарозе ён запытаўся ў сустрэчных сялян, куды падзеліся яго каровы, коні і мэбля. Прыбыўшы на месца, ён склікаў мужыкоў і сказаў ім:
— У цябе, Валодзя, — мая сіўка, у цябе, Пецька, — мая гнедая кабыла, а ў цябе, солтыс, — мая жняярка. Каб мне гэта ўсё за гадзіну было на сваім месцы, бо гэта вам не калгасная і ня ваша ўласнасьць, яна заўсёды была мая.
— Мы і так ведаем, паночак: што наша, то наша, а што пана, тое вернем. Мы ня хочам нікому крыўды. Як некалі было, так і цяпер будзе. Будзем разам працаваць.
І пачалі памалу, бязь сьпеху, як гэта ў нас звычайна робіцца на Беларусі, звозіць жывёлу і інвэнтар. Дзякуй Богу, што яшчэ змогуць з палеткаў, засеяных увосень ці ўвесну, сабраць жніво — ураджай абяцаў быць багаты.
У дадатак да гэтага паведамленьня «Goniec Codzienny» пісаў, што
такія адносіны цяпер пануюць усюды на Беларусі. Нідзе няма ніякіх сутычак. За гэтым сочаць мясцовыя ўлады, прызначаныя вайсковай камэндатурай.
Не падзяляў гэтай думкі орган падпольнай Дэмакратычнай партыі — «Nowe Drogi», пішучы наступнае:
…Улетку 1941 г. на апусьцелыя сядзібы пачалі вяртацца «панове». Адны вярталіся зь цяжкага бяздомнага блуканьня зь вялікім запасам досьведу і разваг. Яны стараліся наладзіць стасункі зь вёскай тактоўна і спакойна, кампрамісна. Але іншыя прыяжджалі разьюшаныя, поўныя помсьлівага запалу, яны прагнулі адплаты за тое, што было. Пачаліся скандальныя сцэны гвалту пры адбіраньні жывога і мёртвага інвэнтару. Ня раз — з зваротам да нямецкіх уладаў па дапамогу пры ўстанаўленьні права ўладаньня. Немцы ахвотна мяшаліся ў справу і «кавалі морды» мужыкам, абараняючы «справядлівыя прэтэнзіі польскага пана». Мы ведаем прозьвішчы тых людзей, што бачылі ў нямецкім акупанце дабрадзея і абаронцу. У будучыні іх спасьцігне справядлівае і суровае пакараньне. Але факт застаецца фактам: сёньня мы бачым, як віленская вёска, якая за два гады бальшавіцкай улады страціла сымпатыі да камунізму, цяпер нанова пачынае іх набываць. Спрытны агітатар ужо шэпча мужыку: «Хацелі — дык во, смакуйце цяпер наноў сваю “панску Польску”».
«Абуральныя сцэны гвалту», пра якія пісалі «Nowe Drogi», не абмяжоўваліся, аднак, толькі «каваньнем морды» мужыкам, у некаторых мясьцінах пацягнулі супраціў і людзкія ахвяры, пра што восеньню 1941 г. даносіла выведка ЗУБ:
На беларускія тэрыторыі часта вяртаюцца земляўласьнікі пад аховай нямецкай жандармэрыі. Гэта выклікае канфлікты зь сялянамі, у якіх адбіраюць улучаныя ў калгасы фальваркавыя землі і рознае забралае з двара рухомае майно. У аколіцах Ліды на гэтым фоне былі закалоты, жандары застрэлілі больш за дзясятак сялян. Немцы ствараюць бачнасьць, што «вяртаюць Польшчу» і такім спосабам ствараюць антаганізм паміж беларусамі і палякамі.
Займаньне пасадаў у мясцовай адміністрацыі і вяртаньне былых паноў у свае фальваркі нямецкая служба бясьпекі расцэньвала як этапы ажыцьцяўленьня адзінага польскага пляну — вяртаньне Заходняй Беларусі пад сваё панаваньне і аднаўленьне даверасьнёўскага status quo. Нэўтралізацыя і вывад з гульні самых актыўных беларусаў былі трэцім мэтадам ажыцьцяўленьня гэтага пляну: іх лічылі за палітычных праціўнікаў. Такія настроі падаграваліся прагай помсты за падзеі 1939–1941 г., тут перапляталіся грамадзкія інтарэсы і асабістыя рахункі. Ня дзіва, што ўжо ў першыя дні акупацыі палякі пачалі даносіць на беларусаў, выкрываючы іх сапраўдны або ўяўны бальшавізм. Паводле беларускіх крыніц, такія здарэньні адбываліся на шырокім абшары і былі прычынаю вялікіх ахвяр летам 1941 г., асабліва сярод інтэлігенцыі. Стварылася атмасфэра польскага засільля і антыбеларускага тэрору. Характарызуючы тагачасную сытуацыю ў Вялейскай акрузе, Аляксандар Калодка піша, што пры гэтай атмасфэры
шмат хто з інтэлігенцыі пакінуў акругу, ня бачачы ніякай магчымасьці грамадзкай працы.