Беларусь пад нямецкай акупацыяй
- Автор: Туронок Юрий
- Язык: белорусский
- Жанр: История
Электронная книга - «Беларусь пад нямецкай акупацыяй». Краткое содержание книги:
Гітлер імкнуўся поўнасьцю падпарадкаваць сваёй уладзе вырашэньне будучага лёсу ўсходніх народаў і тэрыторый. Ён разьлічваў, што перамога над СССР прыйдзе хутка, і таму ня бачыў патрэбы ў палітычным супрацоўніцтве з насельніцтвам занятых земляў. Гэтыя меркаваньні ляглі ў падмурак арганізацыі і дзейнасьці акупацыйнага цывільнага кіраўніцтва. Такім чынам, замест папярэдне заплянаваных адміністрацыйных адзінак — Прыбалтыкі, Беларусі і Ўкраіны — дэкрэт Гітлера ад 17 ліпеня прадугледжваў стварэньне новых райхскамісарыятаў на чале зь нямецкімі чыноўнікамі. На думку Мадайчыка, гэта азначала, што Гітлер адмовіўся ад ідэі пераўтварэньня гэтых земляў у васальныя тэрыторыі на карысьць беспасярэдняга, поўнага нямецкага панаваньня каляніяльнага тыпу.
Напачатку быў створаны райхскамісарыят Остлянд зь сядзібаю ў Рызе. Узначаліў яго прызначаны Гітлерам райхскамісар Гэнрых Лёзэ. У склад Остлянду ўвайшлі прыбалтыйскія краіны — Літва, Латвія, Эстонія, а разам зь імі — Беларусь, якая яшчэ ў чэрвені, паводле пляну Розэнбэрга, павінна была вылучыцца ў асобную адміністрацыйную адзінку. Цяжка сказаць дакладна, чаму адбылося гэтае аб’яднаньне. Дакумэнтальныя архівы міністэрства Розэнбэрга не даюць на гэта адказу. Паводле апублікаваных пасьля вайны ўспамінаў Ота Бройтыгама, кіраўніка палітычнага аддзелу ў гэтым міністэрстве, ідэя злучэньня прыбалтыйскіх краін і Беларусі ў адным райхскамісарыяце Остлянд нарадзілася з імкненьня стварыць на ўсходзе больш-менш роўныя па велічыні і значэньні адміністрацыйныя адзінкі. Бо інакш, пры захаваньні адасобленасьці паміж Прыбалтыкай і Беларусьсю, узьніклі б дыспрапорцыі ў параўнаньні зь вялікім райхскамісарыятам Украіна.
І сапраўды, нялёгка знайсьці нейкія іншыя матывы такога аб’яднаньня: паміж Прыбалтыкай і Беларусьсю існавала шмат адрозьненьняў у многіх галінах. Карэньні гэтых адрозьненьняў сягалі ў гісторыю міжваеннага дваццацігодзьдзя. У гэты пэрыяд Літва, Латвія і Эстонія існавалі як асобныя самастойныя дзяржавы. Усходняя Беларусь тады ўваходзіла ў склад СССР, а яе заходнія землі былі часткаю Польшчы. Адсюль вынікала неаднароднасьць гаспадарчых структур, якая не пасьпела зьнікнуць за час кароткага існаваньня савецкай улады перад гітлераўскім нашэсьцем. Немалую розьніцу можна было назіраць і ў этнічным складзе тутэйшага жыхарства, і ў яго нацыянальнай сьвядомасьці.
Такім чынам, Остлянд быў задуманы як штучнае аб’яднаньне разнародных тэрыторыяў. Гэты факт усьведамлялі на ўсіх ступенях нямецкай чыноўнай герархіі. Асабліва важкія прычыны для незадавальненьня такой сытуацыяй былі ў Лёзэ — ён беспасярэдне адказваў перад бэрлінскім кіраўніцтвам за дзейнасьць адміністрацыі на гэтых землях. У сваім артыкуле, апублікаваным у студзені 1942 г., ён сьцьвярджаў, што трэба ўлічваць тэрытарыяльную неаднароднасьць і адпаведна прыстасоўваць тактыку адміністрацыі — на Беларусі яна павінна быць інакшая, чым у Прыбалтыцы. У траўні 1944 г., г. зн. напрыканцы акупацыі, аб’яднаньне гэтых дзьвюх земляў Лёзэ ацаніў як «вельмі шкоднае». У Бэрліне таксама ставіліся адмоўна да гэтага зьліцьця. Ужо ў кастрычніку 1941 г. Розэнбэрг адзначаў, што райхскамісарыяты — гэта часовае адміністрацыйнае рашэньне, а ў сярэдзіне 1942 г. сьцьвярджаў, што саюз Беларусі і Прыбалтыкі існуе да пары.
Апрача таго, паўставала спэцыфічнае пытаньне прызначэньня гэтых тэрыторыяў у нямецкіх пэрспэктыўных плянах. Паводле праекту, апрацаванага Розэнбэргам і зацьверджанага Гітлерам 16 ліпеня 1941 г., Прыбалтыка ў будучыні павінна была стаць нямецкай правінцыяй. Так лічылася да канца акупацыі. Затое будучыня Беларусі не была прадвызначана канчаткова і адназначна. Адсутнасьць пэўнай, акрэсьленай канцэпцыі ў нямецкіх кіраўнічых колах дала падставу для ўзьнікненьня ў пазьнейшай пасьляваеннай літаратуры разнастайных поглядаў на гэтае пытаньне: адны дасьледчыкі меркавалі, што зь цягам часу Беларусь стала б часткаю Нямеччыны, іншыя ўважалі яе за калёнію.
У гэтых адносінах заслугоўвае ўвагі кампэтэнтнае сьведчаньне генэральнага камісара Беларусі Вільгельма Кубэ. Ён нават летам 1943 г. ня ведаў, які лёс быў прызначаны зямлі, што знаходзілася пад яго кіраўніцтвам. 12 жніўня 1943 г. Кубэ пісаў:
Вырашэньне праблемы, прадстаўленай у дэкрэце пана міністра ўсходніх акупаваных земляў Райху ад 14.11.1942 г. — 11.1e.296, — на маю думку, залежыць ад асноўнай перадумовы, а менавіта — ад палітычнага рашэньня наконт будучыні беларускай тэрыторыі. Трывалае далучэньне беларускіх земляў да нямецкай жыцьцёвай прасторы вымагала б, натуральна, куды больш інтэнсіўнага пашырэньня адміністрацыі, чым у выпадку, калі б гэты абшар, як перадпольле нямецкага Райху, заставаўся зьвязаны зь ім толькі цераз базы з айчыны, або калі б на першы плян ставілася як мага большая яго эксплуатацыя. Адсутнасьць такога палітычнага рашэньня адносна будучыні Беларусі робіцца тормазам у плянаваным праўленьні, дый увогуле ў любым плянаваньні.