Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2009
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 978-5-9691-0429-7
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8». Краткое содержание книги:
Восьмы том Поўнага збору твораў Васіля Быкава склала яго мэмуарная проза — усе вядомыя і адшуканыя ў Архіве пісьменьніка тэксты: «Доўгая дарога дадому», «Парадоксы жыцьця. Запісы розных гадоў», «Пункціры жыцьця. Далітаратурная біяграфія».
Нарэшце пад чарговы пераезд шпіталю выпісалі. Зь яшчэ адным выздаравелым — параненым танкістам, малодшым лейтэнантам Тавакіным [ — ] атрымалі прадпісаньне ў аддзел кадраў 5-й танкавай арміі. Iшлі пехатой за фронтам, які пачаў наступ. Ад сяла да сяла, кожны раз начуючы дзе заставала ноч, там жа і кормячыся. Тагачасныя ўкраінскія сёлы, двойчы абрабаваныя — калектывізацыяй і вайной — былі не багацейшыя за беларускія. Праўда, можа, ня надта пабураныя — там не было «партызанкі». Звычайна, як мы паяўляліся на парозе, цётка пачынала бедаваць: «Ай, чым жа я вас нагадую, у мяне ж толькі фасоля ды бараболя». Нам добра была і фасоля з бараболяй. Калі-нікалі, праўда, перападала і шклянка самагонкі — сьмярдзючай і мутнай буракоўкі, — і той мы былі радыя.
Усюды па дарогах і сёлах пыталіся з Тавакіным пра свае часьці, і аднойчы мой танкіст нешта надыбаў, напаў на сьлед свайго танкавага корпусу. Але мне туды было неяк, я ж не танкіст, і я прадаўжаў пошукі адзін. Вясна ўжо была ў разгары, сьнег на Украіне той год растаў яшчэ ў лютым. Дарогі былі жахлівыя, суцэльная гразь. Клейкі ўкраінскі чарназём адрываў падэшвы, і мае кірзачы ашчэрылі зубы. Скрозь войскі, войскі… Адны калёны ішлі на поўнач, іншыя на захад ці на поўдзень — не зразумець.
Аднойчы сеў на ўзбочыне перадыхнуць, гляджу, як брыдзе пяхота, за ёй пайшлі перадкі з гарматамі. I раптам бачу на адным знаёмы вусаты твар, — то ж старшы лейтэнант, узводны, зь якім я расстаўся ў ноч майго раненьня. Я да яго — куды і адкуль, як тут апынуўся? Чаму апынуўся, кажа, а я нікуды і не выбываў, толькі перайшоў у батарэю. Але ж дзе наша дывізія? — пытаюся я. А во яна, кажа, перакідваюць на іншы ўчастак. Я падзівіўся: перада мной прайшоў мой полк і — ніводнага знаёмага твару? А старшы лейтэнант кажа: «I ня ўбачыш знаёмых, нікога няма. А наогул навошта табе вяртацца ў гэтую дывізію, якая надта ж невязучая, заўжды яе б’юць. Пашукай чаго іншага». (Наіўны чалавек — ён меркаваў, што дзесьці ёсьць дывізіі «вязучыя».) Але тады я паверыў яму і зрабіў так, як ён раіў.
Празь дзень у нейкім ацалелым маёнтку напаткаў штаб 4-й гвардзейскай арміі, прад’явіў свае дакумэнты, запоўніў патрэбныя анкеты і атрымаў накіраваньне ў 252 СД. Амаль шчасьлівы выйшаў на вуліцу. Вакол было ціха, на фронце ішла перадыслякацыя, толькі ў адным баку нешта надта падазрона грукоча, бы таўкачамі б’юць у зямную ступу. Пытаюся ў сустрэтага афіцэра, можа, ведае, дзе шукаць 252 СД? Той уважліва паглядзеў на мяне і паказвае рукой туды, дзе грукоча. Кіруй, кажа, на тыя грымоты, не заблудзішся. I я трохі пашкадаваў тады пра сустрэчу на дарозе з дывізіяй, якая пайшла ў тыл. Ды было позна.
Таго ж дня ў штабе дывізіі мяне прызначылі камандзірам узводу батарэі 45-мілімэтровых гармат стралковага палку.
15. Пагорак. Санінструктаркі
Празь дзень ужо трываў бязьлітасную агнявую калатнечу, ад якой грунтоўна адвык за шпітальныя месяцы. Трудна было зноў прывыкаць, асабліва як неўзабаве на нас наваліліся нямецкія танкі. Аднойчы пры перамене пазыцыяў наляцела шасьцёра «юнкерсаў», якія канчаткова дабілі батарэю, і мы засталіся без гарматаў.
Сталася так, што пяхота пайшла наперад, а мы адставал і, трэба было мяняць пазыцыі. Падагналі перадкі, прычапілі гарматы… Але неўзабаве за пагоркам наткнуліся на вінаграднік, ад якога павярнулі ў аб’езд, да дарогі. Тут якраз і наляцелі нямецкія пікіроўшчыкі. Адзін зь іх павярнуў да нас і сьпікіраваў на гармату. Першаю бомбай разьбіла перадок, перабіла станіны з сашнікамі, параніла каня, які, аднак, тузаўся, спрабуючы падняцца. Тады два іншых самалёты сьпікіравалі на ўцалелую гармату, якую ездавыя што было сілы гналі ўздоўж вінаградніку. Гэтую яны найперш абстралялі з кулямётаў і паклалі коней. Затым стала ўсё прасьцей. Салдаты, натуральна, адбегліся ў вінаграднік, а гэныя з двух заходаў ушчэнт раскалашмацілі гармату. Два салдаты (ездавыя) былі там забітыя, два параненыя, снарады зь перадкоў раскіданыя выбухамі па ўсім вінаградніку. А мы з камбатам толькі надарвалі горлы ад крыку, а зрабіць не маглі нічога. Усё сталася цягам якіх пяці хвілінаў.
Уцалелі дванаццаць салдатаў, я і камандзір батарэі — капітан. Салдатаў аддалі ў батальёны на папаўненьне, а мы сядзім на КП за ўзгоркам. У мяне настрой — горш не прыдумаеш[: ] толькі прыйшоў у «вязучую» дывізію, і на табе — зноў разгром. Капітан не сумуе: ён атрымаў новае прызначэньне — начальнікам артылерыі суседняга палку. А начальнік артылерыі — гэта не камандзір батарэі, бяры вышэй, і рызыка мінімальная — жыць будзеш. Вось ён дастаў фляжку са сьпіртам, мы трохі выпілі. Капітан чакае канавода з канём, якога ўжо за ім паслалі з новае службы. А во і канавод, вядзе на повадзе ладнага коніка для новага начарта. Мы разьвітваемся. «Ну, Быкаў, жадаю табе дажыць да пабеды». Ты дык, можа, і дажывеш, думаю я. А мне… Зь ціхай зайздрасьцю праводзіў яго. Наш КП, можа, за кілямэтар ад пярэдняга краю, але за пагорачкам. А яму трэба ехаць у тыл, але таксама цераз пагорачак, дарэчы, увесь раскапаны міннымі выбухамі. Праўда, ёсьць і другая дарожка — у аб’езд, па лагчынцы. Гляджу, мой капітан даскакаў да гэтай разьвілкі, трохі прымарудзіў, мабыць, рашаючы, куды скіраваць. I скіраваў наўпрасткі, цераз пагорак. Дужа порстка паехаў. I вось ён выскоквае на пагорак, а тут міны — бах, бах! Ён хутчэй. А міны зноў бах, бах, бах! I ўсё там завалакло дымам ды пылам. А як тое воблака зьдзьмула ветрам, гляджу, конь бяжыць з пагорку, повад матляецца, а седака няма. Канавод вярнуўся адзін. А ўвечары выцягнулі забітага капітана. Во такі ён, вайсковы лёс!