Спеў аб Гаяваце
- Автор: Лангфэла Гэнры
- Год: 1969
- Язык: белорусский
- Год: Беларусь
- Переводчик: Аркадий Александрович Кулешов
- Жанр: Прочая поэзия
Электронная книга - «Спеў аб Гаяваце». Краткое содержание книги:
Сусветную вядомасць Гэнры Лангфэла прынесла паэма «Спеў аб Гаяваце» (1855), напісаная на аснове індзейскіх паданняў. Паэма апявае прыгажосць і мудрасць чалавека, які жыве адным жыццём з прыродай.
Перейти на страницу:
Вам, хто любіць слухаць казкі,
Галасы легенд далёкіх,
Тых, якія запрашаюць
Нас спыніцца на хвіліну,
Што гучаць так непасрэдна,
Ціха так, што не адрозніць —
Гукі гэта альбо словы, —
Прапаную я легенду,
Гэты Спеў аб Гаяваце!
Вам, хто сэрцам першародным
Верыць богу і прыродзе,
Шчыра ўпэўнены, што людзі
Быць заўжды людзьмі павінны,
Лічыць, што і ў жорсткім сэрцы
Абудзіцца можа прага
Да дабра і спраў карысных,
Што слабыя і сляпыя
Праўду вобмацкам знаходзяць
У глухой адвечнай цемры
Іх цяжкога існавання,—
Прапаную прастадушна
Гэты Спеў аб Гаяваце!
Вы, хто іншы раз блукае
Па даўно забытых сцежках,
Дзе да змрочнай агарожы,
Што ад часу заімшэла,
Барбарыс прыпаў чырвоны;
Хто схіляецца з увагай
Над магільнаю плітою,
Разглядае, сцёрты часам,
Верш няўмелы, надпіс просты,
Але поўны шкадавання,
Веры чыстай і развагі
Аб Мінулым і Наступным,—
Прыпыніцеся, чытайце
Гэты надпіс мой няхітры,
Гэты Спеў аб Гаяваце!
Перейти на страницу: