Воляй абраны. Дамова на спакусу
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Воляй абраны. Дамова на спакусу». Краткое содержание книги:
І тады ж хлынуў лівень. Але муж і жонка не сыходзілі з месца. Холад абняў іх, і яны пачалі дрыжэць…
Бог маўчаў. Па твары Яго цяклі дажджавыя струмені, Ён не выціраў іх. І не зразумець было, – ці то Неба плакала з-за таго, што грэшнікамі сталі першыя людзі, ці то сам Гасподзь плакаў ад таго, што дапусціў такое…
Яшчэ ж быў шанец, Бог даваў яго першалюдзям, – апошні шанец: укленчыць, ўпасці ніц на зямлю, прызнаць шчыра сваю віну, а не спасылацца на спакусніка (з ім – асобная размова), пакаяцца, паабяцаць ніколі не грашыць болей, – размова пайшла б іншым кірункам, Ён бы мог дараваць, зноў прызнаць іх за «сваіх» і тады…
Калі ж спаўзло шэрае прасцірадла воблакаў і перастаў ліць дождж, зноў выглянула сонца, уздыхнуў Бог, запытаўся:
– Ну, а ты чаго схаваўся пад зямлю, Змей? Хто прасіў цябе ўмешвацца ў створанае Мной? Ты нашкодзіў ім, нашкодзіў чалавецтву і самому сабе. Чаму ты справакаваў такую гнюснасць?
Змей не спяшаўся апраўдвацца. Ён выпаўз са свайго сховішча, стаіўся на значнай адлегласці ад Вышняга – неўздалёк ад мужа і жонкі. Не каяўся, ведаў, што пазбаўлены Божага пакаяння, з пагардай глядзеў на мужа і жонку яго. Ён адчуваў сябе пераможцам, прымяняючы ўсяго толькі слова, не прымусам і сілай, імкнучыся груба парушыць чалавечую прыроду і існасць… І страху ў Гада не прыкмячалася, хаця ён быў гатовы да самага горшага. І смерць яго, падобна, не хвалявала. Радавала, што перамудрыў самога Творцу…
– За тое, змей, што ты ўтварыў, будзеш жыць пад пракляццем, будзеш хадзіць ты на чэраве сваім, і есці прах зямлі ва ўсе дні жыцця твайго…
Маўчаў Змей. Маўчалі людзі ў чаканні прысуду сабе.
– І яшчэ… – Бог загаварыў ужо цішэй, але Голас быў чутны па ўсёй зямлі і ў Нябёсах, і звернуты ён быў да людзей. – Варажнечу пакладу паміж табою і спаміж жонкаю, спаміж семенем тваім і спаміж семем яе – яна будзе цаляць табе ў галаву, а ты будзеш толькі джаліць яго ў пяту…
Бог схіліў галаву, уздыхнуў.
Сорам і пякельны жах сышоў, муж і жонка адчулі і зразумелі, што адбылося страшнае і непапраўнае, што яны не ў сілах ужо нешта змяніць. Падобна змею іх таксама прыгаварылі. Нешта цяжкае і непахіснае прыгнятала іх да зямлі. А да гэтай пары маглі ж лётаць над зямлёй. Гасподзь даў ім крылы анёлаў. Яны і былі анёламі, Божымі стварэннямі.
Жонка, семя жонкі, семя змея… Ніхто з іх не разумеў слоў, прамоўленых Богам. Гэта потым ужо, чалавецтва, якое пойдзе ад іх – ад прабацькоў, будзе ведаць сэнс З’явы… Праваслаўная Царква – з’яўляецца жонкай. А Царква заўсёды будзе весці барацьбу і змаганне з семем змея – а гэта і бадзякі на ніве Божай, і сыны пагібелі, гэта і сам антыхрыст-д—ябал, які будзе заўсёды ісці супраць Святой Царквы (Прэсвятой Багародзіцы). Семя жонкі будзе біць змея-д—ябла ў галаву, а змей можа джаліць усяго толькі ў пяту, якая таптала прах зямельны, і джала змея не ўвап’ецца ў падножжа Царквы…
Бог глядзеў сабе пад ногі, углядваўся ў зямны шар. Не выказваў свайго настрою тым, хто прагневаў Яго. Не жадаў жорстка караць першапасяленцаў рая, але ж і пакінуць усё проста так, пусціць на самацёк, не мог… Ды і плаціць за ўсё трэба …
«От калі б ты, Адаме, Мною створаны, адразу прызнаўся ў сваім граху, укленчыў перада Мною, пакаяўся, ды папрасіў пры гэтым даравання, то яно б, напэўна, усё інакш было б і далей, – думаў Бог, не адрываючы позірк ад зямлі, на якой адбіўся след жанчыны – бегла хавацца з мужам ў густыя зараснікі. – А калі б жанчына адразу прызнала свой грэх, пакаялася, ніцма прыпаўшы да зямлі… Дык жа не, не на сябе паказала, а на змея-спакусніка… А Адам жонку абвінаваціў. Адзін на аднаго паказваюць, і таму вінаватых у грэшным дзеянні быццам бы нікога і няма… Ну, падумайце, паразважайце, ёсць яшчэ шанец, даю яго вам, дзеці мае любасныя!..»
Зноў загрымеў гром, і ўздрыгнула, зямля.
Але не пахіснулася нават скала, на якой сядзеў Гасподзь.
Творца марудзіў, чакаў, спадзеючыся, што сэрцы чалавекаў яшчэ не да канца ачарсцвелі, і яны вось-вось адумаюцца і ўсклікнуць: «Госпадзе, даруй! Каемся, вінаватыя мы ў граху нашым!..» А яны, апусціўшы вочы долу, як скамянелі, стаіліся ў грахоўнасці.
Не дачакаўся Гасподзь ад людзей пакаяння і прызнання сваёй віны.
Голас Творцы зліваўся з магутнасцю грома, калі гаварыў Ён.
– Жанчына! Слухай мяне ўважліва. Памнажаючы, памножу скруху тваю ў цяжарнасці тваёй. Ты прадоўжыш род чалавечы, дасі яму жыццё. Але ў вялікіх пакутах будзеш нараджаць дзяцей… І да мужа твайго ўзмоцніцца цяга твая. І ён будзе тваім гаспадаром. Ты зведала, што такое каханне і юрлівасць, жарсць, і таму будзеш чакаць ад яго пяшчоты, а ён будзе гаспадарыць над табою…