Воляй абраны. Дамова на спакусу
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Воляй абраны. Дамова на спакусу». Краткое содержание книги:
Змей ведаў, што, стварыўшы чалавека, Бог даў яму два шляхі – шлях жыцця і шлях смерці. Чалавек мог, ідучы за Богам, набыць бяссмерце. У Эдэмскім садзе чалавек мог жыць бясконца, не ведаючы, што такое дабрыня і зло, адначасова падапарадкоўваючыся ім, не заўважаючы таго. Гад змяшаў і парушыў ланцужок Божых задумаў і надзей.
– Якая ты прыгожая і прыцягальная! – здзіўляўся і радаваўся Адам прыгажосці жонкі, запрашаючы яе да зліцця целаў …
– Як доўга я, Адам, чакала тваіх слоў, – прызнавалася жонка, у яе ўсё больш і больш узрастала жаданне. – Чаму ты мне раней не казаў такіх слоў?
– Сляпы быў. Не бачыў цябе такой.
– І калі ж ты мяне “такой” ўбачыў? – тулілася пяшчотна яна да мужа, наліваючыся свербам, язычок прыкусіла, пранізвала яго паглядам, запальваючы яго …
– Пасля таго, як ты пачаставала яблыкам. Ты ўбачыла, што гэтае дрэва добрае для стравы, прыемна воку і жарсці, таму што яно дало веды… Цяпер мы сталі мудрэйшымі, таму і з Богам будзем гаварыць інакш.
За гэтымі словамі адразу ж Змей быў тут як тут:
– “Ты створана Богам толькі для таго, каб атрымліваць асалоду, -– і табе, і мужу твайму…”
“Дзякуй, мудры Змей, але чаму не бачу цябе? Ты дзе?..”
“Цяпер ужо я ў тваёй душы… Пагэтаму ты мяне не будзеш бачыць, а толькі адчуваць… А Адама ты будзеш бачыць і чуць, і будзеш пастаянна дамагацца яго…”
Адам моцна прыціскаў да сябе жанчыну так, што ёй рабілася нават балюча. Але яна не паказвала гэтага. Ёй падабалася тое: боль і асалода адначасова.
– Раней такога я не ведала… Гэта лепш, чым рай, вышэй, чым рай…
І тады Адам падхопліваў яе на рукі, нёс воддалеч ад камянёў і калючак, клаў на мяккі і вільготны жвір.
І крычала жанчына, як ніколі не крычала ў сваім жыцці; стагнала, скрыгочучы зубамі, правальвалася ў бездань, у апраметную…
Потым, раскінуўшы рукі, зняможана распластвалася на цёплым пяску…
Маўчалі, чакалі, калі выраўняецца дыханне. Здзіўляліся з саміх сябе, а яшчэ – чаму толькі з аднаго дрэва, якое расло пасярод рая, Гасподзь забараніў не толькі есці плады, а нават і набліжацца да яго? І самі таго не заўважылі, што прысвоілі сабе Божае права вырашаць, што такое дабро і зло, пайшлі па дарозе, якую рассцяліў перад імі д’ябал – прыраўнялі сябе да Бога. Як і не ведалі, што Эдэм і азначаў Насалоду. Бо знаходзіўся ён на усходзе – вышэй усёй зямлі, і таму ў ім, Эдэмскім раі, існавала найчысцейшае і найтанчэйшае паветра, а расліны і дрэвы цвілі і давалі плады круглы год, і яны вылучалі наталяльныя пахі, напоўненыя святлом.
Бог забараніў каштаваць плады ад дрэва пазнання дабра і зла. Адносна другога дрэва – Дрэва Жыцця – забароны есці яблыкі з яго не было. Бо яно між іншымі дрэвамі знаходзілася як чалавек між жывёламі, як сонца паміж усімі планетамі. Плады райскіх дрэваў ужываліся для стравы, а плод дрэва жыцця – для здароўя і моцы. Адам і Ева, напрацаваўшыся за дзень і нахадзіўшыся, маглі наталяць толькі ўменне жыць вечна,не падазраючы таго, што прапанаваная імговая асалода адабрала ўжо ў іх вечнасць.
На вялікі жаль, першачалавекі, не выкарысталі гэтую магчымасць, імговая прапанаваная асалода засланіла ім вочы, і сэрцы атруціліся нецярплівасцю…
Адам з жонкаю, наталіўшы смагу, стомленыя каханнем і працай у полі, – задрамалі. Лёгкі ветрык абвяваў іх спатнелыя твары. Жанчына засынала і ўсміхалася, радуючыся таму, як яе маладое цела астывала, поўнячыся шчасцем.
«Як цудоўна жыць у Эдэме! – ці то шаптала яна сама сабе, ці то зноў Гад спакусліва сычэў ёй на вуха, а магчыма то іх галасы ўжо зліліся ў адно, і ўжо не разабраць, хто з іх быў Змеем, а хто жанчынай… – Колькі добрых і прыемных воку дрэваў пасадзіў для нас Гасподзь… І Дрэва Жыцця пасадзіў пасярод рая, і Дрэва Пазнання дабра і зла… А рэкі якія чыстыя і празрыстыя, поўныя рыбы!.. Ды хіба пералічыш усё, што ёсць у нас у Эдэме!..»
Адам абышоў усю раку Фісон і зямлю Хавіла, дзе золата ляжала пад нагамі, быццам крушні камянёў. Набраў поўны кош. Жонка не ведала, што з імі рабіць. Адам здагадаўся расплавіць іх на агні, вырабіў кубкі і лыжкі, гладышы і каўшы. Сабраў на спіне доўгія косы жонкі, сашчапіў іх залатым вобручам. І тая прыдумка ёй вельмі спадабалася. А вялікую шырокую пласціну абагнуў па краях – і атрымаўся вялікая міса, на якую можна было пакласці грушы і вінаград, персікі і ананасы.
У той жа посуд паклала і яблыкі, якія падвучыў сарваць Гад. Выбрала самыя прыгожыя, крамяныя, чырвонабокія.
І тады яна ўбачыла, што дужа прыгожа на ёй блішчаць бдлохі і камяні онікс, якія прынёс апошнім разам Адам. Яна ўжо ўпадабала іх.
Да абодвух непрыкметна падкраўся моцны сон.