Сыны зямлі беларускай
- Автор: Багадзяж Мікола
- Год: 2002
- Язык: белорусский
- Год: Народная асвета
- ISBN: 985-03-0995-4
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Сыны зямлі беларускай». Краткое содержание книги:
У наш час здаецца нават дзіўным, колькі паспеў зрабіць гэты чалавек. Аднак трэба заўважыць, што i пражыў ён нямала для тых часоў — 82 гады. Прычым жыццё яго было напоўнена думкамі аб тым, каб прынесці карысць не толькі сабе, але i ўсяму грамадству, у якім ён жыў.
Герой эпохі рамантызму
Кожная эпоха мае сваіх герояў. Аднак польскі даследчык С. Мацкевіч заўважыў, што амаль усе эпохі гісторыі Беларусі адзначаны імёнамі членаў славутага магнацкага роду Радзівілаў. Эпоху Рэнесансу прадстаўляюць Анна Мазавецкая i Барбара Радзівіл, перыяд Рэфармацыі — Мікалай Чорны i Мікалай Руды, эпоху Асветы — Мікалай Крыштаф Сіротка, эпоху класіцызму — Міхал Казімір Рыбанька i ягоная жонка Францішка Урсула. Адной жа з центральных фігур эпохі рамантызму, падкрэслівае Мацкевіч, з'яўляецца Дамінік Геранім Радзівіл.
Дамінік Геранім нарадзіўся ў 1785 годзе ў сям'i ўладара Слуцка Гераніма Вінцэнта Радзівіла, малодшага брата славутага Караля Станіслава, празванага Пане Каханку. Маці хлопчыка была нямецкая графіня Турн-унд-Таксіс. Пане Каханку жартаваў з гэтае нагоды, што ягоны пляменнік — «сын таксіцы». Цераз два гады пасля нараджэння, у 1787 г., Дамінік Геранім застаўся без бацькі. Апекавацца над асірацелым пляменнікам узяўся Караль Станіслаў. Аднак хлопчык нядоўга быў пад яго апекай. Змучаны частымі палітычнымі няўдачамі, трохразовым выгнаннем за мяжу, згубіўшы надзею выправіць становішча радзімы, князь ціха згасаў. У 1790 годзе, папярэдне страціўшы зрок, ён памёр. Апекунамі Дамініка былі прызначаны іншыя сваякі. Аднак апекавалі яны болей маёмасць, якая належала ix падапечнаму як спадчына ад бацькі і, галоўнае, ад дзядзькі. Аб ix «дбанні» i здольнасцях сведчыць тое, што радавое гняздо Радзівілаў — Нясвіжскі замак — адразу пасля смерці Караля Станіслава перайшоў да расійскіх улад. У ім добра-такі «пагаспадарыў» генерал Тотаўмен настолькі, што пазней Дамініку Гераніму давядзецца займацца аднаўленнем i палаца, i горада.
Аднак пакуль што хлопчык не бачыў усяго гэтага. Маці адвезла яго на сваю радзіму, дзе i прайшло ўсё яго дзяцінства. Неабходна адзначыць, што пані Турн-ундТаксіс распесціла сваё дзіця. Яна патурала ўсім яго капрызам. Пе лепшае акружэнне ў Дамініка Гераніма было i пазней. Калі ён падрос, то за ўзор для пераймання ўзяў паводзіны Юзафа Панятоўскага — стрыечнага брата польскага караля. Той у сваім палацы, у Яблоне пад Варшавай, вёў жыццё, запоўненае п'янкамі i гульнёй у карты. У выніку малады князь настолькі разбэсціўся, што за яго выхаванне адмовіўся ўзяцца шырокавядомы ў той час паэт Ф. Карпінскі. Не змяніліся паводзіны юнака i пасля таго, як у 1805 годзе, стаўшы паўналетнім, ён уступіў у правы валодання вялізнай зямельнай маёмасцю, што засталася яму ў спадчыну. Цяжка нават пералічыць усё, што належала яму. Гарады, сотні вёсак, мноства маёнткаў. I такія вяліКІЯ^ як Нясвіж, Слуцк, Мір, i маленькія, як Радзівілмонты пад Клецкам ды Нягневічы на Наваградчыне.
Пасля прыезду новага ўладара ў Нясвіжы пачалося вясёлае жыццё. Спадчыннік магутнага роду Радзівілаў узяў ад продкаў, у першую чаргу ад нябожчыка-дзядзькі, i «адкрытае ўсім людзям сэрца, i яго схільнасць да раскошы, жаданне быць аб'ектам усхвалення, раскідваць направа i налева грошы, паказваючы тым самым, што скарбы радзівілаўскія невычарпальныя». Праўда, размахнуцца так, як Пане Каханку, ён ужо не мог — i час быў не той, i мода, i законы. Аднак дазвалялася многае. Тым больш што i паплечнікі знайшліся пад пару Дамініку Гераніму — яго стрыечныя браты Станіслаў i Карл Чарнецкія. Да гэтай тройцы прыбіліся некалькі небагатых сваякоў i навакольных шляхціцаў. Хутка паводзіны гэтай кампаніі сталі «прытчай у народзе». Як сучаснікі, так i той-сёй з пазнейшых даследчыкаў няўхвальна аднесліся да таго, чым займаўся Дамінік Геранім «со товарищи». Яны называюць марнай тратай часу не толькі ix «захапленне прыгожымі жанчынамі, заляцанні, балі, паляванні», але i тое, што ў Радзівіла было трыста пародзістых коней, якіх утрымлівалі ва ўзорна абсталяваных стайнях. Асуджаюць нават захапленне «тэатральнымі i опернымі прадстаўленнямі».
Праўда, усе прызнаюць, што князь траціў грошы не толькі на забавы. Ён не шкадаваў ix на аднаўленне палаца i адбудову горада. Шчодра надзяляў блізкіх. Пры ім былі адрамантаваны пашкоджаныя падвалы палаца, пабудаваны гандлёвыя рады, пастаялы двор. Радзівіл пабудаваў тэатр i паштовую станцыю, аднавіў работу тэатра ў палацы. Нясвіж у яго час развіваўся i квітнеў. Яго сталі называць «малой Варшавай» ці нават «малым Парыжам». Да нясвіжскага князя імкнуліся гандляры, рамеснікі, іншаземныя банкіры. Пры ім у горадзе звілі сваё гняздо нават масоны — у адным з жылых дамоў была абсталявана i збіралася ix ложа.