Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Биографии и мемуары » Не жаль пражытага

Электронная книга - «Не жаль пражытага». Краткое содержание книги:

Аб мінулых гадах, аб былым і пра сённяшнія адносіны да свайго жыцця распавядае кніга Сакрата Яновіча “Не жаль пражытага”. Часам лягчэй і прасцей поўнасцю адкрыць душу перад чужым, чым расказаць пра адну невялікую падзею сваім блізкім. Сакрат Яновіч меў адвагу (вельмі рэдкую) распавесці цэламу свету пра сваё жыццё, пра 50 гадоў творчасці, год за годам, падзея за падзеяй. І хаця не ўсімі сваімі чынамі можа ганарыцца, аднак, не мае да сябе прэтэнзіі. Не мае яе і да свайго жыцця. Не мае прэтэнзіі да нікога. Кожнаму з нас прыпала жыць у пэўную эпоху, перажываць пэўныя падзеі і змены, найважнейшым, аднак, заўсёды было застацца сабой. Чытаючы споведзь Сакрата, бо менавіта так можна акрэсліць гэты твор, часам задумваешся, як бы паступіў на яго месцы ў той час пры тых абставінах. Але табе не давялося быць на яго месцы ні тады, ні зараз. Кожны мае сваё месца, і важна, каб азіраючыся назад можна было з упэўненасцю сказаць “Не жаль пражытага”. А сказаць так можа толькі шчаслівы чалавек, які мае пачуццё споўненай місіі. (Н. Г.)
1 ... 24 25 26 27 28 29 30 31 32 ... 42
Перейти на страницу:

Мушу зноў і зноў падкрэсліць, што столькі ездзячы па Беласточчыне я ўсвядоміў сабе капітальную розніцу паміж маімі роднымі ваколіцамі а воласцямі на поўдзень ад рэчкі Нарвы. Мы, гродзенцы, меліся значна бядней ад бельска-гайнаўскіх палешукоў. Забудова ў нас марная, тыя хлявы развалюхі, мужчыны засмоктаныя, бабы хілыя, стадолы малыя. І сярунская баязлівасць усюды. А палешукі імпанавалі энергічнасцю, катэгарычнасцю, беларускай дэкларацыяй і гонарам за яе; на забавах у прысвятак не чулася пад Бельскам сарамлівасці за сваю мову (у нас з дзяўчынаю на танцах не пагаворыш па-свойму). Ну, але ў іх былі беларускія гімназіі, школы з беларускай моваю па вёсках, сякая-такая інтэлігенцыя з няпольскім духам. Адзінае, што мяне прыкра здзіўляла на Гайнаўшчыне, дык беспардоннасць, чэрствасць. Частая вульгарнасць. Я не ведаў, што быў у іх іншы гістарычны лёс, амаль без шляхты, якой каля Крынак, Саколкі ці Гарадка аж занадта. Таму не ашаламляе цяпер паланізацыя Сакольшчыны, пераважна каталіцкай, але вельмі аглушае тая ж самапаланізацыя Гайнаўшчыны і ўсходняй Бельшчыны, дзе католікаў нягуста або і няма. Прычыны, вядома, відаць, бы на далоні: асімілюе польская гарадская цывілізацыя, бо беларускай гарадской не было і няма. Вёска ўваходзіць у горад, беларуская ў польскі. Вынік таго скрыжавання бачым. Капцы сялянскаму свету.

Прыязджаючы ў Саколку я сустракаўся з іструктарам Янкам Беразаўцом, родам недзе ад Тыневіч за Нарваю і таму псіхалагічна не абцяжараным жахлівымі сакольскімі страхамі ад вайны і паваеннымі. Мы сядалі ў рэйсавы аўтобус і выходзілі ў паганай славы Шудзялаве. У зазімак дакалываліся на вятры да школы ў Паўночным Востраве, дзе дапамагаў нам арганізаваць моладзь настаўнік Мар’ян Філановіч (у яго мы начавалі). Назаўтра накіроўваліся на Гурані, дзе знаходзілі апору ў настаўніку Юзіку Субеце. І як заўсёды – гурток БГКТ, даклад на актуальную тэму. З Беразаўцом неўтомная кампанія; прыемны голас, спяваў у маршы. Пухкі снег, лес у казках зімы, пад мосцікамі чысцюсенькая вада рачулак, воўчы след ўздоўж гасцінца, нехта гакае сякераю ў бярэзніку, што ў бок Барсуковіны, а наперадзе Грыбоўшчына з малымі, халоднымі хатамі, пад раніцу з інеем на сценах без шалёўкі, знадворку. Пасцель на саломе, наверх радзюжка; спалася ў свэтры, нагавіцах і з вязанымі шкарпэткамі на нагах (Беразаўцу хапала нахабнасці кладавіцца і ў чаравіках). Хлопец карыстаўся некаторай папулярнасцю ў мацярок, шукаючых кавалера дачцэ на цёплы замуж „у места”. З Янкам Беразаўцом я не галадаў, наш рэйд значыўся вячэрамі са скваркаю і чаркаю. Ён не рабіў намёкаў на матрымонію. Гэта яму рабілі, але ўмеў павесці гутарку так, што ўдавалася весела і без абяцанак. Я пачуваўся змучаным, стамляла мяне заіклівасць, якую перамагаў на гадзіну-другую сходу гуртка, каб потым валіцца снапом на логава. Дзіка мучыла незвычайнасць публічнага беларускамоўя; людзі сваім вушам не верылі, што можна не па-польску.

Нараўні з Арганізацыйным аддзелам ГП БГКТ утворана Культурна-асветны, у якім нейкі перыяд працавалі кніжнік Уладзімір Паўлючук з Рыбалаў, Люба Філіпік з Вялікіх Азяранаў (з дыпломам савецкай вучэльні). Добра гарманізавалася з намі ўпартая актыўнасць новага сакратара ГП, др. Уладзіміра Юзвюка з Трасцянкі. Першыя шасцідзесятыя гады аказаліся найлепшымі, сфармаваўся гурт маладых і амбітных. Выпрацоўвалася тэарэтычная канэпцыя дзейнасці Таварыства, якое для жарту пачалі называць „міністэрствам беларускіх справаў”. Паўлючук цікава дэфініяваў выхаваўчы сэнс навучання нацыянальнай мовы і гісторыі. Філіпік стварала канспекты курсаў беларускай мовы і літаратуры для дарослых і працавіта аранжавала рэдакцыю беларускіх радыёгутарак для гмінных радыёвузлоў; пісала прыкладныя для інструктараў даклады на асветныя тэмы. Рух узнік, гармідар у тым будынку на Варшаўскай 11, але не магло тое доўга трываць. Мы зашмат узвалілі на свае слабасільныя плечы, псіхічна і фізічна. Памалу разбегліся хто куды адпаведна ўласнай аспірацыі (Люба, Валодзька пайшлі з часам у прафесары, а некаторыя інструктары парабіліся настаўнікамі „на гарантаваным хлебе”, як Гарустовіч).

Як казалі антычныя грэкі, нішто не стаіць на месцы... У набліжэнне паловы шасцідзесятых гадоў дэфінітыўна канчалася эпоха гамулкаўскага лібералізму ва ўнутранай палітыцы, цвярдзелі партыйныя камітэты, у якія ўсё часцей бегаў Юзвюк; блізілася антыжыдоўская істэрыка і расла моц „чыстакроўных” палякаў, іначай: камуна-нацыяналізм, які выбухнуў у выглядзе антысіянізму, адстаўкай самога towarzysza Wiesława з яго шлюбнай жыдоўкаю. Без гэтай агульнапольскай тэктонікі цяжка зразумець, што, як і чаму сталася з Таварыствам так, а не іначай.

У маім прыватным лёсе эпахальна адзначыўся год шэсцьдзесят другі. Рэдакцыя „Нівы” моцна стабілізавалася, набыла ненервовай рэгулярнасці, і ў гэты свой другі прыход у яе здалася яна мне лячэбным санаторыем у параўнанні з гулкім млынам на Варшаўскай. Адначасна атрымаў двухпакаёвую кватэру на вуліцы Кюры-Складоўскай 6. Навучаны з Таняй горкім вопытам, мы імгненна пераехалі ў яе, у таямніцы перад суседзямі на Кілінскага, бясшумна павязаўшы ўпярэдадзень ноччу ўсянюткія пажыткі. Але гэта там, у той яшчэ цеснаце я напісаў найпершы, напраўду літаратурны, твор, мініяцюру „Фэст”. Памятаю: зачыніўшыся ў туалеце і на дошцы сэдэса, каб не пабудзіць сплючых у камбінаваным пакойчыку жонку і дзяцей (не было кухні). Не могучы выйсці з творчага шоку ад кантакту з прозаю Ісаака Бабеля, яго „Конарміі”. Гэта было адкрыццё не якойсьці бліскотнай метафары, але самога слова! Бязмежнасці яго, быццам галактыкі, атама. Ну і бабелеўская местачковая тэматыка вярнула мяне ў Крынкі, у іх касмічнасць.

І ў тым жа годзе закончыў, нарэшце, беларускую філалогію ў беластоцкай Завочнай Настаўніцкай студыі на Міцкевіча, пад патранатам неадчэпнага Міколы Гайдука (напісаў дыпломную работу пра публіцыстыку Каліноўскага, вельмі даспадобы мне сваім моўным дынамізмам).

Усё нешта кіпела ў варшаўскіх вярхах ды ў беластоцкім катле, але мы, шэраговыя дурні, нічога не ведалі. Адгадвалі па выглядзе начальства: блага было, калі Валкавыцкі бялеў ды горбіўся, а Баравік, невядома чаму, паўтараў загадкава: A nie mówiłem, towarzysze?.. A nie mówiłem, товарышчы!?.

* * *

Шасцідзесятыя гады – пасля адыходу свайго з работы ў Таварыстве – бачацца блаславёнаю парою, як у Бога за плячыма.

У свеце „Нівы”. За акном Польшча. Аб ёй – у газетах, у тэлевізары (калі хто меў). Мноства беларусаў ва ўладах. Здаваліся яны камічнымі, невядома дзеля чаго рабілі з сябе паноў-палякаў („паляк” або „пан” абазначалі аднаго і таго ж). Лічылася добрым тонам паказаць сябе прастаком, але толькі на партыйных сходах.

Не магло быць большага шчасця, калі ў цябе сям’я, кватэра, любая сэрцу работа. У трохадзінай цэласці лёсу. Сацыяльную бяспечнасць абумоўлівалі невысокія патрэбы мігранта. Мадэлявала іх местачковасць самога Беластока, у якім усё было таксама, як у Крынках: нужнікі ў прыплоцці, вада са студні, пліта на дровы, агульная баня-лазня; летам купанне ў дайлідскіх сажалках, іншы раз у Супраслі пад Юраўцамі.

Кватэра ў „блёку” ўявілася цывілізацыйным шокам. У ёй раптам прапалі прасмердлыя атрыбуты быту з дзяцінства, маладосці. Гэта рэвалюцыя, той скок „з гразі ў князі”! Некаторыя журналісты ў Беластоку купілі дымныя матацыклы „эсхаэлькі”, вось і матарызацыя. На выезды ў тэрыторыю за матэрыяламі рэдактары „Нівы” карысталіся скромным лімітам – адзін дзень у тыдзень? – на легкавую „варшаву” (рэпліка савецкай „пабеды”). Шафёрыў Уладак Лукашук, бурклівы, але спагадны палешук. Гладкіх дарог, акрамя шасэйных у павятовыя гарады, не знаходзілася і мы, швэндаючыся ад вёскі да вёскі, гразнулі ў калюгах (Уладак вазіў у багажніку рыдлёўку). З’яўленне аўтамашыны ў глушы выклікала сенсацыю; на гасцінцах уздыбліваліся коні, выварочваючы фурманкі; скуголілі аблезлыя сабакі, з пярэпалаху сакаталі, бы куры, пеўні. Каты скакалі на галіны, як тыя вавёркі. Трыццаць, трыццаць пяць гадоў таму назад.

1 ... 24 25 26 27 28 29 30 31 32 ... 42
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)