Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Биографии и мемуары » Не жаль пражытага

Электронная книга - «Не жаль пражытага». Краткое содержание книги:

Аб мінулых гадах, аб былым і пра сённяшнія адносіны да свайго жыцця распавядае кніга Сакрата Яновіча “Не жаль пражытага”. Часам лягчэй і прасцей поўнасцю адкрыць душу перад чужым, чым расказаць пра адну невялікую падзею сваім блізкім. Сакрат Яновіч меў адвагу (вельмі рэдкую) распавесці цэламу свету пра сваё жыццё, пра 50 гадоў творчасці, год за годам, падзея за падзеяй. І хаця не ўсімі сваімі чынамі можа ганарыцца, аднак, не мае да сябе прэтэнзіі. Не мае яе і да свайго жыцця. Не мае прэтэнзіі да нікога. Кожнаму з нас прыпала жыць у пэўную эпоху, перажываць пэўныя падзеі і змены, найважнейшым, аднак, заўсёды было застацца сабой. Чытаючы споведзь Сакрата, бо менавіта так можна акрэсліць гэты твор, часам задумваешся, як бы паступіў на яго месцы ў той час пры тых абставінах. Але табе не давялося быць на яго месцы ні тады, ні зараз. Кожны мае сваё месца, і важна, каб азіраючыся назад можна было з упэўненасцю сказаць “Не жаль пражытага”. А сказаць так можа толькі шчаслівы чалавек, які мае пачуццё споўненай місіі. (Н. Г.)
1 ... 26 27 28 29 30 31 32 33 34 ... 42
Перейти на страницу:

Што і казаць: пачуваўся ў свае дваццаць з лішнім гадоў бальшавіцкім камісарам з кінафільмаў, які ўстанаўляе справядлівасць у зацюканай правінцыі. Не хапала мне скуранай курткі з такою ж шапкаю ды „внушительным” маўзэрам на жываце.

На Валкавыцкага паглядаў я, бы на Троцкага – гэтак жа інтэлігентны, думаючы, з нядурным інструктажам. Вось атрымалі ліст з Бельска пра п’янкі ды „беспредел” у Рашарні (ільнозаводзе). Дзеля канспірацыі – як уяўлялася – прыбыў я ў той горад цёмным вечарам, каб, будучы нікім не заўважаным, навязаць кантакт з інфарматарам. Кантактаў аказалася болей і ў выніку я хутка напісаў – славуты потым – артыкул „Газёры” (газёрамі называлі бяльчане тую дырэкцыю алкаголікаў). Скандал пасля выбухнуў пад самае неба! Давялося ехаць на імправізаваны газёрамі сход рабочага класа Рашарні; работнікі і работніцы змяшалі мяне з балотам, уключна з падазрэннем у псіхічнай хваробе. Пры нагодзе выявілася мая і Валкавыцкага лёгкадумнасць: такія тэксты пішуць і друкуюць, забяспечыўшыся папярэдне пісьмовымі заявамі ад пакрыўджаных, чаго мы не дадумаліся зрабіць.

Справа выглядала дрэнна. Рыхтаваліся перапрашаць, абвяргаць... Ажно здарыўся цуд! – у Бельску акурат даходзіў да ўлады новы першы сакратар Павятовага Камітэта партыі тав. Уладзімір Міхалюк. І гэта нас выратавала: Міхалюк пакарыстаўся „Газёрамі”, правёў патрэбную яму чыстку ў кадрах, з якімі меўся жыць-дзейнічаць. Выкінуў тых, каму не верыў. Паляпшаючы свой аўтарытэт у народзе, прызнаў рацыю аўтару і выслаў адпаведную заяву ў рэдакцыю, накшталт падзякі. Але, як ён выслаў? Думаеце – у „Ніву”? Дудкі! – у партыйную „Беластоцкую газету”, якая не пасаромелася назаўтра прысабечыць „Газёраў”. Разумею Міхалюка: „Ніву” маглі не чытаць у Ваяводскім Камітэце, а вось „Беластоцкую”... Вельмі насцярожыліся ўладыкі да „Нівы”. Такі быў скутак нашае адданасці сацыялізму.

Наступная афёра, якую я па-камісарску раскусіў, датычыла карумпаванасці адвакацкага асяроддзя, асабліва ў Сямяцічах. Інфарматара я займеў ідэальнага, па ўсіх правілах контрразведнай работы. Падвучыўся быў ад Службы Бяспекі, якая хадзіла па нашай рэдакцыі, як па сваёй хаце, часам цягаючы на допыты каго з нас (акрамя, пэўна, Валкавыцкага, бо клеіцца да шэфаў устаноў і сакратароў партыі было ім забаронена).

Маім, так сказаць, агентам стаў адзін з тых адвакатаў, таксама добры злодзей, але пакрыўджаны рэштаю камбінатараў. І ён даў мне звесткі, і я нашрайбаваў чарговую сенсацыю ў „Ніву”. Цяпер, аднак, з маім змаганнем за чысціню сацыялізму не пайшло гладка: цэнзура падпільнавала, тлусценькі цэнзар Жачэк, даволі адкрыты антысеміт і беларусаед, які ў дзень друку „Нівы” выконваў чуйнае дзяжурства (праглядаў яшчэ раз пробны экземпляр). І начоўп вэрхалу! Зняў мой артыкул.

Мяне з Валкавыцкім выклікалі да – хварабліва бледнага – тав. Канстанчука, які курыраваў і СБ, а які па-сталінску ціхім голасам заявіў, што ён не супроць публікацыі, але, каб без прозвішчаў.

А наогул, ці не лепей было б, замест публікаваць, зайсці з усім гэтым раней да яго, Канстанчука, і жуллё ён з месца пакараў бы... Валкавыцкі неяк абараняўся публікатарскім выхаваннем чытацкага грамадства ў нецярпімасці да хабарнікаў. Нешта падобнае гарадзіў і я. Канстанчук пазяхнуў. Канец аўдыенцыі.

Усё роўна што пільна сачылі за мною гэтак жа іншыя аматары пажывіцца на маіх артыкулах, прыдбаць сабе плюс у захадах аб наступны ордэн, аванс. У сувязі з дзяржаўным святам Адраджэння Народнай Польшчы (22 ліпеня) шпарнуў я ў „Ніву” панегірык пра „беларускую кветку ў захапляючым вянку дасягненнаў народнае ўлады”. І да гэтае „кветкі” прычапіўся Колька Куц, бадай начальнік адміністрацыйнага аддзела ўнутраных справаў. Колька быў тыповым „нашым хлопцам”, што значыць, быў з яго большы паляк, чым самі палякі. Тая няшчасная „беларуская кветка” ў агульнапольскім вянку паслужыла цванаму Куцу доказам майго і „Нівы” нацыяналізму! Не памятаю фіналу тае афёры, бо найбольш дзюбалі Валкавыцкага, а разам з ім – відаць – і цэнзара, які пусціў артыкул у друк. Колька Куц цвіў ад удачы, піў з курвамі, але даволі хутка выгналі яго з пасады. Напэўна не за „беларускую кветку”; мусіў ён – у настроі перамогі – дапусціцца якойсьці памылкі ў персанальных падкопах. Страціць вострую асцярожнасць, нюх. Засадзілі яго кудысьці на малазначную функцыю.

Памалу абламалі мне рогі. Асабліва дагадзіў паліцэйскі палкоўнік Ляўковіч (кацап?), у час ваяводскай нарады дзеячаў нацыянальных таварыстваў. У 1969 годзе з’явілася мая першая кніжка апавяданняў „Загоны”, якую сам палкоўнік наўрад ці чытаў, але яму падказалі. Вышчарыўся ён на гумарэску ў ёй „Як Крынкі Саколку абулі”, у якой – на яго думку – абсмейваю пасляваенныя органы дзяржаўнай бяспекі, занятыя ліквідацыяй крынкаўскіх шаўцоў. Фактычна, я стварыў яе пад незабыўнай памяццю рэвізіі ў нашай хаце, у час якое бацька па-парабкаўску плакаў, спрабоўваючы пацалаваць у руку бандытаватага „давудцу”, каб не руйнаваў радзіну. Гэтая сцэна засталася ўва мне назаўсёды, адбылася нейкая псіхалагічная блакада, знікла здольнасць наогул плакаць, а тыя „органы” мог толькі ненавідзіць белай нянавісцю. Менавіта за ганьбу бацькі!

Рэжым паступова сам сабе капаў яму. Ленін калісьці жартаваў, што мацаванне бальшавіцкай улады пазнаць па тым, што пачалі далучацца да яе жулікі; яны ніколі не ідуць на рызыку, на нешта няпэўнае. Ленін нічога новага не адкрыў, бо такі лёс кожнае ўлады: барацьбіты прападаюць, а на пасадах рассядаецца сволач. Тое самае бачым і ў наш цяпер час – намножылася салідарнікаў, якія ў тую канспірацыю не мелі праблемаў з афіцыйным павышэннем на службе, з атрыманнем замежнага пашпарта, з размяшчэннем сваіх дочак і сынкоў у заходніх універсітэтах, з адпачынкам на чарнаморскіх пляжах Балгарыі альбо Крыма. Тады жылося ім, бы кату ў масленіцу, і сёння таксама. Я цёрся ў падпольнай „Салідарнасці”, меў нямалыя знаёмствы; таксама ў Беластоку. Але сённяшнім днём я анікога з іх не бачу ва ўладах. Сядзяць на пасадах людзі, пра якіх і не чулася, каб яны нешта апазіцыйнае рабілі-чынілі. Якія ў іх заслугі, акрамя поўнае губы бяспечнага ўжо самахвальства?

* * *

Дапамагалі бацькам на гаспадарцы. У прысвяткі, у летнія водпускі. Увесну – садзіць бульбу „на пляцох” каля могілак; у жніво жаць і звозіць ў стадолу жыта, авёс; ячмень, які ўдаваўся за Аношкавіцкім лугам. Сярпом жаць перасталі на стагоддзе пазней у нас, пад канец пяцідзесятых (можа быць, крыху раней). Бацька нават касіў лапік пшаніцы ў далінцы за хутарам Стоцкага. Падумаць толькі: пшаніцу!

Помач старым не мела фінансавага значэння. Поўны дэфіцыт. Карысці не больш, чым забеспячэнне ім ежы на круглы год. Шавецтвам ды краўцаваннем займаліся мала і патаемна, афіцыйна жывучы на трох з лішнім гектарах зямлі, някепскай пад Крынкмі (з боку заходняй раўніны).

Найпакутней давалася звозка. У каўдобінах выварочваліся фуры са снапамі; катастрафальна на строме Глінішча. Але ніхто і ніколі, аніякі солтыс хаця б, не дадумаўся заваліць каменнем няшчасныя каўдобіскі. Крушні ў палях спакойна зарасталі зельішчам, смутна чыпелі на іх дзічкі. Не было б вось гонару зрабіць нешта дзеля грамады! Са злосцю адбывалі шарварак; валачыліся папраўляць пыльную „часу” (шашу) на Саколку і Беласток. – Будучы ў югаслаўскай Славеніі я са здзіўленнем уведаў, што шасэйную дарогу ў іх мове называюць гэтак жа, як і ў Крынках – часа. Мусіць надта старажытнае гэтае слова, з тае пары, калі славяне яшчэ не разлезліся па Еўропе ў VІ – VII стагоддзях. Магчыма, трэба „часу” вязаць з тадышнім будаўніцтвам пераездаў у мокрых нізах, дзеля чаго „часалі” (абрубвалі) бярвенні, роўна клалі... Масцілі, ад чаго ўзнікла, таксама, паняцце: масты, мост.

У нядзелькі вечарамі Крынкі шумелі салдацкімі песнямі п’янай моладзі. – Цёмная ноч, толькі пулі сьвісьцят па сьцяпі. Только вецер гудзіт у правадах... Ты меня жджош...

Улюбёная бацькам Косцем песня „пра Адзесу”; у ёй пра Канстанціна, вось.

Шаланды поўныя кіфалі, Каштан над горадам цьвіцёт. І Канстанцін бярот гітару, І ціхім голасам паёт...
1 ... 26 27 28 29 30 31 32 33 34 ... 42
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)