Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Биографии и мемуары » Не жаль пражытага

Электронная книга - «Не жаль пражытага». Краткое содержание книги:

Аб мінулых гадах, аб былым і пра сённяшнія адносіны да свайго жыцця распавядае кніга Сакрата Яновіча “Не жаль пражытага”. Часам лягчэй і прасцей поўнасцю адкрыць душу перад чужым, чым расказаць пра адну невялікую падзею сваім блізкім. Сакрат Яновіч меў адвагу (вельмі рэдкую) распавесці цэламу свету пра сваё жыццё, пра 50 гадоў творчасці, год за годам, падзея за падзеяй. І хаця не ўсімі сваімі чынамі можа ганарыцца, аднак, не мае да сябе прэтэнзіі. Не мае яе і да свайго жыцця. Не мае прэтэнзіі да нікога. Кожнаму з нас прыпала жыць у пэўную эпоху, перажываць пэўныя падзеі і змены, найважнейшым, аднак, заўсёды было застацца сабой. Чытаючы споведзь Сакрата, бо менавіта так можна акрэсліць гэты твор, часам задумваешся, як бы паступіў на яго месцы ў той час пры тых абставінах. Але табе не давялося быць на яго месцы ні тады, ні зараз. Кожны мае сваё месца, і важна, каб азіраючыся назад можна было з упэўненасцю сказаць “Не жаль пражытага”. А сказаць так можа толькі шчаслівы чалавек, які мае пачуццё споўненай місіі. (Н. Г.)
1 ... 27 28 29 30 31 32 33 34 35 ... 42
Перейти на страницу:

Цяпер, праз трыццаць-сорак гадоў пасля, тадышнія спевакі ўжо ў магілах, а сучасная моладзь, хоць і не менш алкагалічная, не зацягвае „Расьцьвіталі яблыні і грушы”... Пераважна наогул не спявае. Сыпле „курвамі”. Часам пачуеш: Grażynko, daj dupeсki! – Załуż gumк, gnoju, żeb nie machnął mi dzieciaka! Гэта, аднак, не лірычны радок ані песнячка, а парнаграфічная проза. Калісьці ў Крынках дзяўчат шчыпалі, казыталі; рогат далятаў да Лапіцкіх Гораў. Цяпер жа нічога такога я не чую. Назаўтра, ідучы падкасіць траву на газонах, што насупроць сядзібы, мушу вызбіраць з іх прэзерватывы, каб касілка не засеклася ў вінтах, ды пазбіраць інтымную бялізну, што бялее, бы гусі на выгане.

У траўні шэсцьдзесят дзевятага выйшла з друку мая дэбютная кніжка, Загоны. Першая і апошняя коштам Беларускага грамадска-культурнага таварыства. Наклад яе падасца фантастычна высокім, пад дзве з паловай тысячы (распрадалі). Гэты зборнік апавяданняў і навелаў чуйна адрэдагаваў Мікола Гайдук з-пад Міхалова, на тую пару бадай адзіны ў нас знаўца беларускай фразы (магістр Беларускага дзяржаўнага універсітэта імя Леніна). Прафесарыў у бельскім беларускім ліцэі, пабудаваўшыся каля патомных тут Сулімаў, і я ездзіў да яго дзеля паседжвання над рукапісамі. Гайдук, удаўшыся ападыктычным чалавекам з сялянскай заядласцю, не цярпеў пярэчанняў, але, на мой добры лёс, меў літаратурны смак. Не скажу, каб пакалечыў ён мае тэксты. Аднак павыкрэсліваў з іх усё, што пахла эратызмам, сексам. Тлумачыў: „Загоны будуць чытаць вучні, нельга іх дэмаралізаваць!” Хаця сам, асабіста, любіў ён „голыя фантазіі”. – Цудоўна апісаў ты гэты акт, але я яго не пушчу ў друк. Выбачай, золатца, – дадаваў нейкім уедлівым тонам. – Не злуй, Сакрацік...

Я не ўпарціўся за свае творы. Мне лёгкадумна важней было друкавацца. Яшчэ, відаць, і таму, што не набыў свядомасці майстэрства, пішучы інстынктыўна. Драматычна не хапала вышэйшай гуманітарнай адукаванасці, начытанасці. Толькі пачынаў завочныя студыі на паланістыцы ў Варшаве. Маючы трыццаць тры гады, я ўсенька рабіў запозна. Затое настойліва. З падвойным тэмпам. Было здароўе і мазгі.

З выхадам Загонаў Мікола Гайдук, пачуваючыся літаратурным бацькам мне, перасцерагаў, што зайздроснікі завозьмуцца рыць.

Я ціха не верыў. Асяроддзе ўспрыняла кніжку як бы энтузіястычна, адна за адною публікаваліся (пахвальныя) рэцэнзіі на старонках „Нівы” і пару польскіх газетаў у Беластоку, Лодзі, Варшаве (Кажушка, Рэдлінскі, Гушча, Кабатц). Schody zaczęły się później. Пакуль што хадзіў у арэоле славы, скажам, ваяводскага маштабу. У стане эйфарыі перажываў ладжаныя аўтарскія сустрэчы, а мелі яны той выратавальны скутак, што канчаткова перамог я на іх сваю заіклівасць. Саму тэхніку сустрэчаў падгледзеў я ў Алеся Барскага: публіка кахае жарты, не пераносіць напышлівай сур’ёзнасці, трэба паказаць сябе „сваім хлопцам”, не пашкадаваць слухачам бабскіх гісторыяў, памятаць, што існаванне чалавека трымаецца на двух слупах: на хлебе і на эрасе, расплодным множанні... А беластоцкі актор Кароляк даў мне практычную параду: не прыглядайся да твараў, не папраўляй сказанага, не будзь занудаю, кажы гладка, хоць неабавязкова разумна... Жанчыны шануюць чыстых і пад гальштукам.

Усплываюць у памяці эпізоды ад тадышніх дзеячаў і рэдактараў. Думаю пры гэтым: як мала беларусы змяніліся. Беларускія структуры перанялі ўжо маладыя, якім я дзед, але яны характарамі такія самыя. Падкія на грошы, па-здрадніцку пляткарскія, па-мужыцку помслівыя, па-савецку тупыя (нягледзячы на свае універсітэцкія дыпломы). Адкуль гэткі constans? На жаль, загадкі тут няма: менталітэт чалавека фармуецца ягоным лёсам, сацыяльным паходжаннем. Усё ў нас тыя самыя дзеці замурзанай вёскі. Пераважна. Лягчэй, чым майму пакаленню, далося ім аднак жыццё, бо сама вёска прападае і сялянскія бацькі ўсяляк выдаткоўваюцца вось на мацаванне гарадскога дабрабыту ў сыноў-паноў і дочак- паняў ды ўнукаў-панятаў. Гэта самагубнае; праўда, тыповае наогул ўсходнееўрапейскай галытве (незразумелае на Захадзе). Візуальна бачнае тое ў выглядзе „віллаў” – напрыклад – на беластоцкай Багноўцы, некалі ўбудованых першымі вяскоўцамі ў вялікагорадзе: тады захаплялі-заварожвалі, цяпер жа выклікаюць спачуванне сярмяжнай шэрасцю на фоне новых апошнім часам, каляровых, па-далярнаму размашыстых, з элементамі нават архітэктуры. Бедны доўга, да чацвертага калена, застаецца бедным, хоць яго адносная беднасць паказваецца роскашу ў параўнанні з хаткаю, хлявом ды стадолаю продкаў.

Пра ўсё нагадваю яшчэ раз, настолькі важным ёсць зразуменне намі саміх нас, сябе.

Напрыканцы таго года „Загонаў” узняўся гевалт, наступ на навучанне беларускай мовы ў школах. Нашы верхаводныя ідыёты, узвычаеныя біцца не больш, чым за грошы і дарэмныя бабы, падпісалі былі якуюсьці паперку, падсунутую ім цванымі начальнікамі з міністэрства асветы. Паводле тае эпістолы вынікала, што палякі, як заўсёды, святыя, а гэта самі беларусы не вельмі хочуць, каб іх дзеці ведалі культурную беларускую мову. Тлумачачы: роднае слова перашкаджае ў інтэлектуальным развіцці... Давай польскае, польскае! Cóż mieliśmy robić, poszliśmy głupim chamom na rękę...

Гэтая вайна супроць беларускага слова хутка праявілася ў паляванні на „беларускіх нацыяналістаў”. Не буду пералічваць тых паляўнічых: адны з іх паспелі памерці, іншыя – здаўшы дзяцей у палякі – парабіліся на эмерытурах фанатычнымі барацьбітамі за беларушчыну, праваслаўе. Бог з імі, кожны жыве са сваім сумленнем. А вынікі тае вайны аказаліся настолькі ўдалымі, што аж фатальнымі для будучыні нашай тут нацыі. Беларускіх патрыётаў ніколі не было шмат; за сталінскім часам – для параўнання кажучы, – усе яны змясціліся б у грузавіковай душагубцы НКВД.

Напісаў мініяцюру-жальбу, у снежні 1969 г. „Ідуць тыя, янычары імперыі АБЫ-ЖЫЦЬ, з шаблямі крывымі, як сумленне, з мушкетамі, у якіх кулі бяздумнасці...”

* * *

Цванікаў, на жаль, больш, чым сумленных людзей. Нехта з хітра прыжмуранымі вочкамі спрабоўвае акампраметаваць мяне. Чыніць гэта, аднак, няўмела па дзвюх прычынах: слаба аналізуе зацікавіўшую яго сітуацыю – гэта па-першае, а па-другое, залазіць яму ў сраку гультай і таму францік дрэнна валодае нацыянальнай беларускай мовай. Адчапіцца ад яго мне лёгка. Кажу: – Сынок, перш навучыся ты гаварыць і пісаць па-беларуску, тады і падыскутуем.

Так сказаць магу я толькі цяпер, а не трыццаць гадоў назад.

Набліжаўся вось 1970-ы, як благі пачатак ліквідоўвання беларускай культуры ў Польшчы. Хутка паменшала лічба вучняў на ўроках роднай мовы, нешта аж на семдзесят працэнтаў. Змянілася роля Беларускага грамадска-культурнага таварыства, якое, замест развіваць беларушчыну, пераўтварылася ў арганізацыю ліквідатарскую. Неўзабаве абавязвала тэза шэфа польскіх камуністаў Эдварда Герка o jedności moralno-politycznej narodu. У беластоцкай партыйнай правінцыі перакладалася тое наступным чынам: усё польскае лічыцца сацыялістычным, а няпольскае (чытай: беларускае) рэакцыйным. Сугучнае было палітычнай „філасофіі” безмозгіх саветчыкаў: коммунизм – это советская власть плюс русский язык по всей великой стране. Значыць: беларуская мова... антыкамуністычная. Хто ж у Мінску хацеў хадзіць у антыкамуністах!? Хіба што адзін Мікола Прашковіч, якога неўзабаве і заелі. Ён, ідэаліст, напісаў быў у „Ніву” адкрыты ліст на маё імя, тут узялі і апублікавалі яго – палеміку са мною, не памятаю ўжо аб чым – і хлопец апынуўся на жыццёвай звалцы. Не далі жыць-зарабіць яму, памёр ад алкагалізму. Сёння маім мінскім апанентам не пагражае гэткі трагічны зыход. Ну што: мякчэе гісторыя?

Неяк увесну сямідзесятага запыніў мяне ў рэдакцыйных калідорах журналіст ужо беластоцкай партыйнай газеты, Аляксандр Амільяновіч, чалавек адыёзны, якога пабойваліся сарамліва ягоныя шэфы, хоць і дэбютаваў ён у бязвіннай „Ніве” (аб чым у мемуарах Георгія Валкавыцкага). Зусім нечакана Амільяновіч odezwał się do mnie, mniej więcej, w te słowa: ty pieprzony nacjonalisto Białoruski, ja ci tak dopierdolę, że mnie popamiętasz; coś ty na mnie naklepał Karpiukowi!... Найгоршае тое, што гэты тып агульна меў рацыю: я фактычна ў пісьме гродзенскаму пісьменніку Аляксею Карпюку нагадаў, каб не абцалоўваўся ён з гэтым польскім яму пісьменнікам на п’яных мітынгах дружбы; палітычны гомасексуалізм кепска скончыцца. Нічога, што Амільяновіч паратаваў яго, Карпюка, якога бандыцкае ў тую пару КГБ у Гродне надумалася абвінавачваць у гітлераўскім агентурызме на той падставе, што падазрона ўдала ўцёк ён з канцэнтрацыйнага лагера ў Штутгофе, а перад тым квітаваў немцам некаторыя сумы марак... Такі папрок пах Сібірам, забойнымі шахтамі на Калыме. Амільяновіч выратаваў гэтага камандзіра партызанаў з-пад Гарадка, з’ездзіўшы ў музей пакуты ў тым жа Штутове ды высветліўшы, што вязні за сваю працу паднявольную атрымлівалі ад гітлераўцаў трохі марак, відаць, на папяросы... Не адзін Карпюк, а тысячы. Аб чым КГБ, таксама, па-хітрэцку ведала.

1 ... 27 28 29 30 31 32 33 34 35 ... 42
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)