Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Биографии и мемуары » Не жаль пражытага

Электронная книга - «Не жаль пражытага». Краткое содержание книги:

Аб мінулых гадах, аб былым і пра сённяшнія адносіны да свайго жыцця распавядае кніга Сакрата Яновіча “Не жаль пражытага”. Часам лягчэй і прасцей поўнасцю адкрыць душу перад чужым, чым расказаць пра адну невялікую падзею сваім блізкім. Сакрат Яновіч меў адвагу (вельмі рэдкую) распавесці цэламу свету пра сваё жыццё, пра 50 гадоў творчасці, год за годам, падзея за падзеяй. І хаця не ўсімі сваімі чынамі можа ганарыцца, аднак, не мае да сябе прэтэнзіі. Не мае яе і да свайго жыцця. Не мае прэтэнзіі да нікога. Кожнаму з нас прыпала жыць у пэўную эпоху, перажываць пэўныя падзеі і змены, найважнейшым, аднак, заўсёды было застацца сабой. Чытаючы споведзь Сакрата, бо менавіта так можна акрэсліць гэты твор, часам задумваешся, як бы паступіў на яго месцы ў той час пры тых абставінах. Але табе не давялося быць на яго месцы ні тады, ні зараз. Кожны мае сваё месца, і важна, каб азіраючыся назад можна было з упэўненасцю сказаць “Не жаль пражытага”. А сказаць так можа толькі шчаслівы чалавек, які мае пачуццё споўненай місіі. (Н. Г.)
1 ... 25 26 27 28 29 30 31 32 33 ... 42
Перейти на страницу:

Delegowaliśmy się у такую аказію цэлым кагалам, адзін – сакратар парт-арганізацыі – наперадзе і двух або трох мандакоў ззаду. Усё роўна што дэсант камандосаў. У мястэчку, скажам, у Міхалове разбягаліся па ўстановах. На якую гадзіну-дзве тое ж Міхалова пераставала функцыянаваць, начальнікі давалі нам інфармацыю ў „Ніву”, хваліліся ўдачамі, таілі няўдачы. Наогул плялі лухту, але мы прыкідваліся, што верым ім, хоць яны і ведалі, што мы толькі робім выгляд захопленых іхным удалым кіраўніцтвам. Крытыка вышэй солтыса немагчымая; трыбухаты начальнік трымаўся за партыйную легітымацыю, пачуваўся абароненым. Аднак баяліся нас, каб хто чаго не вынюхаў.

Вострыя пытанні не прыходзілі ў галаву. За іх выкідалі з работы; перш з партыі, бо партыйнага нельга чапіць. Пісалася ў адпаведнасці з духам пастаноў апошняга пленума ЦК; газету называлі пасам трансмісійным (прывадным) палітыкі, а не самастойнай грамадскай думкай. Народ павінен поўніцца шчасцем, што мае, во, мужную і дбайную Польскую Аб’яднаную Рабочую Партыю. Былі яшчэ партыі СД і ЗСЛь, пра якія іранічна гаварылася ў прыватных гутарках, як пра недабойкаў рэакцыі ды хваткіх на контррэвалюцыю. Трактавалася іх, бы адстойнік, ну, часовае шамба. Калі я праходзіў каля сядзібаў тых „дапаможных партыяў”, то мне мроілася, што зараз убачу, як выходзіць адтуль дзядзька ў камізэльцы, у амерыканскім капелюху, з цыгараю ў зубах... Страху не перажываў, памятаючы, што менавіта распавёў мне неяк Аляксандр Рафаловіч, інструктар БГКТ у Саколцы, а дагэтуль „убовец”. Ён атрымаў быў сакрэтнае заданне ўзначаліць сакольскі кулацкі ЗСЛь з мэтай недапусціць да ягонага пашырэння сярод каталіцкіх сялян. Тактыка ідэнтычная, як у БГКТ пры Герку: заклікалі да развіцця беларускай культуры адначасна ўсё робячы, каб да таго развіцця не даходзіла.

Аправізацыйныя праблемы не дапякалі. Жонка Валкавыцкага не раз пакеплівала з яго, што ён не ведае, колькі каштуюць хлеб ці масла, не кажучы пра мяса ці кілбасы. У сухім і высокім падвале адчынілі для журналістаў і выдавецкай адміністрацыі спецыяльную спажывецкую крамку, у якой не здаралася, каб чаго вельмі бракавала. Прычым паявіўся і буфет з кафейкаю. Ніхто з вуліцы, вядома, не мог зайсці сюды; выдаваліся імянныя карты ўступу. Абедалі тлуста – за паўцаны – у сталоўцы Ваяводскага Камітэта (за талонамі). Towarzysze dziennikarze – не памятаю, каб хто з іх быў непартыйным – да петэнтаў звярталіся „obywatel – obywatelka”, а калі, цьфу-цьфу, wypsnęło się „pan-pani”, чырванеў ад сораму, быццам... пернуўшы на імянінах. Смачна жылося нам у гамулкаўскую малую стабілізацыю, лічы: паўдарма. Па-савецку, але куды багацей за тых недамытых „таварышчаў”.

Пасля ўжо аніколі не наездзіўся я столькі на wczasy, як тады. Каторайсьці зімы – у Закапаным падаў незвычайнай буйнасці ціхі снег і я з Таняй, любячы такое надвор’е, пайшлі ў Паронін, наведаць слаўны музей... Леніна. Мяне, як нацыянала, уразілі там дзве рэчы: даведаўся, што у аўстрыйскай Галіччыне былі дазволены дзеля публічнага ўжытку аж тры мовы – акрамя нямецкай, польская і ўкраінская (на тых мовах друкаваліся нават бланкі на паштовыя тэлеграмы, а паштарка была абавязана іх разумець); і яшчэ тое, што Ленін беспамылкова па-польску запаўняў патрэбныя фармуляры на жыхарства (ён аднойчы з Пароніна кіраваў бальшавіцкім падполлем у Расіі).

Wczasy тады – асобная падкультура (як у песні Млынарскага). Моцна партыйныя выязджалі на іх два разы ў год, летам і ўзімку (двухтыднёвыя турнусы). Шэрым журналістам заснавана прыазёрны кэмпінг у зааўгустоўскіх Гібах, цалкам маляўнічы. Пад яго ўражаннем напісалася мне аповесць „Скарб у Яцвяжскай пушчы”. Спачатку кухню там не арганізавана і кожны на сваю руку здабываў харчы. Таня пільнавала ды абмывала няўрымслівых сынкоў, Слаўку і Ярка, а я хадзіў у навакольныя хутары па чорныя бохны хлеба, збаны з густым кіслым малаком, хоць ты яго нажом рэж; купляў рыбу, кумпякі, сыры, масла загорнутае ў лісцё хрэну, ягады ўсякія. Аўтахтоны настолькі не цанілі свайго, што часам саромеліся браць грошы за ўсё. Я пакідаў ім залатоўкі пад пасудаю, каб не бачылі і, каб потым, знайшлі, парадкуючы стол. Тутэйшых паланізавала даўным-даўно векавое тут Царства Польскае, утворанае Расіяй аж па калена Нёмана ад Друскенік. Але размаўлялі яны па-польску так, што, не прыслухаўшыся, падавалася тое гаварэнне беларускім.

Упадабаў мяне стары, з літоўскім прозвішчам Кеўляк, бо любіў слухаць ягоныя аповеды. У дваццатым годзе пайшоў Кеўляк у польскае паўстанне ў блізкіх Сэйнах; дачуўся, што мае там усталявацца Літва, а гэта было б яму раўназначнае са стратаю ў тым баку пару гектараў добрага лугу. Літовец на кані і з шабляю пагнаўся за Кеўляком у світцы, які бегма сукатаў у надрэчныя зараслі, але, аднак, дастаў жалезінаю над вухам (рана загоілася, рубец застаўся, і я глядзеў ці не штодзень той рубец). І Кеўлячыха мела сваю бяду з літоўцамі: прыслалі ў парафіяльны касцёл у яе Бэржніках новага ксяндза, які не мог цярпець польскай мовы і даваў бабе зразумець, што Бог прымае толькі літоўскамоўныя малітвы. У іхных успамінах літоўцы былі падобнымі на чарцей з нябёсаў, спасланых за зямныя правіны.

Тым часам „жондзілі” кэпмінгам Яхія Лядзінскі і яго маці, якая прыватна перахрысціла сына Янушам. Татарка. Прынцыпіяльны партыец быў ён у газеце. Пабойваліся яго, званага ў нас Яшкам, не таму, што нагадваў бульдога на крывых лапах; у Яшкі не было „пачакай”, калі каго меншага рангам ад сябе трэба было правучыць за нешта, або і за нішто. Азіяцкая постаць! Купленая ў карыстанне кэмпінгам маторная лодка аказалася назусім прысвоеная ім. Пакуль не знайшлася пуга і на злоснага Яшку: каторагасьці году выгналі яго з партыі – ну і з работы – за тое, што займаўся плагіятам, перапісваючы артыкулы з органаў, якія выходзілі на далёкіх землях Польшчы (тут, вядома, не чытаных).

Глыбейшага погляду на свет мы не мелі, не маглі мець, выводзячыся з-пад саламяных стрэх. Думаю, што мала разумнейшымі былі і ваяводскія сакратары партыі, тыя – Лашэвіч, Младзяноўскі, Мікульскі, і хто там яшчэ. Якія кніжкі яны чыталі і якія універсітэты канчалі? Жарты!

* * *

На тыя гады, на гамулкаўскія, выпаў у мяне росквіт публіцыстычнай актыўнасці. Я не мог пісаць толькі ўсяго цікава, мусіў яшчэ і паляпшаць свет. Верылася ў камунізм як у самую справядлівую ідэю, за якую трэба змагацца, каб бюракраты не апаршывілі яе. Гэта была вера ў сацыялізм з чалавечым тварам. Утапічнасць яго ўсвядоміў, калі пастарэў і сёе-тое зразумеў.

Валочачыся ў пошуках тэмы, па вёсках і мястэчках шукаў я клятых бюракратаў, каб заядла ачышчаць ад іх грамаду за грамадою. Меў мапу, з ёю не расставаўся. Сустрэўся ў забельскіх Казлах з Семянюком, ідэйным карэспандэнтам „Нівы” і нязменным прадстаўніком „здаровай думкі партыйнага сялянства” на з’ездах БГКТ. Ад яго я пачуў, што ў суседнім Мокрым пагарэлі сваім лёсам Кандрацюкі: ад няўдалае адбудовы гаспадар павесіўся, пакінуўшы ўдаву з малымі. Бюракраты, вядома, не дапамагаюць ім. Пад высокім небам канца лета я пайшоў пустымі палямі наўпрост у Мокрае. І як гэта ў нашых людзей, трапіў у слёзы ды бяду, плакалі старыя і малыя, а ўдава не магла выціснуць з сябе хоць адно слова.

Журналістаў тады моцна баяліся функцыянеры ў тэрыторыі, лічачы іх перфіднымі высланнікамі ўлады, тым pasem transmisyjnym. Пры гэтым зазначу, што ў народзе існавала па-народнаму даверлівая пераконанасць у тым, што партыя і ўрад пра ўсё ведаюць ды начамі не спяць, клапоцячыся пра няшчасны люд. Сам я ўжо ведаў, што так не ёсць, але лічыў сябе такім герольдам тае ж партыі і ўраду. Паводзіў сябе досыць самазванна, напусціўшы страху на хамуцкае начальства ў Піліках, якое імгненна пацікавілася лёсам Кандрацюкоў. „Ніва” пісала, хваліла. Часопіс зачытвалі ў хатах да дзірак. Ого, „Ніва”! Была яна арханёлам над знявечанымі дурнямі і мячом над шырокімі каркамі местачковай наменклатуры. Ніхто тых трыбухачоў у тую пару адкрыта не кляйміў у друку, толькі прапануючы ім заняцца тым і тым у іхным раёне, але яны ад таго нюхалі пограз, бы сабака воўка, і не трэба было два разы чаго паўтараць. Я фармуляваў пастулаты прыблізна так: мясцовыя ўлады, абраныя народам, у сваёй дбайнай дзейнасці аднак недагледзелі няшчасця Кандрацюкоў, якім трэба было... І тут пералічваліся канкрэты.

1 ... 25 26 27 28 29 30 31 32 33 ... 42
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)