Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Серия: Авантуры Пранціша Вырвіча #1
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Редакцыя газеты “Звязда”
- ISBN: 978-985-90277-6-5
- Жанр: Исторические приключения
Электронная книга - «Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега». Краткое содержание книги:
— А якім чынам лёс паслаў сюды вас, і хто гэты юнак? Ці не сын твой?
Пранцыся аж перасмыкнула. Якое падабенства можна ўгледзець між ім і алхімікам? Належала браць справу ў свае рукі, пакуль Лёднік не пачаў сэнсацыйную споведзь, а то яшчэ ў прыступе самабічавання распавядзе і пра тое, што яго прадалі ў рабства малаадукаванаму шкаляру. Тады не чакай павагі, і адпаведна, дапамогі.
— Толькі прашу пана Пфальцмана захоўваць пачутае ў таямніцы! — інтрыгуюча пачаў Пранціш.
А з расповеду ягонага вынікала, што Пранціш — малодшы сын багатага і радавітага шляхціца, толькі не варта прамаўляць ягонае імя ўслых, таму што Пранціш сям’ю сваю раззлаваў, увязаўшыся ў авантуры.
— Амурныя справы, разумееце? — даверліва пазіраючы блакітнымі вачыма, гаварыў Вырвіч.
Амурныя справы тыя наносілі крыўду другой, яшчэ больш радавітай сям’і, і юнака з разбітым ад нешчаслівага кахання сэрцам давялося адправіць падалей ад непрыемнасцяў, пад прыглядам ягонага хатняга настаўніка, шаноўнага доктара гера Лотмана — менавіта так цяпер належала называць Бутрымуса Лёдніка.
У гэтым месцы расповеду Бутрымус нібы пракаўтнуў нешта, што перасела ў горле. Але прамаўчаў.
Вядома, выправілі Пранціша («Можаце называць мяне Франц Магнус!» — сціпла прапанаваў Вырвіч, стараючыся не глядзець на слугу) не голым-босым, былі і гладкія коні, і куфры з дабром, і грошы… Вось толькі мінулым вечарам на іх з настаўнікам напалі падступна грабежнікі, і ўсё адабралі, нават распранулі, давялося ахвярам скарыстацца з тых абноскаў, што латругі праклятыя, з сябе зняўшы, ім кінулі. Пры гэтых словах Пранціш патрос перад сваймі вачмі паедзенай моллю шапкай, быццам веры на даваў, што мог апрануць гэткую непаглядную рэч.
Але жменьку грошай захаваць ад грабежнікаў усё-ткі ўдалося, так што Пранціш і ягоны настаўнік будуць вельмі ўдзячныя, калі пан Пфальцман падзеліцца з імі адзеннем за разумную плату… А яны ахвотна дапамогуць пану ў ягоным бядотным становішчы, прыкладуць усе сілы, каб выцягнуць павозку з калюжыны і даставіць у Слуцк, бо дзве шаблі і пісталет у руках людзей баявітых і смелых у дарозе не лішнія, а надалей і ў дэманстрацыі цуда-машыны паспрыяюць.
— Бо як мяне выправілі ў свет за навучаннем, дык я рады буду пазнаёміцца з такім дасведчаным панам, як вы, гер Пфальцман, і паназіраць за цуд-машынай… Толькі трымайце ў таямніцы, хто мы — а то могуць быць непрыемнасці і для нас, і для вас. Можаце мяне прадстаўляць, як Франца, асістэнта гера Лотмана.
Пранціш уклаў у голас як мага больш пранікнёнасці, і гер Пфальцман размяк. Ён каротка пераклаў расповед Пранціша жонцы, і фрау Эльза ажно ўсхліпнула ад расчуленасці і ласкава паглядзела трохі пукатымі светлымі вачыма на блакітнавокага высакароднага юнака, які трапіў у бяду з-за палкасці пачуццяў, якім, вядома, жанчыны з вялікім сэрцам не спачуваць не могуць.
Лёднік, прабачце, гер Лотман, мудра маўчаў.
Мясцовы лясун відавочна прыйшоў у добры настрой і перастаў учыняць падарожным гадасці. Вецер Сутон працягваў наганяць хмары і плявацца халоднай вадой. Але Пранціш і Лёднік ехалі ў экіпажы Пфальцманаў. На абодвух былі нямецкія касцюмы, такія ж, як на гаспадары карэты. Двух дукатаў, вядома, шкада, але таргавацца не даводзілася — Пранціш выдатна адчуваў мяжу беражлівасці дабрадзеяў, за якую пераступаць нельга. З прычыны таго, што ўсе найміты збеглі, Лёдніку давялося быць за фурмана — бо вусаты Генрых кіраваў павозкай з застрашлівай жалезнай чарапахай.
Між тым Пфальцман забыўся на непрыемны выпадак і набыў выгляд самазадаволены да агіды. Ён паблажліва паглядаў на спіну Лёдніка, чыя залежнасць ад ягонае ласкі была яму, падобна, страшэнна прыемнай, нарэшце перасеў бліжэй да былога сябра і загаварыў.
— І чаму гэта, гер… Лотман, апошнія гадоў дзесяць я пра цябе нічога не чуў? — голас немца можна было на булку замест мёда мазаць. — Ты ж такім свяцілам быў… Трактат пра солі напісаў, артыкулы ў Лейпцыгскім навуковым часопісе друкаваў. Прафесар Гофман лічыў цябе новым Парацэльсам. А ты, аказваецца, у хатнія настаўнікі пайшоў! Можа, таксама нешта вынайшаў за гэты час, але сціплічаеш?
Лёднік пахмура скасавурыўся на былога аднакурсніка.
— Хваліцца мне няма чым. На маім млыне малоліся адны камяні, а з іх хлеба не спячэш.