Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Серия: Авантуры Пранціша Вырвіча #1
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Редакцыя газеты “Звязда”
- ISBN: 978-985-90277-6-5
- Жанр: Исторические приключения
Электронная книга - «Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега». Краткое содержание книги:
Лёднік дыбаў побач, мармычучы даўжэзныя фразы з «Досведаў» філосафа-французіка Мантэня, да якога Пранцысю не было ніякай справы, як і да дурной скандынаўскай вавёркі Рататоск. Раптам доктар схапіў Вырвіча за плячук і спыніўся. Пранціш прыслухаўся… У іхні бок нехта пёрся, ломячы кустоўе і енчачы. Лёднік адцягнуў Пранцыся пад разлапістую елку, хаця Вырвічу так і рупіла ірвануцца наперад і выпрабаваць шаблю на невядомай небяспецы. Але ўспамін пра адно ўчорашняе даставанне шаблі з похваў быў такі непрыемны, што Вырвіч вырашыў перачакаць, як раіў Лёднік. А той, аднак, дастаў з-за пояса пісталет. Пранціш не стаў агучваць, што Вырвіч-старэйшы, як і многія шанавальнікі сармацкіх звычаяў, лічыў ужыванне пісталетаў адзнакай заняпаду шляхецкага баявога мастацтва, хаця пагаджаўся, што шляхціц павінен умець з пісталету патрапіць вавёрцы ў вока. Урэшце, Лёднік — не шляхціц, а мяшчук, вось няхай і страляе.
— Прасвятая Багародзіца, ратуй!
З боку дарогі бегла двое мужыкоў у звычайных упэцканых світах і магерках, відаць па ўсім, дужа пераляканыя. Адзін на бягу спрабаваў маліцца, другі выкрыкваў, быццам заікаўся:
— Цмок! Цмок! Цмок!
І наўрад гэткім чынам ён намякаў на пацалункі. Што ж, простыя людзі, вядома, і саву палічаць нячыстай сілай. Калі небаракі, спатыкаючыся на вільготных карэннях, абдзіраючыся аб голле, адбегліся дастаткова далёка, Лёднік і Вырвіч з належнай асцярожнасцю рушылі далей: тое, што напалохала мужыкоў, павінна было знаходзіцца на дарозе трохі наперадзе.
Напачатку яны пачулі нямецкую лаянку. Нехта шчыра і выразна апісваў мясцовыя дарогі, мясцовых дзікуноў і мясцовае надвор’е. Асобныя фразы ўтрымлівалі лацінскія словы, таму можна было зразумець, што чалавек лаецца вучоны.
Пранціш і ягоны слуга вызірнулі з-за кустоў, на якіх засталіся вісець пераможанымі сцягамі толькі асобныя рудыя лісты. Пасярод дарогі стаялі дзве павозкі. Адна — звычайны дарожны экіпаж, брычка з наладаванымі ззаду куфрамі. А вось другі ўяўляў з сябе нешта падобнае да невялікай адрыны на колах, шчыльна накрытай прасмоленымі палотнамі. У гэтую адрыну было запрэжана ажно восем коней, але й яны не маглі зрушыць з месца волатаўскі воз, які патрапіў двума левымі коламі ў велізарную калюжыну, так, што пагрозліва пахіліўся. З аднаго боку палотны, якімі быў шчыльна схаваны таямнічы груз, разышліся, і між імі нешта металічна паблісквала. Каля возу мітусіўся невысокі пузаты чалавечак у чорным камзоле з простым белым каўняром, з-пад капелюша з высокім верхам звісалі пасыпаныя пудрай буклі. А на нагах, зусім недарэчна на ліцвінскіх восеньскіх дарогах, былі чаравікі і калісьці белыя панчохі. Менавіта гэты чалавечак і сыпаў праклёнамі. Высокая худая кабета ў каптуры, захінутая ў дорожны плашч, час ад часу перакрывала ягоныя крыкі пранізлівым:
— Якаб, вазьмі сябе ў рукі!
Вусаты фурман, таксама апрануты ў нямецкі строй, завіхаўся ля коней…
— Няхай будзе пракляты той дзень, калі я атрымаў ліст са Слуцку і зажадаў княскіх дукатаў! — гарлаў чалавек у капелюшы.
Прынамсі, менавіта так Пранціш, у якога поспехі ў нямецкай былі даволі сціплымі, разумеў ягоныя скаргі. Але ясна было, што экіпажы кіруюцца ў Слуцк! Лёднік перарывіста ўздыхнуў, як паляўнічы, што нарэшце пабачыў з засокі вепрука:
— Вось табе і літасць лёсу… Здаецца, гэты немчык мне знаёмы. Аднакурснік мой па Лейпцыгу… Калісьці мы няблага праводзілі час. Але як ён павядзецца, калі даведаецца, што мы збеглі з-пад арышту?
— А ты што, вось так сабраўся яму ўсё пра нас вываліць?
Пранціш ледзь не засмяяўся — вось наіўная дзівачына гэты доктар.
— А як патлумачыць, чаму мы тут апынуліся, ды яшчэ ў такім выглядзе?
Пранціш агледзеў сябе й Бутрыма прыдзірлівым вокам: так, не з балявання паны… Абцерханыя, брудныя… Добра, што ўзброеныя, але ж — пешкі ідуць! А які гэта высакародны пан без каня?
— Гэх, каб ён толькі па-нашаму разумеў… — з прыкрасцю прамовіў Вырвіч.
— Якаб Пфальцман? Ды ён моваў дваццаць ведае, і ліцвінскую разумее дакладна, — запэўніў доктар.