Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Исторические приключения » Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега
Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега

Электронная книга - «Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега». Краткое содержание книги:

У прыгодніцка-гістарычным рамане Людмілы Рублеўскай вы сустрэнецеся са збеглым вучнем Менскага езуіцкага калегіюму Пранцішам Вырвічам і доктарам Баўтрамеем Лёднікам з Полацку, якім давядзецца пабываць у сутарэннях Слуцку, Менску і Полацку, выратаваць Сільфіду, паездзіць у жалезнай чарапасе, вынайдзенай Леанарда да Вінчы, здабыць дзіду Святога Маўрыкія і не аднойчы біцца за ўласны гонар і за Радзіму. Тлум прыдарожнай карчомкі, абед у князя Гераніма Радзівіла, змова менскага магістрату супраць Пане Каханку, таямніца полацкага аптэкара Лейбы… Яскравы партрэт эпохі, дзе ёсць месца і сляпому лірніку, і вялікаму гетману, найміту-забойцу і італьянскаму опернаму спеваку, сястры ўсемагутнага магната і прадажнаму суддзі… Вы пераканаецеся, што прыгоды беларускіх герояў не менш захапляльныя, чым французскіх мушкецёраў ці расейскіх гардэмарынаў.
1 ... 22 23 24 25 26 27 28 29 30 ... 100
Перейти на страницу:

Шкаляр драпежна ўсміхнуўся:

— Тады ніякіх праблемаў! Рушылі! А ты толькі з усім згаджайся, што я скажу. Homo semper in ore aliud fert, aliud cogitat. Чалавек заўсёды адно гаворыць, а іншае думае.

Сямейства Пфальцманаў сустрэла з’яўленне чужынцаў, калі мякка казаць, насцярожана: фрау схавалася за невядомую канструкцыю на возе, а гер Пфальцман проста наставіў на прыхадняў з лесу два пісталеты. Але пры набліжэнні Лёдніка немец разгублена апусціў сваю зброю і нясмела заўсміхаўся.

— Гер Лёднік? Не можа быць! Майн Гот! Гэта вы, мой сябра, альбо інкуб у вашым абліччы?

Былы алхімік расцягнуў вусны ў падабенстве ўсмешкі.

— Вітаю пана Пфальцмана!

— Эльза! Гэта доктар Бутрымус Лёднік, з Лейпцыгу, той, што вынайшаў двадцаць тры спосабы трахеатаміі! Колькі піва, сябар мой! Колькі добрага піва ў карчомцы «Пад карасём» мы папілі! Генрых, апусці зброю, усё ладам!

Апошнія словы на нямецкай Пфальцман скіраваў фурману, які ўвесь гэты час стаяў за возам, наставіўшы на гасцей вялізную, з раструбам, рулю стрэльбы. Між тым Лёднік з чыста навуковай цікавасцю наблізіўся да канструкцыі, прыкрытай палотнамі, і зазірнуў у дзірку, чым гер Пфальцман быў вельмі незадаволены і, падобна, каб мог, не падпусціў бы туды старога сябра. На возе грувасцілася нейкая незразумелая жалезная прылада, відочная частка якой сапраўды выглядала як рэбры цмока.

Лёднік хмыкнуў і павярнуўся да Пфальцмана, які спрабаваў схаваць сваю трывогу:

— Машына-чарапаха? Ты ўсё-ткі зрабіў яе, Якубе?

Пфальцман з пачырванелай фізіяноміяй кінуўся захінаць таямнічую канструкцыю.

— Прабач, сябар, але… У навуцы кожны сам за сябе… Мне б не хацелася раней часу дэманстраваць сваё вынаходніцтва, якое далёка не кожны здольны ацаніць.

Лёднік насмешна паківаў галавою.

— Не бойся, Якуб. Я не збіраюся красці тваё вынаходніцтва. Тым больш мы ж з табой разам бачылі ягоныя чарцяжы ў нататніку Леанарда да Вінчы.

— Там быў эскіз! Накід! Нічога канкрэтнага! — пакрыўдзіўся Пфальцман. — Пра мой вадзяны рухавік твой Леанарда нават памысліць не мог!

— І мы з табой гаварылі, што такая бязлітасная зброя была б занадта вялікай спакусай для тыранаў, — цвёрда прагаварыў Лёднік.

— І дазволіла б за адзін дзень завершыць любую вайну і тым зберагчы жыцці! — раздражнёна запярэчыў Пфальцман, відаць, працягваючы старую спрэчку.

— А калі кацёл узарвецца — а ён напэўна ўзарвецца, калі папрацуе хвіляў дваццаць, то зварыцца найперш той, хто будзе сядзець у гэтай скрынцы.

— Я ўдасканаліў рухавік! Ён звонку, аддзелены ад унутранага памяшкання двайным сталёвым лістом. Я сам ездзіў у гэтай машыне, і нічога, жывы! — раз’юшыўся Якуб.

— Але пасярод калюжыны ліцвінскага лесу гэтая цуда-машына выратаваць свайго стваральніка не можа! — з’едліва зазначыў Лёднік.

Пранцысь ледзь не пхнуў свайго слугу нагой — знайшоў калі дыспут учыняць. Твар Пфальцмана пайшоў плямамі, так што фрау Эльза, якая не разумела ні слова з размовы, пачала дужа няўхвальна паглядаць на дзюбаносага прыхадня, які крыўдзіў ейнага геніяльнага мужа.

Пфальцман зноў выдаў порцыю лаянкі наконт кепскіх дарог і дзікуноў-мужыкоў… Як зразумеў з ягоных словаў Пранцысь, нямецкі вынаходнік вёз сваю канструкцыю князю Гераніму Радзівілу, які паабяцаў немалыя грошы. Такія, што фрау Эльза, кабета практычная і не баязлівая, не наважылася адпускаць мужа ў дарогу аднаго. Хацелася і ўцячы з ахопленай вайной Саксоніі. Аднак падарожжа ад пачатку не заладзілася. Даводзілася праязджаць кружнымі шляхамі, мінуючы ваенныя дзеянні, а вайна — гэта ж не паненка, якую можна замкнуць у асобным пакоі. Вялізны груз, які Пфальцман выдаваў за дэкарацыі для тэатру пана Гераніма Радзівіла, выклікаў нездаровую цікаўнасць. У Варшаве адзін з памочнікаў гэтак зайграўся ў адным са славутых клубаў для гульні, што нібыта растварыўся ў напоўненым азартам і віннымі выпарэннямі паветры. Другі памочнік ад мясцовай ежы захварэў на жывот, давялося яго пакінуць у Берасці. Не паспелі ад’ехаць ад Берасця — карэта звалілася з мосту так, што нагадвала тыя выкапнёвыя парэшткі, якія засталіся ад Ноева каўчэгу на гары Арарат. Фурман пакалечыўся, добра, самі Пфальцманы мудра перачэквалі на беразе, пакуль іх экіпаж праедзе небяспечны мост. Жалезную чарапаху перацягвалі праз раку двое сутак, дрэвы валілі, як звар’яцелыя бабры. У Камянцы Пфальцман ледзь раздабыў новую павозку, вось гэтую нехлямяжую брычку з сеннікам замест абцягнутых зялёным сукном сядзенняў. Наняў і некалькі мясцовых мужыкоў. Тыя, аднак, да немца паставіліся падазрона, калі адварочваўся, хрысціліся, да груза на павозцы дакранацца баяліся. Давялося павысіць плату. Але патрапіў aus dem Staub in die Muhle kommen, з пылу ў млын. Калі здарылася няшчасце з калюгай і накрыўка расхінулася, неадукаваныя найміты вырашылі, што пабачылі самога д’ябла ў выглядзе жалезнага цмока і разбегліся, кінуўшы гаспадара ў самым бядотным становішчы.

1 ... 22 23 24 25 26 27 28 29 30 ... 100
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)