Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Классическая проза » Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]
Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе] - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]

Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]». Краткое содержание книги:

Раман Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім» – гэта твор пра драматычныя падзеі нашай гісторыі, перадумовы паўстання 1863-64 гг. Пісьменнік стварыў яркі вобраз эпохі, якая дала свету і нашай Айчыне сапраўдных герояў, мужных барацьбітаў за волю. Маштабнасць задумы твора бачна ўжо ў назве твора, што мае сімвалічна-алегарычны сэнс. Галоўны герой рамана Алесь Загорскі разважае: «Бедныя, бедныя людзі! Як каласы, як трава пад сярпом тваім, грубая сіла».
1 ... 23 24 25 26 27 28 29 30 31 ... 192
Перейти на страницу:

– За гэта мы на яго і працуем. Але нядоімак за намі не вялося. Пазык таксама. A калі гэтай вясной і давядзецца пазычаць з яго панскай літасці, то ў каго хочаш будзем пазычаць, толькі не ў яго, аспіда нясытага. Карчмару абразы ў заставу аддадзім, бо ён толькі што нехрысць, a ўсё лепшы за яго, пашчу ненажэрную.

– Пад зброяй пойдзеце, – кінуў пагрозу аконам.

I тут выступіў з радоў зусім яшчэ малады, год дваццаці васьмі, півошчынскі мужык па прозвішчы Корчак, працавіты бацька двох дзяцей. Толькі што вярнуўся са сціртаў (больш за ўсіх стараўся чалавек, бо сям'я ў бацькі была падзеленая і здабытчыкаў, акрамя яго, не было) і таму быў з віламі. Убіў іх y зямлю і спакойна абапёрся на дзяржальна.

– Не пагражай, аконам. Бог за пагрозы нявіннаму не даруе.

Стаяў перад аконамам бялявы, як лён, глядзеў чорнымі дрымучымі вачыма.

– A на згон не пойдзем. Калі пад зброяй павядуць, дык такую і працу атрымае пан Кастусь. Хай жаўнеры штыкамі снапы носяць.

– Зачыншчыкі! – сказаў аконам. – Ясна.

I дастаў з кішэні кніжку і аловак.

– Не дамо пісаць! Не дамо! – захваляваўся натоўп. – Чорт яго ведае што ён там напіша… A потым пячаць ляпнуць – і прападай душа.

Абураныя людзі купчыліся вакол старога Губы.

Першы не стрываў Васіль Гарлач, чалавек y беднай, але чыстай, старанна залапленай світцы:

– Ды што ж гэта такое?! За што?! За нашу крыўду ды яшчэ і пісаць.

– Нядобра робіш, аконам, – сказаў Корчак. – Глядзі, каб не рыгнулася.

– Дык вось як? – пыхнуў аконам. – Добра. Яшчэ і пагрозы. Гля-дзіце, мужыкі. Усё гэта вам прыпомняць. I ад згону адмову, і абразу пану, і… тое, што іконы святыя закласці іудзеям сабраліся… Кубло гадзючае! A табе, Губа, як завадатару, не мінуць і Сібіры.

Губа здзекліва глядзеў на яго.

– Чаго мне баяцца? Мне ўсяго жыцця з вераб'іныя нагавіцы. Ну і Сібір. Няхай. Ці не ўсё адно, адкуль да прабацькі Абрама на піва выпраўляцца…

– Ён яшчэ і блюзнерыць, ёмашнік стары… Патрэбен ты Абраму, парахня смярдзючая, – сказаў аконам.

Са старым Губой ніхто так не размаўляў. Абрам Абрамам, a павага патрэбна старому нават тады, калі ён скончыў зямныя справы. I таму пакрыўджаны Губа аскароміўся.

Аконам убачыў ледзь не пад самым сваім носам парэпаную цёмную дулю, нейкую вельмі доўгую і таму асабліва здзеклівую. I тады ён размахнуўся і сцёбнуў старога па пыльнай світцы, гарбатай на спіне.

I тут адбылося тое, чаго ніхто не чакаў ад заўсёды рахманага, паважна-маўклівага Корчака. Пэўна, і ён сам не чакаў, бо твар ягоны застаўся разважлівы і амаль спакойны. A рукі ў гэты час тарганулі з зямлі гaблі[44] і шпурнулі іх y аконама.

Вілы прасвісталі ў паветры і, дрыжучы, упіліся ў зямлю між расстаўленых аконамавых ног. Аконам збялеў.

A на яго ўжо насоўваўся натоўп.

– Гані адсюль!

– Паражняк адмяніў, поскудзь!

– Трэ-э-эці дзень!!!

– Плаці за згон!

– Рунь канямі топча, конаўка дурная!

Крык ап'яніў людзей, асабліва калі яны ўбачылі, што аконам ускінуўся ў сядло і прыпусціў уздоўж вясковай вуліцы. За весніцамі аконам кінуўся ўбок і паскакаў проста пожняй, без дарогі.

A ўзбуджэнне ўсё нарастала ў душах, і над натоўпам стаяў смех, ганарлівыя выгукі, свіст. Нясытае было лета, галодная будзе вясна – чорт з ёю! Чорт з ёю, абы на хвіліну прыйшлі ў душу патоля і гонар.

– Як гэта ты наважыўся, Корчак?! A каб пацэліў?

– Каб захацеў, дык пацэліў бы, – збянтэжана і трошкі горда пасмейваўся Корчак. – Што я, турак, каб y жывога хрысціяніна цаляць?

– Ды які ён хрысціянін?! Падла ён! Як жа… Згон дарма рабілі. A цяпер голад!

I гэта зноў звярнула думкі на крыўду.

– Слё-озачкі, – загаласіла нейкая баба. – Што ж ім спатрэбілася, зяпам ненаедным?!

– У старца кій адабралі!

– У дзяцей галодных кавалак з рота вырвалі!

Загаласілі і другія бабы. I з нарастаннем іхняга галошання нейкі цьмяны, лютаваты агеньчык загарэўся ў вачах y мужыкоў.

Нарастала нясцерпна балесная, ледзь не да слёз, крыўда. Яна патрабавала неадкладнага выхаду. I таму натоўп радасна выбухнуў, калі нехта кінуў:

– Спаліць Кроеравы сцірты… Хай ведае.

Натоўп зароў. Спадабалася ўсім.

– Не нам, дык і не яму!

– Палі!

З самаробнымі паходнямі рушылі знішчаць сцірты. Моладзь аддзялілася і пайшла паліць мэндлікі. Дзень пачаў захлынацца ў дыме… I дзіўна – ніхто не ўзяў ані снапа. Відаць, таму, што гэта быў не рабунак, a помста.

– Хай ведае!

– Носам наторкаць!…

…Спаліўшы збожжа, людзі вярнуліся ў вёску і сталі чакаць, што з гэтага будзе.

…Чакаць давялося нядоўга. Сонца яшчэ стаяла даволі высока, калі хлопец на верхавіне абшчыннага дуба заўважыў на дарозе з Кроераўшчыны пыл. Хацелі былі кінуцца ўпрочкі, але Корчак пераканаў, што няварта. Адзін чалавек – што ён такое без іншых? A калі тыя, што ішлі, наблізіліся, усім стала нават сорамна за свае думкі аб уцёках.

Ішлі дзесяць чалавек, a з імі ехаў коннік. A калі гэтыя дзесяць чалавек наблізіліся – людзі пазналі ў іх татар-вартаўнікоў, a ў конніку – паручніка Мусатава.

Аконам выпадкова застаў яго ў Кроераўшчыне і, смяротна перапалоханы, маліў яго, каб ён скакаў y Сухадол па дапамогу. Але ў паручніка былі іншыя планы. Бунт быў занадта шчаслівы выпадак, каб выпусціць ініцыятыву з рук, аддаць яе другому, застацца без рэпутацыі мужнага і дзейнага чалавека.

Зеленаватыя вочы Мусатава загарэліся прадчуваннем падзей. Небяспека – глупства: што робіцца без небяспекі? Яна надавала нават вострае адценне таму, што ён збіраўся рабіць. I таму ён прыкрыкнуў на аконама:

– Ану змоўч! Наробяць тут бязглуздзіцы, a ты выпраўляй… Колькі вартаўнікоў y маёнтку?

– Дзесяць.

– Давай іх сюды… A сам скачы ў Сухадол. Скажаш, пан Мусатаў сам рушыў y Півошчы… Хай не марудзяць.

Аконам глядзеў на яго з дрэнна прыхаванай пашанай і некаторым жахам. I гэта было добра: будзе сведка. У душы паручніка ўсё лікавала ад захаплення ўласнай хітрасцю. Хай y Сухадоле спяшаюцца. Гэта патрэбна, каб яго не абвінавацілі ў залішняй самаўпэўненасці. Але яны не паспеюць, яны проста не здолеюць паспець. “Малады і распарадны паручнік, які выпадкова аказаўся на месцы”, зробіць усё без іх… Не трэба было толькі паказваць радасці. I таму ён спакойна аглядаў зброю татар.

– Як жа вы? – з жахам спытаў аконам.

– Служба, – адказаў Мусатаў.

– Блаславі вас бог, – з расчуленым захапленнем сказаў аконам.

– Э, кіньце… Спяшайцеся лепей… Усё ж іх чатыры сотні адных мужыкоў…

– I вы не баіцёся?

– Баюся. Але іду… – Ён стрымана перахрысціўся і сказаў падначаленым: – Рушай, браткі.

…I вось цяпер атрад уступаў y Півошчы, і, чым больш ён пасоўваўся наперад, вырастаў y памерах брудна-белы, маўклівы натоўп пад дубам. Калі да яго засталося якіх крокаў сорак, Мусатаў спыніў сваіх людзей, a сам ад’ехаў ад іх да натоўпу на даўжыню корпуса каня, не больш. Ён ведаў, што набліжацца больш нельга: сцягнуць з каня, і тады падначаленыя не паспеюць памагчы, збаяцца страляць і, магчыма, пабягуць.

Маглі нават проста натаўчы карак – гэта страшней за смерць…

Нельга было быць смешным. Ён абмацваў сваімі зеленаватымі, як y рысі, вачыма маўклівы натоўп, a яго рукі, учэпістыя і прыхавана-нервовыя, са сплюшчанымі на канцах, як долата, пальцамі, ляжалі на сядзельнай луцэ.

Пакрысе ён разумеў: небяспека ёсць, але вельмі маленькая. I гэта ўзбадзёрыла яго.

– Што тут здарылася? – спытаў ён.

У адказ – маўчанне.

– Чые мэндлікі гарэлі?

Зноў маўчанне.

– Маўчыцё, сук-іны сыны… Віламі кідаецеся… Ведаеце, чым гэта можа скончыцца?

Некаторыя апусцілі галовы. Божа, толькі б не рухнулі на калені!

– Што ж вы, браткі? Як гэта вы асмеліліся? Разыдзіцеся, не ўводзьце ў грэх хрысціяніна… Разыдзіцеся смірна па хатах…

У яго памякчэлым голасе была паблажлівасць: так кот на хвіліну адпускае ахвяру, каб было што даганяць.

вернуться

44

Вiлы. 

1 ... 23 24 25 26 27 28 29 30 31 ... 192
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)