Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Классическая проза » Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]
Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе] - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]

Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]». Краткое содержание книги:

Раман Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім» – гэта твор пра драматычныя падзеі нашай гісторыі, перадумовы паўстання 1863-64 гг. Пісьменнік стварыў яркі вобраз эпохі, якая дала свету і нашай Айчыне сапраўдных герояў, мужных барацьбітаў за волю. Маштабнасць задумы твора бачна ўжо ў назве твора, што мае сімвалічна-алегарычны сэнс. Галоўны герой рамана Алесь Загорскі разважае: «Бедныя, бедныя людзі! Як каласы, як трава пад сярпом тваім, грубая сіла».
1 ... 19 20 21 22 23 24 25 26 27 ... 192
Перейти на страницу:

Раўбіч уважна глядзеў на Алеся. Быў ён сярэдняга росту, але моцна складзены, з кароткай шыяй і магутнымі пукатымі грудзьмі. Чорныя як смоль і сівыя на скронях валасы стваралі на патыліцы магутную грыву, a спераду падалі на лоб касой скобкай. Твар быў шыракаваты ў скулах, але ладна вытачаны. Бровы доўгія, вычварна зламаныя і таму пагардлівыя, a лоб пераходзіў y нос амаль роўна, як на старых статуях. Шчыльна сціснутыя вусны вялікага рота, высокі гладкі лоб – усё гэта пасавала да агульнага выгляду і рабіла няправільны ўвогуле твар нейкім па-мужчынску прыгожым. Але самыя дзіўныя былі вочы: халодныя, карыя, з такімі пашыранымі зрэнкамі, што райка, здаецца, зусім не было. Гэтаму ўражанню дапамагала яшчэ і тое, што вейкі былі доўгія і густыя, зусім не мужчынскія, a на павеках, займаючы ўсе вачніцы, ляжаў асмужаны цёмны цень.

Страшнавата было глядзець y гэтыя вочы. I ўсё ж Алесь глядзеў. Гэты твар палохаў, але адначасова нечым прыцягваў яго. Цяжкі, знясілены нейкай неадчэпнай думай, змардаваны і грозны твар.

…Вочы без райка глядзелі ў вочы хлопцу, быццам выпрабоўваючы. I Алесь, хаця яму было амаль фізічна цяжка, не апусціў вачэй. I тады, пасля хвіліны гэтай нямой дуэлі, на сціснутых вуснах y Раўбіча з’явілася ўсмешка.

– Будзе сапраўдны князь, – трошкі нават расчулена сказаў ён. – Не сродак, не цацка чужой сілы… Віншую цябе, гаспадар Юры.

Толькі калі Раўбіч адвёў вочы, Алесь заўважыў, якая на ім дзівосная вопратка. Гэта быў сурдут не сурдут, a нешта пашытае пад кароткую і шырокую чугу. Пашытае, відаць, першакласным майстрам з вельмі дарагога, танюткага шэра-блакітнага сукна. Каб не гэта, Раўбіч выглядаў бы старасвецкім дваранінам з мядзведжага кута.

Усё астатняе было звычайнае: шэрыя панталоны, забраныя ў боты на высакаватых абцасах. Усё, акрамя аднаго: запясце правай рукі, жылістае і загарэлае, моцна перахопліваў шырокі жалезны бранзалет, пацьмянелы ў паглыбленнях, бліскучы на пукатых паверхнях, зроблены таксама па-майстэрску. Алесь краем вока заўважыў на ім нейкія трыліснікі, сцябліны чартапалоху, стылізаваную шыпшыну на капцы і фігурку конніка на шалёным кані. Ад гэтых назіранняў адарваў яго мяккі жаночы голас:

– Яраш, ты паглядзі толькі, які ён зараз гожанькі. Проста хлопчык з партрэта Аляшкевіча.

Абражаны гэтымі словамі, ён таргануў галавой управа і сустрэў спакойны позірк цёмна-блакітных вачэй сталай жанчыны, якая стаяла побач з Раўбічам. Жанчына была звычайная, з русай каронай валасоў на галаве, з трошкі вінаватай, вельмі жаночай усмешкай на прывялых вуснах.

– Вось вам і мой старэйшы, пані Эвеліна, – сказаў бацька. – Бачыце, які недарасль выгадаваўся.

– Які ён недарасль, – сказала Раўбічава. – Ён проста харошы хлапчына. Якраз таварыш майму Франсу. Пазнаёмцеся, дзеці…

Франс, чорнавалосы, матава-бледны, прыгожы хлопчык, працягнуў Алесю руку з пачуццём уласнай годнасці. Тонкі рот ветліва і трошкі завучана ўсміхаўся. Малады Раўбіч, асабліва ладны ў сваім бездакорным дзіцячым фраку з чорнага тонкага сукна, схіліў галаву:

– Мяркую, вы цяпер будзеце ў нас частым госцем, князь, – сказаў ён па-французску. – Ваша свята падабаецца ўсім, і вы таксама.

Алесь таксама схіліў галаву. Паводзіны Франса яго забаўлялі, і ён паспеў заўважыць за манерамі маладога прыдворнага тое, што ратавала Франса і не рабіла яго смешным: нейкую ўнутраную іронію да таго, што ён казаў.

– Чаму вы не прывезлі сваёй малодшай? – ветліва спытаў пан Юры. – Старэйшую я заўважыў. A Наталі няма…

– Што вы, – вінаватая ўсмешка Раўбічавай рабіла яе твар асабліва прыемным. – Наталі ж толькі два гады.

– Гэта дзіцячае свята, – сказаў бацька і падкрэсліў: – Таму я і запрашаў усіх. Для такіх гасцей мы аддалі асобны пакой з цацкамі.

– Я думаю, што наступны раз мы выправімся, – сказала пані Эвеліна. – A пакуль што, сапраўды, дзе ж старэйшая?

З натоўпу гасцей якраз y гэтую хвіліну выбралася дзяўчынка, – гады мо на два маладзейшая за Алеся, – па-дзіцячы даўганогая, y белай, званочкам, сукенцы, што адкрывала яе загарэлыя моцныя ножкі.

– Notre enfant terrible[35], – з усмешкай сказала Раўбічава.

Enfant terrible набліжалася да іх даволі рашуча і амаль цягнула за руку, як вялізную ляльку, Ядзечку Клейну. Тая ледзь паспявала за сваёй мучыцелькай.

– Вось, – сказала мучыцелька. – Вось яна, Ядзя. Так і не ўцякла.

– Вечар добры, Ядзенька, – сказала Раўбічава. – A ты, Міхаліна, трымай сябе прыстойна. Вось хлопчык, якога сёння стрыглі, пазнаёмся з ім.

– Яго толькі сёння стрыглі? – прыўзняла бровы дзяўчынка. – Зусім як дзяўчынку… Бедны!

Вочы Раўбіча смяяліся. Ён скоса глянуў на пана Юрыя і сустрэў яго вясёлы позірк.

– Не чапляйся да слоў, Міхаліна, – сказала Раўбічава.

– Ма-а, – з дакорам сказала малое, – ты ж ведаеш, я не люблю…

– Не чапляйся да маіх слоў, Майка, – больш паблажліва сказала маці.

– Не буду, – сказала Майка. – Дальбог, не буду, матулечка.

I глянула на Алеся халаднаватымі вачыма.

– У вас нейкае зусім сялянскае імя, хлопчык, – паважным птушыным галаском сказала яна. – Чаму б гэта?

Алесь раззлаваўся:

– A чаму гэта ў вас такое дзіўнае імя, маленькая дзяўчынка?

Белая шаўковая яе сукенка прыемна адцяняла слабы залацісты загар на руках. Валасы былі сабраны ў высокую прычоску, смешную на дзіцячай галоўцы.

“Каб не язык, зусім някепскае было б дзяўчо. Адцягаць бы цябе за валасы. Ведала б, як жарты строіць”.

A пад брывамі насмешліва глядзяць на яго цёмна-блакітныя, як марская вада, вочы.

Дзяўчынка ўздыхнула і першая адвяла позірк, не вытрымала. Губкі яе таргануліся, бы ад няўлоўнай крыўды. Але яна стрымалася і знешне спакойна паправіла на плячах доўгую карункавую мантылью. Калі яна гэта рабіла, яе рукі агаліліся вышэй локцяў, няспрытныя, худыя, як пруцікі, рукі з вострымі локцікамі. I гэта неяк памірыла з ёю Алеся, бо ён адчуў сябе мацнейшым.

Бацька падміргнуў Раўбічу, і дарослыя перасталі звяртаць увагу на дзяцей. Пан Юры падаў знак музыкам, і тыя грымнулі нейкую ўрачыста-сумную мелодыю.

– Прыгонны капельмайстар Вежы напісаў, – сказаў Раўбічу бацька. – Спецыяльна на гэты дзень…

A музыка грала. З нейкай гордай прыхаванай сілай. Ці то шумеў сітняг на бясконцых балотах, ці то чуўся ў цемры стомлена-мужны крок тысяч ног? Ён перарываўся часам, каб даць месца чамусьці змрочнаму і цяжкаму, a потым зноў гучаў.

I, прашываючы гэта, срэбная, нібы з жураўлінага горла, вяла сола труба.

Алеся як сціснула нешта за горла. Ён кінуў вачыма на Раўбіча і ўбачыў, што ў таго апушчаны свінцова-цяжкія павекі.

– Назва? – спытаў Раўбіч адрывіста.

– “Курганная шыпшына”, – адказаў бацька. – Бадай, ці не надта змрочна для такога дня. Але Вежа настойваў.

– Правільна зрабіў Вежа, – пасля паўзы сказаў Раўбіч.

Труба змоўкла.

Госці стаялі трошкі адурэлыя ад нечаканага пачатку. I ў гэтай цішыні бацька выступіў амаль на сярэдзіну залы.

– Шаноўныя панове. Шаноўныя гаспадыні і гаспадары. Сённяшні дзень – першы дзень юнацтва майго сына. Музыка, якой вы так былі здзіўлены, была напісана дзеля яго і гралася для яго. Яна не датычыцца вас. У гэты ўрачысты вечар вы павінны весяліцца.

Бацька быў бадай непрыемны Алесю ў гэтую хвіліну. Алесь зірнуў на Раўбіча, сустрэў яго позірк і зразумеў, што той адчувае тое ж самае.

– Сёння свята дзяцей, – казаў далей бацька. – I таму першы танец належыць дзецям… Дзеці, станьце ў пары… Алесь, выберы даму для першай пары.

Невядома, як гэта выйшла, Алесь яшчэ за хвіліну зусім не хацеў гэтага, – але ён стаяў ля Майкі і працягнуў гэтай агіднай зласлівіцы сваю руку… За ім, другой парай, стаялі Франс з Ядвігай, потым – Мсціслаў з нейкай дзяўчынкай, яшчэ і яшчэ пары.

Радасна грымнуў аркестр на хорах, і пацяклі павольныя гукі паланеза.

I тады Алесь, адчуваючы ўласны спрыт і лёгкую сілу, якая раптам наліла ўсё цела, паважна, на пальчыках, пайшоў, павёў даму да дзвярэй y малую залу, якія, зусім па-чарадзейску, самі адчыніліся ў другім канцы вялікай залы.

вернуться

35

Наша немагчымае дзіця (франц.). 

1 ... 19 20 21 22 23 24 25 26 27 ... 192
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)