Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]
- Автор: Короткевич Владимир Семенович
- Год: 1989
- Язык: белорусский
- Жанр: Классическая проза
Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]». Краткое содержание книги:
…Увесь вечар яна была зменлівая, як красавіцкі вільготны вецер – за кожным кутам хаты дастане. Магла сама шукаць яго вачыма і магла не звяртаць увагі на тое, што ён шукае яе. Магла завесці з Мсціславам размову аб тым, якія смешныя інтанацыі ў мове мужыкоў і як яны дзіўна, нязграбна рухаюцца. I хаця гэта было несправядліва, Мсціслаў пакутліва чырванеў за сябра і яшчэ за сябе, бо яна з ім загаварыла, a яму гэта было прыемна.
Алесь з кожным танцам падыходзіў да яе і адразу бачыў, як мяняецца яе капрызны тварык, робіцца пакорлівы і амаль бязвольны: апушчаныя доўгія вейкі, крыху ўсмешлівы рот. Яна ішла з ім y танцы менавіта так, як хацеў ён, a y перапынках зноў расплюшчвала вочы і казала:
– Шкада, што ў дзяцей няма бальных запісных кніжак… О, каб былі!… На гэты баль y ёй стаялі б дваццаць прозвішчаў – кожны запісваў бы сваё… I я танцавала б увесь вечар з рознымі.
I ён зноў злаваўся: аднойчы нават пайшоў скакаць мазурку з маленькай Ядзенькай Клейнай. Заўважыў, як ахвотна яна падала яму ручку, як уздыхнула з радасці, што ён падышоў, аж заззялі яе лялечныя, вялікія вочы.
…А потым быў перапынак, калі разносілі марожанае. I тут Ядзенькай заняўся Франс. Сам прынёс ёй вазачку, сам стаяў ля яе, сам потым павёў да дзвярэй на тэрасу.
Тут і падышла да хлопца Майка. Хлопец пайшоў са злосці на веранду і стаяў там, гледзячы на рознакаляровыя кітайскія ліхтарыкі, якія прыгожа беглі ў цемру алей. A яна адшукала там яго, стала побач, хутаючы плечы ў белую мантылью.
– Сумна, калі няма танцаў, – сказала яна. – Я танцавала б тры дні… A вы?
Ён памаўчаў, a потым усміхнуўся:
– Я таксама. Мне падабаецца, як вы танцуеце…
– Праўда? – загарэлася яна. – Ядзенька ж лепей?
– I гэта так… Але мне падабаецца, як танцуеце вы.
Размова ішла па-французску, і яму часам даводзілася шукаць словы. Таму ён наўмысна гаварыў запаволена, з паўзамі.
– Давайце ўцячом адсюль на некалькі хвілін, – сказала яна. – Пойдзем y парк. Тут горача…
У парку асветлены былі толькі галоўныя алеі. Спачатку па іх ішлі ланцужкі ліхтарыкаў: аранжавыя, блакітныя, чырвоныя, яны пагойдваліся сярод лістоты. Потым пайшлі звычайныя зыркія каганцы. Іхняе полымя мігцела часам ад нячутнага ветрыку, і сетка, сплеценая з ценю і святла, бегала па жвіры, па галінках, па ствалах магутных дрэў, па дзвюх маленькіх фігурках, якія ішлі ў ноч.
Каганцы таксама скончыліся, зусім непадалёку ад стаўка, над якім схіліліся вербы.
I тут іх агарнула ноч з ціхім шалёсканнем маленькіх хваль на вадзе.
Над стаўком перакочваўся ў хмарках бледны месяц. Некаторы час дзеці стаялі моўчкі, гледзячы на месячную дарожку, яркую ля другога берага і зусім цьмяную ля іхніх ног.
– Вы ўвесь час так маўчыцё? – спытала яна.
Яна не разумела, што ў ціхі час людзі павінны маўчаць, што мова ў такую часіну не гучыць. Непадрыхтаваны, ён шукаў слоў, якія павінны былі легчы на ноты цішыні. Але новыя ўражанні ў яго былі яшчэ кароткія і мізэрныя, ён міжволі звярнуўся да старых, больш моцных.
– Рыба любіць цёмныя ночы, – сказаў ён. – Але ўсё адно ў такую ноч яе лавіць прыгажэй. Дзеці апранаюць цёплае… рыззё і ідуць з… таптухай. – Дзіўна гучала ў французскім сказе слова “таптуха”. – Падстаўляюць яе пад вадзяныя хмызы, топчуць… I рыба ў сетцы ўся блішчыць, як блакітны жар. Пераліваецца, скача… A месяц плыве…
Ён асекся, заўважыўшы, як грэбліва апусціўся куточак яе рота.
– Я гэтых забаў не разумею, – быццам назнарок, быццам жадаючы падражніць, сказала яна. – “Таптуха”, “рыззё”… Мілагучныя словы, нічога не скажаш.
Тут раззлаваўся і ён:
– A ў чым жа яшчэ па рыбу лазіць… У гэтай маёй маскараднай чузе?… У вашай мантыльі? Смеху варта…
– Чым гэта вам не спадабалася мая мантылья? – іранічна, зусім як дарослая, спытала яна.
– A тым, што няма чаго выпінацца. A тым, што гэтыя словы аніяк не горшыя за вашы, – ён сыпаў гэта па-мужыцку, быццам праз бур’ян лез без дарогі. – A тым, што сорам удаваць з сябе дарослую і смяяцца з людзей, якіх не ведаеш.
– Я і не хачу ведаць, – нейкім асаблівым, вельмі агідным тонам сказала яна. – Вядома, y вас была дагэтуль зусім асобная кампанія. La compagnie exception-nelle[36].
Яна асабліва падкрэсліла гэтыя словы:
– La compagnie ex-ceptee з “тап-ту-хай”.
У гэты момант яна здалася яму такой дурніцай, што ён зарагатаў. Гэта, здавалася, збянтэжыла яе. Ужо значна менш упэўнена, але ўсё яшчэ з гонарам яна сказала:
– Je n’aime pas le gros rire[37].
– Я таксама не люблю, – зусім спакойна і зноў па-французску сказаў ён і дадаў: – Я думаю, нам лепей за ўсё вярнуцца.
– Мне не хочацца, – паціснула плячыма яна.
– A мне не хочацца заставацца тут. I я не магу тут пакінуць вас адну…
– То што? – спытала яна.
– То я завяду вас сілком.
– Ого, паспрабуйце.
I, перш чым ён паспеў працягнуць да яе руку, яна скочыла ўбок і, як каза, узбегла па нахіленым ствале старой вярбы, стала ў яе галінах, невыразна бялеючы над цёмнай вадой.
– Сыдзіде адтуль, – сказаў ён. – Вярба крохкая.
– I не падумаю.
– Я вам сур’ёзна кажу.
Замест адказу яна здзекліва заспявала французскую песеньку пра медзведзяня, якое спаймалі ў лесе і аддалі на вывучку жанглёрам. Яго імкнуліся навучыць, але ў жанглёраў усё адно нічога не выйшла: занадта яно было тупое і няспрытнае. Яно так і не навучылася скакаць, a калі спявала, то спявала, як y лесе, і нават жанглёры затыкалі вушы.
Стоячы на дрэве, яна гайдалася ў такт смешнай песеньцы і здзекліва спявала, з асаблівым захапленнем выводзячы прыпеў:
Les choses n’iront pas!
Les choses n’iront pas![38]
Гэта было нават не вельмі складна. Бог ведае, на колькіх мясцовых вуснах пабывала смешная дзіцячая песня, пакуль не абцерлася да такога.
A таму Алесь сумна паківаў галавою:
– Я думаў, вы зусім іншая. A вы проста злое і вельмі дрэнна выхаванае дзяўчо.
З гэтымі словамі ён павярнуўся і спакойна пайшоў прэч ад вярбы.
I раптам за яго спіною пачулася выразнае “крэк” і ўслед за тым ускрык. Вярба сапраўды была крохкая.
Ён азірнуўся. Тоўсты сук надламаўся і цяпер, гайдаючыся, боўтаўся ў вадзе. A на ім, – паспела-такі зачапіцца, – трымаючыся адной рукой за яго, a другой за ствол, вісела Майка.
Ён кінуўся да вярбы, узбег па ствале і, моцна абняўшы левай рукой тоўстую разгаліну, правую падаў Майцы.
– Трымайся.
Яна ўхапілася. Ён цягнуў яе, але адной рукой нічога не мог зрабіць. I тады ён сеў, абхапіўшы нагамі ствол, і пацягнуў дзяўчынку абедзвюма рукамі. Ён доўга біўся, пакуль яму ўдалося ўсцягнуць яе на вярбу.
Яны пачалі спускацца. Ужо на беразе ён акінуў яе позіркам і ўбачыў, што яна нават не падрала сукенкі. Быццам нічога не здарылася, яна памахала рукой.
– Я ж кажу: мядзведзь. Хапае за руку, як за сук.
– Даскакалася?
Ён адчуў нешта цёплае на запясці левай рукі: з невялікай ранкі кроплямі сачылася кроў. Відаць, разадраў аб адколіну сука.
– A хто вас прасіў? – спытала яна. – Лезеце тут…
Тады ён не вытрымаў. Дрыжучы ад злосці, схапіў яе левай рукой за плячо, a правай даў плескача па тым месцы, дзе спіна перастае называцца спіной…
Пасля ён моўчкі зрабіў рукой знак, каб яна пайшла.
Яна не ішла. Стаяла і глядзела на яго.
– Мяне ніколі не білі, – хутчэй з непаразуменнем, чым з крыўдай, сказала яна.
Ён маўчаў.
– Дальбог, ніколі…
Тут ён азваўся:
– I дарэмна. Ідзі адсюль.
Яна вагалася. Нават уздыхнула ў цемры. I тут ён пачуў нешта такое…
– Можа, і ёсцека тут праўда… – амаль з вясковым прыдыханнем сказала яна. Зусім чыста па-мужыцку…
– Ты што ж… I гаварыць можаш? – спытаў ён. – Чаго ж прыкідвалася?
– Бацька са мною, калі не пры гасцях, заўсёды так гаворыць, – уздыхнула яна. – A прыкідвалася… так проста.
36
Адборнае кола (франц.).
37
Я не люблю грубага смеху (франц.).
38
Справы не пойдуць! Справы не пойдуць! (франц.).