Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Классическая проза » Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]
Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе] - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]

Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]». Краткое содержание книги:

Раман Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім» – гэта твор пра драматычныя падзеі нашай гісторыі, перадумовы паўстання 1863-64 гг. Пісьменнік стварыў яркі вобраз эпохі, якая дала свету і нашай Айчыне сапраўдных герояў, мужных барацьбітаў за волю. Маштабнасць задумы твора бачна ўжо ў назве твора, што мае сімвалічна-алегарычны сэнс. Галоўны герой рамана Алесь Загорскі разважае: «Бедныя, бедныя людзі! Як каласы, як трава пад сярпом тваім, грубая сіла».
1 ... 27 28 29 30 31 32 33 34 35 ... 192
Перейти на страницу:

Міхал паглядзеў проста ў вочы Паківачу.

– Не, – сказаў ён. – Не данясу.

Калі завознікі паехалі, млынар, трошкі супакоены, пайшоў да імшаніка. Перад дзвярыма спыніўся, думаючы аб тым, што трэба будзе ўсё ж перанесці параненага ў будан ля бортнага ўрочышча. I не таму, што Кагут данясе. Ведаючы дзеда Данілу, гэтага можна было не апасацца. Проста далей ад граху. A раптам нехта налезе. Розныя бываюць людзі. Прыйдзе, калі цябе няма, і давай шныпарыць…

З гэтымі думкамі ён адчыніў дзверы. Марта сядзела над параненым.

– Непрытомны, – ціха сказала яна.

Корчак не быў непрытомны. Проста яму трэба было застацца са сваімі думкамі, і ён не хацеў адгукацца.

Так, для яго больш не было роднай хаты і роднай дзяжы. Таму што яго аднаго гналі, таму што адной ягонай крыві хацелі за падзеі ў Півошчах. A хіба яго трэба судзіць? Хіба гэта ён страляў? Не, пачаў страляць Кроер. Скончыў той паручнік з рысінымі вачыма.

Корчак быў спакойны. Ён проста разважаў.

Караць павінны ix, a караюць яго. Калі зямны суд такі хлуслівы, такі няправедны – чаму б не судзіць кожнаму, папраўляючы яго. Чаму не губернатару? Чаму не дзядзькаванаму смаркачу Загорскаму? Чаму не… мне? Чаму сапраўды?

Ён няўлоўна ўсміхнуўся навізне і небяспечнасці гэтых думак.

Так ён і зробіць. Суд дык суд. I ўсім, хто страляў y крыжы, не пайсці жывымі. Ён заступіцца за свайго Хрыста. Усе яны адкажуць перад праўдай. Таму што яны не дапамагалі хлебу расці, не дапамагалі зямлі-маці раджаць. Яны толькі глумілі яе, і таму праўды ў іх не было, і яны былі ваўкі. A з ваўкамі – па-воўчы…

ХII

Выйшлі з двара надвячоркам, калі ўздоўж вуліцы наскрозь ружавеў ад сонца ўзняты каровамі пыл. Мэкалі авечкі, непаразумела штурхаючыся ля варот, і адусюль даляталі лісліва-абыякавыя галасы гаспадынь:

– Шу-шу-шу.

– Красуля, Красуля… Ах, каб ты здарова была…

Чуліся рыпенне, шумныя ўздыхі, звонкія жаночыя галасы і добрыя плескачы па крыжах жывёл – гукі звычайнай вячэрняй сумятні.

Але нават у неспакоі быў спакой, таму што быў вечар. І, нібы падкрэсліваючы гэтую стому і спакой, сярэдзінай вуліцы ішоў на вячэру ў чарговы дом азярышчанскі пастух Данька, ляніва, ад няма чаго рабіць, прыкладаючы часам да вуснаў даўгую берасцяную трубу.

Гукі былі чыстыя і гучныя: Данька мог круціць трубы, як ніхто іншы. Дзеці ішлі насустрач яму, а пастух ішоў, так спакойна заграбаючы скуранымі поршнямі пыл, што аж зайздрасць брала. Дай бог быць на вялікдзень папом, узімку катом, а ўлетку пастухом. Дай бог! Бо нічога няма лепшага за гэты вечар, чыстыя гукі трубы і патаемныя позіркі дзевак на гожага пастуха.

Падышоўшы да дзяцей, Данька, які зусім і не глядзеў на іх, нечакана паднёс раструб берасцянкі да вуха Кандрату і раўнуў так, што хлопец аж падскочыў.

– Да-нька, каб на цябе!

– А чаго, чаго ты пасярэдзіне вуліцы ідзеш? – усміхнуўся роўнымі зубамі Данька.

– Ты, Данька, кінь, – сказала Янька. – Няможна.

Яна сядзела на закарках у Андрэя: пабойвалася кароў. Глядзела на Даньку з асуджэннем і павагай. Такі гарэзнік, а кароў не баіцца.

– Не буду, Янечка, – сказаў Данька, усміхаючыся. – Дальбог, не буду, гаспадынечка. А хто ж мяне тады вячэраю накорміць, як не ты.

Ён гэты тыдзень харчаваўся ў Кагутоў і быў здаволены: есці давалі добра.

Кожная гаспадыня ўлешчвае пастуха.

– Чакайце, хлопцы, – сказаў Данька. – Бярыце вось.

Ён палез за пазуху і пачаў даставаць дзічкі, зеленаватыя, з карычнева-ляжалымі плямамі: кожнаму па жмені.

– Буйныя якія дзічкі, – сказаў Паўлюк, набіваючы рот.

– М-гу, – сказаў Данька, сакавіта чамкаючы вялікай дзічкай. – То ж посеркі[46]. Гэтыя есці мо-ожна.

Усе елі дзічкі. Данька, гарэзуючы, даваў Яньцы адну за адной. Дзічак было многа, яны не змяшчаліся ўжо ў дзіцячых далоньках, а пастух, такі спакуснік, даваў яшчэ і яшчэ. Дзеўка глядзела на яго ўмольна, не ведаючы, што рабіць.

– Кінь, Янечка, – сказаў гаспадарлівы Паўлюк. – Злазь з карка, тут кароў няма. Ну вось… А цяпер глядзі.

Ён палез у Данькаву запазуху і там падчапіў далонню, як каўшом, цэлую горку дзічак.

– На ў прыполік. І не глядзі на гэтага антыхрыста.

– Дык чаго гэта Кагуты сёння такія кагуцістыя? – спытаў Данька. – Толькі пяра аднаго ў Кагутоў няма. І куды ідуць такія прыбраныя Кагуты?

– Пастуха сустракаць, – сказаў Кандрат. – Дарагога госця.

– Ну, гэта яшчэ нічога, – сказаў Данька. – Ад азярышчанцаў можна чакаць і горшага.

Ён быў вывазень з другой вёскі і таму заўсёды трошкі кпіў з Азярышча.

– Вы людзі ветлівыя. Вы не толькі пастуха, вы сена калісь званамі сустракалі. Думалі – губернатар, бо губернатараў вам, па мужыцкай вашай цемнаце, бачыць не даводзілася, а Мінка-салдат казаў: “У-га! Губернатар! Губернатар, браткі, важны, як, не раўнуючы, воз з сенам”. Дык вы ўцямілі. Здагадаліся, сустрэлі.

– Кінь, – сказаў спакойна Андрэй. – Брахня ўсё.

– А я хіба кажу: праўда? Куды вы?

– Да Загорскага ў госці, – апусціў вочы Андрэй. – Паклікаў.

– Да дзядзькаванага паніча? Д-добра. Вы ж там глядзіце, хлопцы. Не накідвайцеся на розныя дабраны-смакаваны, як Лапатаў кныр на панскі мэляс. Гонару трымайцеся. Не ў іх адных ён ёсць.

– А мы ведаем, – сказаў Паўлюк. – Мы не з пустымі рукамі ідзём. Мы во лузанцы нясём, гарэхі, мёд.

– Ды нешта позна ідзяце? – спытаў Данька.

Дзеці пераглянуліся. Потым Андрэй сказаў спакойна:

– А мы пераначуем. А раніцай пойдзем глядзець усё.

– Ну, глядзіце, – сказаў Данька. – Шчаслівай вам дарогі.

І ён пайшоў, заграбаючы поршнямі пыл.

…Дзеці выйшлі за весніцы. Ісці было прыемна. Ласкавы і яшчэ цёплы пыл прыемна казытаў пальцы, фантанчыкамі ўсплёскваў між іх.

– Добра, што ты не сказаў яму, Андрэйка, – вымавіў урэшце Кандрат. – Ніхто і ведаць не будзе. Нават бацькі. Толькі мы ды Алесь.

– Што я, дурны? Скажу я Даньку, што мы задумалі. Адразу б нас на возе ў Загоршчыну завезлі. А так збочым з дарогі, пройдзем лішнія тры вярсты ды і залезем у Раўбічаў парк. Разгледзім усё ды і пойдзем сваёй дарогай… А то ўсё: Раўбіч – чарадзей, Раўбіч у прычасць страляў, над Раўбічавым маёнткам цмокі лётаюць, да яго балотныя паны ездзяць… А хто бачыў? Хто ведае? Вось і трэба… памацаць…

– А калі нас тыя балотныя паны зловяць?

– Нічога не зробяць, – сказаў Андрэй. – Я з-за абразоў свянцоную ваду ўзяў.

– А страшна. З аднаго пуду можна памерці.

– Страшна, – сказаў Адрэй. – Ну і што ж.

Сонца села, калі яны звярнулі з загоршчынскай дарогі на вузейшую, якая вяла на Раўбічы. Перайшлі ўброд неглыбокую Равеку, што ўвабрала ў ваду апошнюю чырвань неба, і папраставалі ў лугі.

Атава адрасла сёлета такая ладная, што на паплавах не калолася, не балюча было ісці. Касіць пачалі значна раней Янавага дня.

Прайшло больш за месяц, як адгучаў апошні шаст касы, а на дварэ стаяў толькі пачатак жніўня, цёплага і лагоднага, як усё гэта лета.

Незлічоныя стагі цямнелі на росна-шызым абшары, струменілі той асаблівы водар, які бывае ў сена, не кранутага дажджом. Такі ўжо ўдалы быў у той год пакос. Яны былі вялізныя, тыя стагі, і выглядалі ў цямноцці нават трошкі злавесна.

Дзеці ішлі і гаманілі. Яньку неслі на спіне па чарзе, а то пускалі тупаць сваімі нагамі. Але размова пакрысе глохла, а потым стала чамусь шапатлівай…Бо злева, вельмі цьмяна, выплылі ў цемры далёкія шаты Раўбічавага парку. Зусім як у той майскі начлег. Яны былі далёка, тыя шаты, не менш як паўтары вярсты шызым поплавам. А над шатамі, зусім як тады, гарэў ледзь прыкметнай іскрай далёкі агеньчык.

– Зноў не спіць, – сказаў Паўлюк.

– Ніколі не спіць, – уздыхнуў Андрэй. – Чакае.

Цяпер блізняты ішлі першыя, поплеч. Каб першымі, у выпадку чаго, сустрэць бяду.

Гарэў над паплавамі далёкі, вельмі самотны ў цемры агонь. І дзеці ішлі на яго.

Шаты выраслі над галавою зусім нечакана. То былі ўсё далёка, далёка, а то раптам насунуліся на дзяцей і навіслі над галовамі. І агонь знік.

вернуться

46

Асабліва буйныя дзічкі, якія растуць ля затравелых лясных сцежак і дарог. У Прыдняпроўі некалі верылі, что яны выраслі з памёту мядзведзяў і дзікоў і таму былі такія вялікія. 

1 ... 27 28 29 30 31 32 33 34 35 ... 192
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)