Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]
- Автор: Короткевич Владимир Семенович
- Год: 1989
- Язык: белорусский
- Жанр: Классическая проза
Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]». Краткое содержание книги:
– Людзі, брат, за грошы ўсё што хочаш папусцяць. Люцыпару псалмы складаць будуць, бацькаўшчынай гандляваць, ды яшчэ і ў Бібліі адпаведнае месца адшукаюць, што бог, маўляў, і гэта ім дазволіў.
– Святых жа, здаецца, на ўсяленскіх саборах зацвярджалі? – блюзнерыў бацька.
– A там што, не людзі? Таксама, брат, людзі. Не серафімскімі ж крыламі яны ў Нікеі Арыя завушалі. Звычайнымі кулакамі… Біліся, як мой Марка ў карчме.
– Які гэта Марка?
– Быццам і не ведаеш? Таго, што на аброку? A божа ж мой, Марку майго ён не ведае! Ды той самы, што ў Сухадоле па вулках хлеб без скарынкі возіць…
Бацька пырснуў. Бабуля падазрона паглядзела на яго.
– A ты не блазнуй. Бог усё бачыць. I твае смяшкі, і Марку, і прагнасць людскую, і нікейскія “серафімскія крылы”.
Усміхнулася:
– Бываюць, значыць, з мурынаў святыя. Я ж казала, божыя душы. Значыць, заўтра ж ахрышчу, цябе вазьму хросным бацькам…
– Ды які я яму хросны? – зарагатаў бацька.
– A ты маўчы. Гэта і мне і табе залічыцца, за многія твае грахі. Дамо яму імя ў памяць пакутніка Яна… A там я падумаю-падумаю ды і ў прыёмышы яго вазьму.
– Прыгоннага.
– Ды які ён прыгонны? Ён жа чорны, як бот. Такія ў прыгоннікі не прыдатныя. Бог іх, відаць, за нешта колерам адзначыў.
I раптам Надзея Клейна засмяялася так, што затрэслася ўсё яе рошчыністае цела.
– A потым дам за ім пару хутароў. Чаму ж не? Раней y многіх калмычкі выхоўваліся. Гадавалі іх, пасаг давалі, выдавалі замуж. I нічога, многія жаніліся. Нават пікантным лічылася. Дык вось я і Янку ажаню. A чаму не?
– Дык хто пойдзе?
– Уce пойдуць, – сказала старая. – Паглядзела б я, якая засцянковая паненка за яго не пайшла б. Гэта каб супраць майго жадання, ды калі я сваццяй буду?! О-го, паглядзела б… A што ж такога? Хлопчык ён добры, сардэчны, галоўкай лашчыцца. Шанаваць жонку будзе, цаніць і шчасце і дабрабыт. Не тое што гэтыя п’янюгі ды сабакары, – прабач, бацюхна.
Памаўчала, падціснуўшы вусны.
– A i тая нейкая пойдзе. Добрыя ды багатыя мужы для бедных дваранак на дарозе не валяюцца. Няхай сабе і цёмны. Не папэцкае, пэўна. Гэта ў яго ад прыроды.
I ціха, адзін пан Юры чуў, спытала ў яго на вуха:
– Цікава толькі, якія ж гэта ў іх дзеці будуць? Крый божа, калі як шахматная дошка… квадратамі… Га?
– Такія не будуць.
– Ну то тады і добра… Будзе мне занятак на старасці год.
Яны набліжаліся да падлеткаў, якія стаялі асобна. Клейна падышла бліжэй за ўсіх і ўтаропіла ў хлопцаў пільны позірк.
– Гэты, – пасля імгненнага роздуму паказала яна кійком на Алеся. – Вочы матчыны, a позірк твой. Толькі, прабач, без тваёй цяперашняй спакайнаты. Хлопец будзе. Будзе хлопец, кажу табе. Не прывучай толькі сабакаром быць.
Зрабіла рэзкі рух.
– I адпусці. Адпусці адсюль. Асалоды ў гэтым мала, ляжаць на вачах усіх, як мухі ў місцы… Антаніда, віншую цябе. Будзе хлопец. Позірк просты, шчыры, не тое што ў гэтых малімончыкаў яго ўзросту… Ну, давай пацалуемся, Антаніда… A вы, дзеці, марш гуляць… I Яначку з сабой вазьміце. Ды не крыўдзіце яго там. Ён сірата.
Дзяцей і прасіць не трэба было: як чародка вераб’ёў, сыпанулі па сходах.
– Karo яшчэ няма, Georges? – спытала матухна.
– Раўбічаў няма. Кроера няма. Старога Вежы няма.
– Добра. Хай ідуць дзеці, – уздыхнула Загорская.
Алесь бег наперадзе ўсіх. Дзеці абагнулі палац, горку, на якой распараджаўся гарматамі Кірдун, карцінны павільён і спынілісяу гушчары парку, дзе была дзярновая лаўка.
Усе селі. Зялёная сетка святла ляжала на тварах дзяцей.
– Дык як жа вы жывяцё, Ядзвінька? – спытаў Алесь.
Лялечны тварык схіліўся ўніз. Вочы, такія нявінныя і сінія, засаромлена глядзелі на Алеся.
– Я з маці жыву. I з Янкам. У мяне тры старэйшыя браты… Былі тры браты… Два загінулі на вайне… Адзін – хто яго ведае дзе, мне не кажуць. Я апошняя. Ніхто ўжо не чакаў мяне, a я ўзяла ды і нарадзілася. Усе за мяне таму вельмі баяцца. Толькі я не баюся. Я люблю, каб цёпла. Люблю, калі спяваюць. Люблю, каб мне не перашкаджалі. A баюся толькі, калі хлопчыкі злыя… I сабак.
Алесь слухаў гэта з памяркоўнай усмешкай.
– Мы не будзем злыя, – сказаў Алесь. – Праўда, Мсціслаў? I сабакам яе ў крыўду не дамо. Што сабакі. У мяне унь два кані ёсць.
– Сапраўдныя коні? – спытала малая Клейна.
– Анягож.
Дзяўчынка паглядзела на яго з павагай.
– Ну a ты, Янка? – спытаў Алесь.
– Я зусім як яна, – вінавата ўсміхнуўся хлопец, і ўсе зноў здзівіліся, як па-вясковаму, амаль зусім чыста вымаўляе ён словы. – Толькі я не ведаю, дзе мае бацькі.
– Так зусім і не ведаеш? – спытаў Мсціслаў.
– Помню… Слаба… Помню агні… Вакол іх, на ражнах, сушылі рыбу… I зусім не помню бацькоў… Толькі аднаго Кемізі… Напэўна, ён быў мне брат… Не ведаю… I яшчэ помню жаночыя рукі… Нічога больш – адны рукі… Аднойчы з’явіліся крылатыя чаўны… Людзі казалі – “даў”[32] і паказвалі на іх пальцамі. Дзяцей схавалі, але нас усё адно адшукалі… Усе нашы, акрамя нямногіх, ляжалі на пяску… У Кемізі тырчала ў грудзях палка… Потым нас везлі морам… Потым быў нейкі бераг, і белы-белы пясок, і пячора з крыніцай, куды нас заганялі на ноч. Усё гэта звалася Мангапвані[33], a вартавалі нас людзі ў белых павязках на галаве… Потым я згубіў сваіх, іх не стала… Зноў было мора і потым вялікі горад, дзе мяне зноў купілі… I прывезлі сюды.
– Янка, – падаў голас Мсціслаў. – Няўжо гэта ты ад прыроды такі? Можа, гэта проста таму, што ты мыешся не так, як трэба?
– Я мыюся, – уздыхнуў Янка. – Не, тут ужо нічога не зробіш. I спрабаваць не варта.
– Ну і чорт з ім, – сказаў Алесь. – Падумаеш, бяда вялікая.
Яны сядзелі і гаварылі аб розных цікавых рэчах даволі доўга. Потым здалёк, з лагчынкі пад горкай, ударылі чатыры гарматы. Адным залпам.
– Прыехаў нехта, – з неахвотай падняўся Алесь. – Трэба ісці.
– Сядзі-і, – сказаў Мсціслаў.
– Не, брат, трэба. Можа, гэта дзед. Тады не пахваляць.
– Дзеду тройчы стралялі б… Гэта або Раўбічы, або Кроер.
– Усё адно. Трэба ісці.
Калі яны падыходзілі да круга гонару, на ім, ля самай тэрасы, кідалі павады на рукі слугам два чалавекі. Адзін з іх, худы і жылаваты, вельмі пахмуры, быў незнаёмы Алесю. Гэты чалавек злазіў з белай кабылкі павольна, з падкрэсленай стрыманасцю. Ваўкавата глядзелі вочы з-пад калматых брывоў, доўгія, як вiлы, вусы звісалі на зялёны паляўнічы гарнітур.
Затое другога Алесь пазнаў адразу. Ні з чым нельга было зблытаць гэтыя зеленаватыя, як y рысі, вочы пад брывамі пясочнага колеру. Ні ў кога не было такіх учэпістых рук і такіх кашэчых спрытных рухаў.
Жандарскі паручнік Мусатаў уласнай персонай завітаў y Загоршчыну.
Перадаўшы коней слугам, абодва пайшлі па сходах на тэрасу – адзін справа, другі злева, быццам не жадаючы папіраць нагамі адны і тыя ж прыступкі.
Алесь заспяшаўся. Калі дзеці падышлі да Загорскіх, Клейны і Ісленьева, Мусатаў ужо стаяў перад імі. A пахмуры чалавек чакаў наводдаль, муляўся, быццам не адважваючыся падысці.
– Прабачце, мадам, – сказаў Мусатаў. – У мяне справа да іх сіяцельства.
На абліччы Ісленьева з’явілася грымаса пакуты.
– Ну што яшчэ? – спытаў ён.
Матуля, каб не перашкаджаць віцэ-губернатару, звярнулася да бацькі:
– Чаму ж гэта Кроер не едзе?
– Асмелюся звярнуцца, мадам, – шчоўкнуў абцасамі паручнік. – Пан Кроер не прыедзе.
– Чаму? – спытаў бацька.
– У адной з вёсак пана Кроера бунт, – ціха сказаў Мусатаў.
– Дзе?
– У Півошчах.
– З якой прычыны?
Паручнік паціснуў плячыма. Твар Ісленьева скрывіўся.
– Якія загады вы прынялі? Спадзяюся, ніякіх агіднасцей? Стараліся ўгаварыць?
– Стараліся. На жаль, не дапамагло. Давялося страляць. Ёсць параненыя.
Свежае аблічча графа збялела:
– Ведаеце, чым гэта можа скончыцца?
Голас яго сарваўся. Наступаючы на Мусатава, ён патрасаў перад яго носам белымі сухімі старэчымі рукамі.
32
Судна гандляроў рабамі.
33
Астравок ля заходняга берага Афрыкі. База арабаў – гандляроў рабамі.