Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Историческая проза » Каласы пад сярпом тваiм. Кніга другая. Сякера пры дрэве
Каласы пад сярпом тваiм. Кніга другая. Сякера пры дрэве - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Каласы пад сярпом тваiм. Кніга другая. Сякера пры дрэве

Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм. Кніга другая. Сякера пры дрэве». Краткое содержание книги:

Другая кніга «Сякера пры дрэве» працягвае знаёміць чытача з захапляльным раману ў двух кнігах Уладзімера Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім». Раман прысьвечаны падзеям напярэдадні паўстаньня 1863–1864 гадоў у Беларусі. У другой кнізе аўтар распавядае пра падзеі што адбываліся ў Беларусі і былі прадвесьнікамі крывавага жніва, што прынесла паўстаньне. Моладзь з плянамі ідэямі і надзеямі на лепшую будучыню роднай Беларусі, яшчэ не ўсьведамляе цяжкі лёс абраны імі. Літаратурныя прыўкрасы пераплятаюцца з гістрычнымі фактамі зьвязанымі зь лёсам кіраўніка паўстаньня Кастуся Каліноўскага і чытаючы ня хочацца верыць, што вынікам усіх мараў і летуценьняў моладзі таго часу стануць шыбеніцы і высылкі. Уладзімер Караткевіч доўга падыходзіў да раману «Каласы пад сярпом тваім», і цалкам верагодна, што меў задуму на працяг, але нягледзяячы ні на што менавіта «Каласы пад сярпом тваім сталі сапраўднай вяршыняй творчасьці беларускага пісьменьніка і паэта, які заўчасна пакінуў гэты сьвет кааб назаўсёды злучыцца з роднай беларускай зямлёй.
1 ... 19 20 21 22 23 24 25 26 27 ... 164
Перейти на страницу:

Аконам муляецца. Мужыкі з прыхаванымі ўсмешачкамі назіраюць за галавамыйкай.

— З зімы…

— Што з зімы?

— З вясны, то бок…

— Што?

— Перацягваюць жывое дрэва тростам туга, каб за лета яно… мацнейшае…

— Чаму?

— Смалой набрыняе… А ўзімку секчы.

— Вось. Смалой набрыняе. Жоўтае, аж звініць. Не гніе… Вось якія бярвенні падай. А ў Мухі спытай, колькі ён на гэтых сяменніках куртажу ў кішэнь паклаў? Не спытаеш — сам спытаю.

Голас як нежывы. Аконаму ад гэтага нават страшней. А Вежы страшней за аконама.

I ўсё ж Вежа нiкому не выдаў бы сваёй боязнi i сваiх думак. Глебавiчна паспрабавала была папiкнуць "за чэрствасць" — абарваў.

Не ведаў аб тым i сам Алесь, не ведалi сын з нявесткай, не ведалi суседзi. Вежа баранiў сваю таямнiцу, маўчаў аб ёй, як маўчаць аб ганебнай хваробе.

Калi хто-небудзь добразычлiвы пытаў, як з унукам, пан Данiла адказваў са звычанай iранiчнай усмешкай, ад якой некаторых аж вадун вадзiў:

— Думаў ажаніцца, ды агойтаўся.

Часам і пры ўнуку.

Толькi аднойчы яны пасварылiся.

Быў май. Дрэвы апрануліся ўжо ў маладую клейкую лістоту, і стогадовы каштан ля тэрасы выкінуў да неба тысячы белых конусаў-свечак. Нібыта кадзіў і дзякаваў небу за цёплыя дні. Ночы былі яшчэ, аднак, халаднаватыя, а вада ў Вежавых ставах зусім ледзяная. Ставы амаль не зарасталі: моцныя крыніцы білі з дна.

Дзед і ўнук сядзелі на тэрасе. З нетраў веяла бальзамічным водарам маладой лістоты, вільгаццю ад ставоў і з Дняпра, чыстатой прыбранай, затравелай ужо зямлі.

Салаўі барабанілі, звінелі і цмокалі так, што здавалася, на зямлі існуюць толькі яны.

— Ягайла, — раптам сказаў дзед.

Унук страпянуўся.

— Што Ягайла?

— Ягайла любіў слухаць салаўёў. Ажаніўся ён з Ядвігаю, прадаў Беларусь з Літвою, права першарод-ства — за бабу. Тыя, пры жончыным двары, былі шмат танчэйшыя, цывілізаваныя. Пасмейваліся з яго цішком: варвар, мядзведзяў яму душыць, на кані гойсаць ды мядзведжую шынку рукамі есці. А гэты варвар, што каня спыняў на поўным скаку, пойдзе ў сад ды саловак слухае, а ў самога слёзы на вачах… То хто, я пытаюся, тут варвар?

Звінелі салаўі.

— І што такое наогул жанчына, шлюб без роўнасці, сяброўства? Так, баба.

С саксонским герцогом в карете золотой Промчалась Помпадур, блистая красотой. Фелон сказал, чету окинув взглядом: "Вот королевский меч, а вот ножны с ним рядом".

Ці варта дзеля такога нешта траціць з жыцця? Нават самую крыху? Нічога.

— Вершамі загаварылі, дзеду, — сказаў Алесь. — Гэта што, намёк?

Вежа здзівіўся. І сапраўды атрымаўся намёк.

— Я не хацеў. Але, калі ўжо так выйшла… Не выношу я ў мужчынах бабства… Калі ў іх вяселле?

— Не цікавіўся. Хіба я даў нейкую падставу шкадаваць мяне? Прасіў спачування?

— Не, — сказаў дзед. — Але выгляд у цябе часам такі.

— За выгляд не адказваюць, дзеду.

— А мне ўспамінаецца Халімон Кірдун. Яму б жонцы даць добра ў косці, каб хвастом перад чужымі не круціла. А ён усё шкадуе. А тая яго за гэта святым ды добрым лічыць, а павагі ані на шэлег. "Бяжыць гайня — пабягу і я". А назаўтра ідзе карову даіць, а Кірдун за ёю, трымаць каровін хвост, каб часам не сцябнула…

— Што мне загадеце зрабіць? — пачаў злавацца Алесь.

— Ажаніўся б з Ядвінькай Клейнай. Кахае цябе. Гожая. І роду добрага.

— Я пайду, — сказаў Алесь.

Пайшоў у сад.

Ад салаўінага бою прабіраў аж да самага сэрца мяккі халадок захаплення. Мокрая ляшчына цягнула шырокія лапы на сцежку. Дрэвы стаялі не варушачыся, раскашаваліся.

З патаемных нетраў — нібы пяшчотны востры струменьчык — далятаў часам гаркаваты пах ландышаў.

І, схаваўшыся яшчэ лепей за ландышы, крычыў аднекуль з яроў і хмызавых нетраў ніколі нікім не бачаны таямнічы, як хохлік, ляляк. Крычаў гартанна, страсна, захлынаючыся:

— Ма-уа, ма-уа, люа-ля, люа-ля!

Часам ён з незразумелых слоў збіваўся на зусім чалавечыя:

— Лiу-блю-лiу-блю!

Але ўсё заглушаў, поўніў, пранікаў салаўіны гром. Салаўі былі і тут, ля ставоў. І нават з-за Дняпра, не менш як за дзве вярсты адсюль.

Ён выбраўся да става мокры, аглушаны. Яго ледзь не хістала ад магутнага, спеўнага, пераможнага трыумфавання жыцця, якое царавала над усім, што дыхала і жыло вакол.

Стаў цьмяна зіхацеў, як луска. Над ім звісала адным бокам вялізная блізкая хмара — запаветны, не менш як шасцісотгадовы, дуб.

1 ... 19 20 21 22 23 24 25 26 27 ... 164
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)