Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Историческая проза » Каласы пад сярпом тваiм. Кніга другая. Сякера пры дрэве
Каласы пад сярпом тваiм. Кніга другая. Сякера пры дрэве - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Каласы пад сярпом тваiм. Кніга другая. Сякера пры дрэве

Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм. Кніга другая. Сякера пры дрэве». Краткое содержание книги:

Другая кніга «Сякера пры дрэве» працягвае знаёміць чытача з захапляльным раману ў двух кнігах Уладзімера Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім». Раман прысьвечаны падзеям напярэдадні паўстаньня 1863–1864 гадоў у Беларусі. У другой кнізе аўтар распавядае пра падзеі што адбываліся ў Беларусі і былі прадвесьнікамі крывавага жніва, што прынесла паўстаньне. Моладзь з плянамі ідэямі і надзеямі на лепшую будучыню роднай Беларусі, яшчэ не ўсьведамляе цяжкі лёс абраны імі. Літаратурныя прыўкрасы пераплятаюцца з гістрычнымі фактамі зьвязанымі зь лёсам кіраўніка паўстаньня Кастуся Каліноўскага і чытаючы ня хочацца верыць, што вынікам усіх мараў і летуценьняў моладзі таго часу стануць шыбеніцы і высылкі. Уладзімер Караткевіч доўга падыходзіў да раману «Каласы пад сярпом тваім», і цалкам верагодна, што меў задуму на працяг, але нягледзяячы ні на што менавіта «Каласы пад сярпом тваім сталі сапраўднай вяршыняй творчасьці беларускага пісьменьніка і паэта, які заўчасна пакінуў гэты сьвет кааб назаўсёды злучыцца з роднай беларускай зямлёй.
1 ... 17 18 19 20 21 22 23 24 25 ... 164
Перейти на страницу:

— Кандрат… Ану… Хутчэй.

Яны свідравалі натоўп за Алесем.

Загорскі, выбраўшыся на больш-менш вольнае месца, спыніўся і кінуў апошні позірк на гурт людзей перад бабінцам.

Унь яны стаяць. Яраш са скобкай валасоў і жалезным бранзалетам, Юллян Раткевіч глядзіць на Майку і, здаецца, здагадваецца, што нешта адбылося, Франс. І яе аблічча, такое, што на хвіліну робіцца шкада.

Яму прыйшла ў галаву дурная думка.

Перад імі — між імі і Алесем — палалі паходні і бочкі са смалой. У Раўбіча былі шчыльна сціснутыя вусны. Рука з жалезным бранзалетам сціскала свячу. І ад зарыва падаў крывавы адбітак на цяжкі, знясілены нейкай неадчэпнай думкай, змардаваны воблік.

Усе астатнія стаялі вакол яго цесна. Дурная думка… Стаяць… Скача зарыва… Як тыя паны, што пасля змовы Глінскага ішлі на плаху разам з сем'ямі, каб не засталося і роду.

…Франс азірнуўся на сястру і спалохаўся.

— Што з табою?

Ён абвёў вачыма натоўп, і яму здалося, што недзе за паходнямі мільгануў твар Алеся Загорскага. А можа, здалося?

І раптам ён са здзіўленнем падумаў, што побач з нянавісцю ў ім увесь час жыло нейкае цёплае пачуццё да Алеся. Адкуль?

…Алесь, сустрэўшыся на імгненне з вачыма Франса, уздыхнуў і апусціў вочы. Трэба было ісці. У адрозненне ад Франса ён зараз адчуваў только пагарду.

Ён папраставаў ад святла проста ў цемру алеі.

Адмовіць у прымірэнні. Няхай, калі не верыць. З гэтым можна прымірыцца. Хоць і цяжка, але можна. Не кахае — няхай. Няхай нават тое, што ўся сям'я пакрыўдзіла і крыўдзіць далей. Але адмовіць вялікай ноччу ў пацалунку?! Такое рабілі толькі, калі між людзьмі ляжала кроў сваяка, блізкага сваяка, або самага лепшага друга. Такое рабілі толькі даносчыку на сваіх або бацьказабойцу.

Адмовіць у пацалунку ў вялікую ноч — такога не бывала. І ён вырашыў маўчаць. Яна, вядома, была ў бяспецы. І менавіта таму плаціць давялося б двум: Раўбічу і Франсу.

Канечне, ім. Бо Загоршчына амаль нічым не рызыкуе. На ўсё сухадольнае наваколле ён, Алесь, найлепшы стралок сярод маладых.

Нават калі б няўдача. Дакончыў бы пан Юры, таксама лепшы.

Вядома, помста. Але нашто? Нашто, калі ўсе яны — рабы кодэкса гонару. Дурасць. І ён таксама дужа разумны, ледзь не зрабіў так, як нейкі там дурны дзедзіц.

…Яго дагналі суровыя Мсціслаў і Кандрат. Пайшлі побач.

Кандрат радаваўся, што ён адзін стаяў тварам да Міхаліны і Алеся, што Галінка і Андрэй не бачылі нічога. Мсціслаў радаваўся, што бачыў усю брыдкую і незразумелую сцэну адзін ён. І кожны з іх імкнуўся трымаць сябе натуральна.

Алесь скоса зірнуў на бесклапотныя абліччы сяброў.

— Ану іх, абрыдла, — сказаў Кандрат.

— Папоўская дзікасць, — азваўся Мсціслаў. — Толькі і добрага, што паскі. Давайце, хлопцы, паспрабуем напіцца.

— Чаму не, — сказаў Алесь.

Здаецца, не бачылі. І гэта добра.

Ён ішоў і бачыў людзей. Мужыка, што стаяў як перад плахай, дзяўчыну ў сіняй з золатам хустцы, бабу ў намітцы, якая па дурасці і цямноце падпявае пеўчым замест "І сушчым ва грабех жывот дараваў" — "і сухі верабей заплот паламаў", — усё гэтае мора, якое звалася яго народам.

…Сябры селі на коней. Мсціслаў кінуў Кандрату павады заводнага каня.

Кандрат узвіўся ў сядло апошні, і, калі паглядзеў на занадта простую постаць дзядзькавага брата, рукі ў яго самі сціснуліся на павадах: "Д-добра".

З месца ўзялі ўгалоп. Проста ў ноч, пад зоры…

…Яны не бачылі сумятні, якая раптам пачалася сярод натоўпу, калі людзі сталі заходзіць у царкву.

Міхаліна Раўбіч упала непрытомная.

Палала смала. І проста пад высокія зоры ўзляталі галасы. Пяялі канон Дамаскіна "Уваскрэсення дзень".

…Коні ляцелі ў ноч.

У гэту ноч сябры вельмі моцна выпілі ў самай захудалай, самай беднай прыдарожнай карчме… А раніцай пан Яраш, давёўшы, урэшце, дачку да памяці распытаўшы яе, якая была прычына млосці, пахаладзеў ад думкі, што на родзе цяпер можна ставіць крыж.

— Ты разумееш, што ты нарабіла? Нават ворагу… Гэта толькі абрад, дзяўчо ты!

Яна не сказала больш ніводнага слова. Два дні Раўбічы чакалі. Пасыльны з Загоршчыны так і не з'явіўся. Выкліку на дуэль не было.

І тады пан Яраш і Франс расцанілі гэта як "помсту пагардай" з боку Загорскіх і тое, што Алесь сапраўды быў вінаваты. Правіна не напалохала іх. Помста пагардай — вельмі. Ім трэба было маўчаць аб гэтым. Толькі ім двом, якія ведалі.

Прымірэнне было ўжо немагчымае. На землях, якія ляжалі побач, на водах, якія плылі побач, сядзелі цяпер смяротныя, непрымірымыя ворагі.

1 ... 17 18 19 20 21 22 23 24 25 ... 164
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)