Каласы пад сярпом тваiм. Кніга другая. Сякера пры дрэве
- Автор: Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч
- Год: 1995
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- ISBN: 5-7880-0899-9
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм. Кніга другая. Сякера пры дрэве». Краткое содержание книги:
— Тфу, — сказаў Андрэй, — дурны ты.
— А што?
— Каб усе хаты дзяўчатам палілі, калі тыя здзекуюцца… Гэта ж страшна падумаць, што было б… Па ўсёй зямлі попел з ветрам гуляў бы.
…Шэсце тым часам трэці раз абыходзіла царкву. Жаўцелі бясконцыя агеньчыкі, ліліся парча і буркацель, звінелі галасы.
Вось ідзе пан Яраш. Ідуць іншыя. Але нашто глядзець на іх, калі вось плыве за імі… Трохі адстала ад усіх. Ідзе. Попельныя, з няўлоўным залацістым адценнем валасы. Пад матавай скурай на шчоках глыбінны празрысты румянец. Добры рот і вочы, якія глядзяць на бярозы, на шапкі граковых гнёздаў, на цёплыя льдзінкі зор.
Мсціслаў прымусіў Алеся адступіць са сцежкі, а сам зрабіў крок наперад.
— Міхаліна, хадзіце сюды.
Рука ў руцэ, некалькі непаразумелых крокаў па сцежцы… І вось яна ўжо тут, а Мсціслаў знік у натоўпе.
Яны стаялi i глядзелi адно на аднаго. Вычварна зламаныя бровы Майкi на хвiлiну вiнавата апусцiлiся.
І яшчэ — ён мог бы паклясціся — у гэтых вялізных вачах на хвіліну прамільгнула радасць, тая, якую не схаваеш, якой не падробіш.
— Майка, — сказаў ён, — Майка. — І дадаў, амаль уладна: — Калі можаш, вер мне.
Яна глядзела на яго змярцвелае аблічча і глыбокія вочы… Гэтыя вочы глядзелі так, што ў душы з'явілася падазрэнне, якое адразу перарасло ва ўпэўненасць: не вінаваты. Няўжо не вінаваты? Пэўна ж не вінаваты. Мсціслаў меў рацыю. Як яна магла нават падумаць, што ён мог быць вінаваты?! Найлепшы, чысты, сапраўдны, той, якога хацелася вечна бачыць, якому заўсёды хацелася пакласці на грудзі сваю галаву, забыцца, адчуць сябе слабай.
У гэты час ад бабінца даляцеў вокліч:
— Хрыстос васкрэсе із мертвых!..
І яшчэ. І яшчэ.
Яны не чулі. І толькі калі ўзляцелі ўгору галасы спевакоў — пад шаты голых бяроз, пад зоры, — яна зрабіла крок да яго.
Звінелі галасы.
Крок, крок. Яшчэ крок.
І ён ціха сказаў:
— Хрыстос васкрос, Майка.
І працягнуў да яе рукі.
Крок.
Iхнiя аблiччы раптам залiлiся вiнна-чырвоным. Гэта вакол царквы i вакол цвiнтара адначасова запалiлi паходнi i бочкi са смалой, i недзе наводдаль ад царквы пачалi страляць са стрэльбаў: стары, паганскi яшчэ звычай.
Зарыва трапятала на іхніх абліччах.
Ён стаяў перад ёю, нібы юнак з вогненнай печы, і працягваў рукі.
У яе ўпала сэрца. Каб гневаўся, каб нават груба, па-мужыцку ўдарыў яе — было б лягчэй.
Значыць, вінавата была яна. Без апраўдання.
Яна была не з тых, што даруюць сабе. Такога ўдарыць. Што толькі зрабіла?!
І раптам яе нібы азарыла страшным сполахам.
"Ну добра, былі першыя чуткі. Іх трэба было праверыць. Але тая, апошняя… Што ж было ў той плётцы? Чаму я разгневалася на яе, калі я сама ўвесь час, і ўдзень і ўначы, сама жадала гэтага і марыла аб гэтым.
Дрэнь. І з-за гэтага ледзь не штурхнула на дуэль, забараніла сустрэчы, аддала яго абразам, зрабіла ворагамі яму брата і бацьку. Хлусіла сама сабе і спалохалася, калі… І потым яшчэ смела патрабаваць ад яго чагосьці.
І ўзрадавалася, калі новая хлусня нібыта апраўдвала мяне такую, якая я ёсць… "Здаў у арэнду…", "Ездзіў з другой…" Але тая паехала адсюль… Але я хіба не разарвала яго душу згодай на ганебныя заручыны?
Забіць сябе мала было за ўсё гэта. Але хіба заб'еш? Значыць, пакараць так, каб потым мучыцца і пабівацца ўсё астатняе жыццё".
Яна не думала, што гэта замучыць і яго. Жорсткая, паглыбленая ў сябе маладосць, якая толькі сабе не даруе нічога, кіравала ёю.
"Забіць. Страціць. Як? Аддаць сябе самаму нялюбаму, раджаць яму нялюбых дзяцей. Таму, кім пагарджаеш. Таму, хто, — а напэўна, напэўна ён, яна цяпер прадчувала гэта, — з варожасці да пана Юрася, да яго, Алеся, і склеіў тую брыду. Што ж гэта я нарабіла?!"
Усе гэтыя думкі прабеглі ў яе галаве за якую хвіліну. Ён усё яшчэ падымаў рукі, дагаворваючы свой сказ:
— …Майка.
Яна глядзела ў яго вочы і адчувала, што ў яе падгінаюцца калені ад цеплыні і жалю. Зрабіць яшчэ крок, і…
Гэта быў бы пацалунак. Простае "хрыстосаванне" для іншых. Але яна ведала, што гэта будзе для яе.
"Палон. Астацца вечна. Навекі прызнаць для сябе (бо ён не будзе ведаць) сваю подласць. Ведаць, што за скурай шчаслівай пані сядзіць распусная (так, распусная, бо такой аддаць сябе за такога — гэта распуста), разважлівая гaдзіна".
Яна магла жорстка асуджаць. Ён уздымаў рукі… Яна не магла… Яна ведала — не вытрымае.
— Не, — сказала яна. — Не. — І скончыла амаль бязгучна: — Гэтага не будзе.
І кінулася ў натоўп.
Ён апусціў рукі і павольна пайшоў да выхада. Свайго аблічча ён не бачыў і здзівіўся б, што Мсціслаў, праходзячы паўз братоў, якія гаварылі з Галінкай Кахно, паклаў руку на Кандратава плячо: