Каласы пад сярпом тваiм. Кніга другая. Сякера пры дрэве
- Автор: Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч
- Год: 1995
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- ISBN: 5-7880-0899-9
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм. Кніга другая. Сякера пры дрэве». Краткое содержание книги:
— Бо тут Кагуты, — сказаў Алесь.
— Во шчасце якое, — наiўна сказала Янька. — А мы якараз хацелi ў Мiлае ехаць, каб цябе ўбачыць, Алеська.
Кандрат лёгка штурхнуў яе ў бок. Янька не зразумела і адказала брату штуршком, так, што ўсе заўважылі, і сціпламу Андрэю стала няёмка.
Янька глядзела на Мсціслава сінімі вачыма, бліскучымі, як мокрыя каменьчыкі: лавіла словы.
Мсціслаў стаяў і смяяўся.
— Я гэта чаму, — з удаванай наіўнасцю сказаў ён. — Я цябе хацеў знайсці. Я ў Загоршчыну — няма. Я ў Мілае — няма. Куды, думаю, цяпер?
У гэты момант удар звона пракаціўся над голымі яшчэ, але жывымі дрэвамі, паплыў пад свежыя і празрыстыя зоры.
— Пачынаецца, — сказаў Андрэй.
Яны рушылі бліжэй да царквы. Натоўп плыў туды ж і хутка адцёр Кандрата з Андрэем і Мсціслава з Алесем ад іншых.
— Ты малайчына, — сказаў Мсціслаў на вуха Алесю. — Значыцца, вырашыў: мір. Добра, памірым… Яна тут. Я назнарок праціснуўся ў царкву і паглядзеў.
І тут Алесь адчуў, што ён сапраўды больш за ўсё на свеце жадае міру і злагады.
— Зараз званы ўдзярбаняць, — сказаў Кандрат. — Асцярожна, хлопцы. Кажуць, часам ад такой прычыны з цвінтарных дрэў чэрці падаюць.
— Лухта якая! — скзаў Мсціслаў.
— Я і не кажу, што праўда.
— Людзі вераць, — сказаў Андрэй. — Таму што нібыта як людзі ў чысты чацвер свечкі дахаты данясуць і крыжы на ўсіх дзвярах паставяць, то нячысцікі з хат уцякаюць. Куды ім падзецца? На цвінтарныя дрэвы. Сядзяць галодныя, халодныя, бо злезці баяцца. Ну, а як бомкне велікодны звон — валяцца яны з дрэў, як грушы. Шмяк-шмяк! Некаторыя ногі выкручваюць.
— Ты глядзі, — сказаў Мсціслаў, — за гэткія ерэтычныя забабоны атрымаеце вы ад папа.
Ягоныя вочы смяяліся, і ў тон яму Андрэй сказаў:
— І няхай. Усё адно падаюць. Сачы, Алесь, можа, якога за хвост ухопіш.
— А ў яго хаданская мыза, — сказаў Мсцiслаў.
У Кандрата захадзілі жаўлакі на шчоках.
— Тады мы ўжо табе, Алеська, дапаможам. Ты яго толькi ў хмызы з Мсцiславам завалачы… каб начальства нас не бачыла. А там мы яго, каб вам рукi не пэцкаць, асвенцiм.
Зоры віселі над галавою. Прыціхлі дрэвы. З цвінтара спускалася рознакаляровая стужка людзей. Нібы з расплаўленага металу, цяклі і зіхацелі і пераліваліся рызы папоў. Ззяла на золаце крыжоў чырвонае зарыва ад соцень свечак. І над усім гэтым густа плыў бас дыякана:
— "Уваскрэсенне твае, Хрысце спасе, ангелi пяюць на небясех: i нас на зямлi спадобi чыстым сэрцам цябе славiцi".
Пад зоркамi мiж снежных бяроз, якiя сталi цяпер аранжавыя знiзу, плыло, агiнаючы царкву, шэсце: нiбы нехта павольна рассыпаў чырвоны мiгатлiвы жар.
Алесь зноў убачыў дзяўчыну ў сiняй з золатам хусце. Яна нiбы iмкнулася да агнёў, як сiнi i залаты сумны махаон. I раптам у яго адлягло ад сэрца: не магло здарыцца нiчога дрэннага, пакуль на зямлi iснавала надзея.
— Раўбічы, — голас Мсціслава ўпаў.
І адразу ўпала Алесева сэрца. Ён убачыў.
…Пан Яраш з Эвелiнай, Франсам, Стасем i Юллянам Раткевiчам iшлi паперадзе. Моцная Ярашава рука сцiскала свечку, змрочныя вочы глядзелi паўзверх галоў: ён, вiдавочна, думаў пра iншае. I такi ён быў моцны сярод гэтага натоўпу, i так клалiся на яго аблiчча i аблiччы суседзяў, на блiскучы жалезны бранзалет мяккае святло i змрок, што Алесь раптоўна здрыгануўся ад замiлавання да яго i да ўсёй гэтай сям'i.
Набліжалася Майка. Свечка ў тонкай руцэ злёгку нахілена — аплывае жаўтаваты воск. Вочы, як у бацькі, глядзяць паўзверх галоў, ці на белыя, як яе рукі, галіны бяроз, ці на агеньчыкі зор.
Маленькі рот зараз зусім не ганарысты, а добры і ласкавы.
"Майка. Майка. Майка".
Мінаюць. Зараз спыніць нязручна. Побач з ёю Стах. (Алесь не ведаў, што Стах узрадаваўся б.) Пераліваецца кранутая сям-там срэбрам белая кашміровая сукня.
— Шэсце жон-міраносіц, — сказаў ціха Кандрат.
І, забыўшыся, падтрымаў блюзнерства непапраўны Мсціслаў. Склаў бондачкай вусны і сказаў тонам старой ханжы-дзеўкі:
— Лідуша надзела парфірную сукню і пайшла ў царкву… Меланхолія!
І, сустрэўшы вочы Алеся, раптам зніякавеў:
— О… даруй, мілы!
Андрэй моцна схапіў Кандрата за плячо і павёў трохі далей.
— Патаўпешка, — сінія Андрэевы вочы звузіліся. — Дурное сяло. Ты што, не бачыш?
Яны спыніліся наводдаль. Кандрат пад позіркам брата апусціў галаву.
— Бачу, — нечакана сур'ёзна, з горыччу сказаў ён. — Не падабаецца мне гэта. Улюбіўся як чорт у сухую грушу.
— Не твая справа, — ціха сказаў Андрэй.
І раптам Кандрат ударыў нагою бярозавы ствол:
— Чорт. Ну, будзе яна яшчэ здзекавацца — спалю Раўбічы… Корчака знайду, і разам спалім.