Вастрыё стралы
- Автор: Разанаў Алесь
- Год: 1988
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 5-340-00061-3
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вастрыё стралы». Краткое содержание книги:
Паэзія Алеся Разанава прыкметная сваім зваротам да кардынальных з'яў часу, ёй характэрны пафас пераўтварэння i мастацкая смеласць. У кнізе прадстаўлены вершы-версэты: па сваёй будове яны нагадваюць балады i прытчы i спалучаюць у сабе апавядальную інтанацыю i філасофскую афарыстычнасць, сюжэтнае развіццё i роздум, рэальнасць i магію фантазіі. Апроч таго, у кнігу ўвайшлі паэтычныя мініяцюры «Квантэмы» i «Пункціры».
Перейти на страницу:
*
Вісіць на ўсходзе
чырвонае сонца,
з высокіх комінаў
цягнецца дым...
Людзі ідуць хто-куды
альбо стаяць — гамоняць
і зважаць не зважаюць,
што будучыня ўжо адпрэчвае
гэты дзень.
*
Сонца адно: ян о,
зямлі дзве: дзённая i начная,
чалавека — тры:
маці, бацька, дзіця...
Выходзім па-за сябе безупынна, каб стаць
адзінымі ўрэшце.
*
Смерць косіць салому —
зярнят скасаваць не можа:
ратунак у плёне,
у лішку.
*
Дзіця вучыцца вымаўляць
свае першыя словы.
Дарослыя слухаюць:
раптам яно скажа тое,
чаго яны ўжо не могуць сказаць.
*
Сосны ўзышлі
на самы высокі ўзгорак.
Стаяць, разважаюць:
куды далей?
*
Той крок,
які я не здолеў ступіць напрасткі,
ператвараецца ў мноства крокаў
па крузе.
*
Каменьчыкі ў ручаі.
Людзі не могуць узяць з сабой ручая —
бяруць з сабою
каменьчыкі.
*
Сустракаюся ў думках з тымі,
каго няма побач.
Для кагосьці
i я таксама ўспамін,
для кагосьці
i я гэтаксама думка.
*
Пусцее наўколле:
праз кроны дрэў
замігцелі зоркі.
*
Мёртвы ў мінулым,
жывы ў сучасным
i неўміручы ў будучыні —
куды б чалавек ні ішоў,
вядзе з сабой
раздарожжа.
*
Блукаю
па незнаемым горадзе.
Ніхто мяне тут не спаткае,
ніхто не пярэйме,
ніхто не скажа:
ты сёння не гэтакі, як звычайна.
*
Хіба я ведаю,
чаму я ўчора думаў адно,
а сёння другое,
чаму ўчора быў у адным настроі,
а сёння ў другім...
Мне часам здаецца,
што я рука,
у якой ёсць свой уладальнік.
*
Раніца.
Дворнік мяце тратуар —
ніяк не патрапщь
змесці свой цень.
*
Чакайце, птушкі,
чакайце, дрэвы,
чакай, зямля,—
куды вы без чалавека?!.
*
Які ты — неўпрыкметку
упэўнішся шматкроць.
А вершы — гэта сведкі
i за цябе, й супроць.
*
Світае.
3 глыбінь чалавечага сну
уваскрасаюць сонца
i — чалавек.
*
Я там ужо быў,
i гэта я ўжо рабіў,
i тое ўжо зведаў...—
стаю сярод белага дня
з жыццём ашчаджоным для невядомай
справы,
для невядомай думкі
i для невядомага дня.
*
Чалавек:
упадае ў жыццё
вадой,
выпадае —
лёдам.
*
Тут — спёка,
там — сцюжа,
тут — дужа цяжка,
а там — залёгка,
тут — я занадта шматстайны,
а там — занадта самотны...
Усё жыццё шукаю сябе,
што быў бы не мной,
a кімсьці.
*
Канчаецца лета:
лісце
туліцца да галіны,
галіна — да дрэва,
дрэва — да каранёў.
*
Растае снег.
А ён жа так шмат абяцаў,
калі падаў.
*
Ішоў па зямлі,
еў яблыкі,
зярняты збіраў
i высейваў у дол...
Калі прайду ўсю зямлю —
вярнуся
ў квітнеючы сад.
*
Як бы ні мкнулася дрэва
ў неба,
яно ўсё роўна
не дасягае неба...
Але, магчыма,
ніякага іншага неба няма,
апроч самога імкнення.
Перейти на страницу: