У тумане
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 1989
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 5-340-00004-4
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «У тумане». Краткое содержание книги:
Трохі пастаяўшы ў нерухомасці і пацікаваўшы навокал слыхам, Войцік яшчэ паразважаў і памалу пашкандыбаў травяністай лесавой дарожкай да недалёкай гравійкі. Паблізу ад яе ён прыпыніўся, паслухаў і зноў пайшоў, сігаючы шырокім, аднак, асцярожным крокам. Ля разложыстага ляшчынавага куста вылез на ўзлесак. Хвоя, пад якой ён стаяў, высілася крыху воддаль, да хвоі ён не пайшоў, паўзіраўся адсюль — фурманак на дарозе ўжо не было. Значыць, яны паехалі. Ці, можа, ад'ехалі куды ў іншае месца? Але не было нідзе і каня. Ён яшчэ паслухаў, паўзіраўся — шумеў голлем вецер, пачаў накрапваць сцюдзёны дожджык; станцыя ўдалечы ўжо сціхла, была, мабыць, глыбокая ноч. Ну, ведама, падумаў Войцік, каня яны не маглі абысці. Каня яны прыхапілі з сабой.
Ён яшчэ раз са злосцю памянуў гэтага недарэку Бурава і яго неразумнае патуранне Сушчэню. Падумаў, што, мусіць, няма ўжо ніякай рацыі марна тырчэць тут, у гэтым праклятым лесе, трэба, пакуль не развіднела, падавацца ў Зубраўку і далей у партызанскую пушчу. З заданнем нічога не выйшла, заданне правалілі, хай пасылаюць іншых. Ва ўсякім выпадку, віны тут за Войцікам ніякай няма, ва ўсім вінаваты Бураў.
Гэтую лесавую дарожку ён трохі запомніў з учарашняга, паселішчаў паблізу быцца нідзе не было, і, мабыць, яму можна пакуль не баяцца. Хіба што далей тут недзе былі невялічкія Бабічы, але Бабічы можна, напэўна, абысці стараной, і Войцік жвава пашыбаваў тою дарогай, прыемна саграваючыся на хаду і ўсё ж несучы ў душы агорклае адчуванне няўдачы — паехалі двое на конях, а вяртаецца адзін пёхам. А галоўнае — немаведама што сталася з Буравым. Як ён раскажа аб тым у атрадзе?
Аднак у змрочным хваёвым лесе дарожка стала болей прыкметнай, ён ужо слепа не збочваў з яе і не натыкаўся на сучча падлеску. Здаецца, пачынала днець, начны змрок туманнай шэрасцю выціскаўся прэч з лесу, асядаў у голлі хваін. Як заўжды, ранак нёс трохі бадзёрасці пасля начной бессані. Войцік паспакайнеў, сагрэўся, аднак не страціў пільнасці, ступаў ціха і неяк знянацку ўчуў асцярожны старонні гук. То быў трэск галля пад нагамі — спрактыкаваным слыхам Войцік гэта вызначыў пэўна. Ён стаіўся ля маладой хваіны, паслухаў і неўзабаве згледзеў, як непадалёк у гушчары, неяк дзіўнавата-няпэўна ступаючы, нехта крадзецца — ужо ці не мядзведзь гэта? То ідзе разгоніста прама, то быццам замірае, аглядаючы шлях і ўслухоўваючыся. Во ён схаваўся за разложыстай елкай з апушчанымі долу сукамі, выйшаў зноў. І Войцік хутчэй здагадаўся, чым згледзеў у паўзмроку, што гэта ж чалавек нешта на сабе нясе. Ці не другога чалавека?
Няпэўная яшчэ здагадка стукнулася ў свядомасці Войціка, і ён, нерашуча сышоўшы з дарогі насустрач, ціха гукнуў:
— Бураў?
Чалавек, відаць было, знерухомеў, угледзеўся ў яго, але не кінуў ношу, а толькі выпрастаў з-пад яе галаву і азваўся:
— Таварыш Войцік?
— Войцік, ага. А ты…
Ужо нешта сцяміўшы, Войцік запаволеным крокам ішоў па мяккім імшарніку да начнога сустрэчнага. І перад ім усё болей выплывала з паўзмроку крутаплечая постаць Сушчэні з вінтоўкай на шыі, якую той, аднак, не спяшаўся хапаць у рукі і тым трохі супакойваў Войціка.
— Спаткаліся, называецца? — без жаднае злосці, хутчэй паныла сказаў Войцік. — Што з Буравым?
Мабыць, Бурава параніла-такі здорава: куля, здаецца, прабіла бок навылёт, і ён марудна сплываў крывёю. Прытомнасць яго знікала, растварылася ў болю, які нясцерпнай пякельнасцю ахапіў цела, сэрца захліпнулася, і ён праваліўся ў пакутны свет зданяў. Аднак тыя яго пакуты ў непрытомнасці былі зусім іншыя, чым наяве, там ён трываў болей душэўна, а фізічна адчуваў сябе хіба дашчэнту знямоглым, з ватнымі нагамі, такімі ж пазбаўленымі сілы рукамі. Аднак ён трымаўся імі за край кузава сваёй палутаркі, якая кацілася пад адхон па дарозе да Залескага возера, дзе быў масток цераз пратоку ў другое, меншае, возера. Ды ўся бяда ў тым, што масток той знік, на берагах нават не засталося ягонага следу, палутарка разгоніста набірала хуткасць, і ён не мог ускараскацца ў кузаў, каб неяк спыніць яе. Чаму яна пакацілася, таго ён не ведаў, можа, ён не паставіў на тормаз, а можа, там хто кіраваў ёю, але, так ці інакш, неўзабаве машына павінна была скульнуцца з абрыву.
Бураў енчыў, крычаў, ды крыку яго не чуў тут ніхто, хоць побач ішлі і ехалі людзі, але гэта былі дзіўныя людзі, быццам вайскоўцы, толькі ў нейкай незнаёмай форме, у рудых шынялях — японцы, ці што? І ўсе яны былі з акулярамі на плоскіх тварах і ўзіраліся ў яго, але ні адзін не памог яму. І вось урэшце машына паляцела з абрыву, і ён разам з ёю. Толькі ў пратоку яна не ўпала, яна ўзнялася ў паветра, ягоныя ногі адарваліся ад зямлі, ён падняўся, учапіўся за борт, і той іх палёт нечакана здаўся мяккім, плаўным, нават прыемным, калі б не страх вышыні. Зямля аддалілася, знікла, навакол была цёплая лагодная прастора, у якой прагырчэў чыйсьці голас і сціх. Здаецца, голас пытаўся штосьці, але Бураў не мог зразумець, хто і пра што пытаецца, тое прычыняла яму пакуты, як і яшчэ адна акалічнасць: вакол стала цёмна, і ён занепакоіўся — як жа ў цемры спусціцца яму на зямлю з няўключанымі фарамі?