Выбраныя творы ў двух тамах. Том І
- Автор: Казько Віктар
- Год: 1990
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 5-340-00518-6
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Выбраныя творы ў двух тамах. Том І». Краткое содержание книги:
Але вада прыбывала і прыбывала, занепакоілася жывёла ў хлеўчуках. Яе непакой перадаўся гаспадыням. I яны перш-наперш, падпарадкоўваючыся нейкаму загаду, якога ніхто ім не даваў, выгналі з хлявоў жывёлу і кінуліся ратаваць бульбу. Не прыёмнікі і тэлевізары, не сваё дабро, што пажылі пасля вайны, не падушкі і пярыны — што, здавалася б, больш за ўсё баялася вады,— бульбу. Чырвонымі ад холаду рукамі жанчыны выграбалі яе з вады, паграбоў і сцёбак, а дзе магчыма было даступіцца — і капцоў, чырвоную і белую, скараспелку і ракаўстойлівую, і зносілі яе да лодак, яшчэ не маючы ў галаве, куды звозіць, дзе схаваць. А калі дайшла чарга і да гэтага, зняможана апусцілі рукі. Вада ўжо была паўсюдна, куды ні кінь вокам, на ўсе чатыры бакі. Сярод стрэх хат і хлявоў, якія адразу ж сталі. такімі бездапаможнымі, сярод электраслупоў, што панура звесілі да вады такое, здаецца, нетрывалае зараз павуцінне дратоў, цьмяна вылучаўся адзіны толькі ўзгорбак — астравок зямлі.
Могілкі вада не кранула, не паднялася да могілак, а мо й пашкадавала, спынілася каля плота, ля капліцы. Пашкадавала не толькі іх вясковыя могілкі, але і тыя магілы, што належалі невядома каму, магілкі, якія насыпамі белага пяску спакон веку ўзвышаліся над вёскай. Да могілак і кінуліся людзі. Першую лодку, човен, гнала старая Махахеіха. Веславаў, праўда, сам Цімох Махахей, але Махахеіха сядзела наперадзе і сваім чорным носам-дзюбай як бы кіравала ім, і ў тым, як яна сядзела ў гэтым чоўне, як рашуча гнулася і распрамлялася, і нават у паглядзе, было нешта вельмі нядобрае. Да таго нібыта прывязаныя да родных селішчаў і не ланцугамі і вяроўкамі, а нечым больш трывалым, непарыўным, следам за Махахеем паплылі і іншыя лодкі. Барздыкі, Махахеі, Роўды прыставалі да берага, падцягвалі лодкі і чаўны і спяшаліся кожны да свайго блізкага. Тое, што належала не ім, з чым яны былі ніяк не звязаны — старажытныя насыпы з жоўтага пяску,— абыходзілі, не краналі, не трывожылі спакою чужых нават у ліхую для сябе часіну. Мо і грэбавалі, захоўвалі сябе, чысціню сваю, імкнуліся да сваіх, хай і мёртвых, але сваіх.
— Ты прабач, прабач, Іване,— ціха прамовіла Ненене, пакланілася ў пояс роднай магілцы, потым яшчэ двойчы пакланілася і астатнім.— Я яшчэ не па вечнае карыстанне ў зямельку. Ноччу ты ў мяне гасцяваў, удзень я да цябе прыйшла. Не ад дабра да цябе, ад ліха.
— Ой, ліха-лішанька,— завыла, успляснула рукамі Барздычыха.
— Памаўчы,— сурова спыніла яе старая Махахеіха.— Не той час, самі. бачаць... Не крыўдуй, Сцяпане, паціснісь тут, нам месца дай, не праклінай...
— Ратуй, мама...
Хто гэта выгукнуў, хто ўзмаліўся, па голасу Ненене не паспела пазнаць, зноў залямантавала Барздычыха:
— А татачку мой, а мамачка родненькая, а ці думалі-гадалі, што вашы дзеткі на магілках вашых хавацца будуць. Прабачце вы мне, прабачце, людцы добрыя.
I адразу, не паспела Ненене падумаць, што тут адбываецца, ці не вайна зноў пачалася і таму жывыя зноў прыйшлі і звярнуліся да мёртвых, усталявалася цішыня. Ні галашэння, ні ляманту, ні ўздыхаў. Жывыя аддалі ці палічылі, што аддалі ўсё, што трэба, мёртвым. Пачалася праца. Захлынулася на паўслове, перакуліла вядро з бульбай Барздычыха, і бульба мякка, амаль бязгучна пасыпалася на магілку. I на іншыя магілкі сыпалася ўжо яна, вылежалая, прыгатаваная для зямлі і лунатая, таму што чула ўжо вясну і зямлю, чула і рыхтавалася ўжо выбухнуць у вясну і зямлю гэтым сваім лупатым вокам, прастрэліць зямлю і вясну вострым верацяном-парасткам.
Суровымі цёмнымі мачтамі ўзвышаліся над могілкамі, пад тымі, хто даўно ўжо выправіўся ў апошні свой шлях, і над тымі, хто з'явіўся сюды, каб знайсці тут паратунак, крыжы, патрэсканыя ад часу і ад няспыннай працы, дзе самым руплівым працаўніком быў той жа самы час, паўсюдным працаўніком — і на зямлі і пад зямлёй. Па завядзёнцы, па першым, пэўна, яшчэ нябожчыку, крыжы тут ставіліся вялізныя, дрэва для сваіх не шкадавалі, працы таксама, рыхтавалі ў далёкую дарогу старанна. Але крыж крыжам, хоць да неба ўзнясі ты яго і не з дрэва, а з каменю ці бронзы пастаў, толькі зямелькі, як ні круці, як ні вярці, як ні спрыяй свайму роднаму чалавеку, а больш двух метраў — не ўхопіш. I магілкі гэтыя, два метры чаўна, ладдзі ці палескага дашчаніка-душагубкі, выглядалі ў параўнанні з крыжамі кволымі і ненадзейнымі. Асабліва абвострана гэтая кволасць і ненадзейнасць адчуваліся ў сувязі з тым няўчассем, якое стаяла зараз: жыццё — трава, ліст яшчэ не праклюнуліся, і ўсё вакол было шэрым і сумным, як вока позняй восені ці то ранняй вясны. Але людзі, што рушылі гэтым днём на могілкі, усё ж спадзяваліся выплыць, кожны на сваім чоўне-магілцы, кожны на сваім нябожчыку, а карабель быў на ўсіх адзіны — пагост. I ён таксама быў аснашчаны мачтамі, цёмнымі вячыстымі дубамі з адмерлым і жывым веццем, старымі ўсхваляванымі хвоямі. I на гэтыя дубы і хвоі, на жывое і адмерлае вецце людзі ўжо вешалі, каб сохлі, коўдры, ручнікі, каляровымі ручнікамі абвязвалі крыжы. Дапамагалі адзін аднаму, хто чым мог, былі такімі ж адзінымі і дружнымі, як у вайну ці то адразу пасля вайны, калі мала яшчэ чаго хто з іх меў, калі іх адзіным агульным скарбам было толькі гора.